Вы тут

Патэнцыял свабоднай эканамічнай зоны мае значны рэзерв


Нарошчваць экспарт — такую задачу ставіць кіраўнік дзяржавы перад урадам. І разлічваць на вынікі ёсць усе падставы — у краіне створаны тэрыторыі з ільготамі і прэферэнцыямі для вытворцаў і інвестараў. У Гродзенскай вобласці такая свабодная эканамічная зона займае плошчу больш за 4 тысячы гектараў у Гродне і сямі райцэнтрах. Пакуль задзейнічаны далёка не ўсе ўчасткі. Таму зараз перад СЭЗ «Гроднаінвест» стаіць задача прыцягнуць новых рэзідэнтаў з драйвер-праектамі.


Шпаркія крокі лагістыкі

Як запэўніў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» Сяргей Ткачэнка, новыя рэзідэнты прыходзяць. Напрыклад, аўтаканцэрн «Шкода» плануе ў хуткім часе наладзіць вытворчасць жгутоў на прадпрыемстве «Радыёхваля», дзе пустуюць вялікія плошчы. Пад новы праект рыхтуецца адзін з такіх карпусоў. Ён будзе цалкам пераабсталяваны, заменены ўсе камунікацыі. Паралельна вядзецца набор персаналу, усяго будзе ўладкавана 370 чалавек. На заводзе ўжо дзейнічае некалькі праектаў з вядучымі еўрапейскімі вытворцамі легкавых аўтамабіляў і створана каля 600 новых рабочых месцаў.

Яшчэ адзін новы, але перспектыўны кірунак — лагістыка. Літаральна днямі прайшлі перагаворы з прадстаўнікамі нямецкага канцэрна па стварэнні на тэрыторыі СЭЗ мульцімодульнага цэнтра лагістыкі.

— Лагістыка набірае абароты, — заўважыў Сяргей Ткачэнка. — І гэта невыпадкова. Гродна — выгадны транспартны калідор, а ў межы СЭЗ уваходзяць участкі з міжнароднымі пунктамі пропуску і аэрапортам.

Толькі летась у якасці рэзідэнтаў СЭЗ зарэгістравана 7 кампаній з такім відам дзейнасці з Польшчы, Беларусі, Кітая і Расіі. Частка з іх ужо аказвае лагістычныя паслугі. Агульны аб'ём інвестыцый складзе больш за 60 мільёнаў еўра.

Экспарт прадукцыі расце

СЭЗ займае значную долю ў экспарце Гродзенскай вобласці — 43 %. І гэты паказчык не стаіць на месцы. За першы квартал экспарт вырас даволі значна — амаль на траціну. Галоўныя рынкі — Расія (61 %), Украіна (13 %), Польшча (12 %). Значную долю паставак складае Еўразійскі эканамічны саюз. Праўда, гэты напрамак пачынае саступаць новым.

Па словах Сяргея Ткачэнкі, рынак перабудоўваецца на карысць краін СНД і ЕС. Зараз доля еўрапейскіх краін складае 20 % экспарту. А ўсяго тавары рэзідэнтаў СЭЗ накіроўваюцца ў 50 краін свету.

Нарошчваецца і выпуск прадукцыі. Рэзідэнты СЭЗ выпускаюць чвэрць прамысловых тавараў рэгіёна. Драйверамі сталі прадпрыемствы харчовай прамысловасці, фармацэўтыкі, хіміі і нафтахіміі.

Але стабільна галоўную долю вытворчасці складаюць дрэваперапрацоўка і вытворчасць мэблі. Рэзідэнты экспартуюць таксама мінеральныя ўгнаенні, рапсавы алей, гумовыя і пластмасавыя вырабы.

У чым рэзервы

Летась Указам Прэзідэнта тэрыторыя СЭЗ «Гроднаінвест» пашырылася на 660 гектараў. Частка тэрыторыі дасюль пустуе. На гэта была звернута ўвага ў Камітэце дзяржкантролю. Па словах першага намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Аляксандра Садаўнічага, неабходна больш актыўна асвойваць новыя зямельныя ўчасткі.

— Зона развіваецца, асабліва ў галіне інфраструктуры, — кажа ён, — але асваенне новых зямель ідзе марудна, не ўсе ўчасткі задзейнічаны пад інвестпраекты. Таксама ёсць праблемы з навядзеннем парадку на гэтых участках. Паколькі там няма гаспадароў, іх мала хто кантралюе.

Між тым у адміністрацыі СЭЗ бачаць яшчэ адзін рэзерв эфектыўнай работы. На думку Сяргея Ткачэнкі, у складзе свабоднай зоны значная колькасць ведамасных прадпрыемстваў з дзяржаўнай формай уласнасці, якія маюць рэспубліканскае падпарадкаванне. На іх працуе 80 % усіх работнікаў. Але гэтыя прадпрыемствы не маюць такіх прыбыткаў, як іншыя бізнес-праекты. Адпаведна і заработная плата там значна ніжэйшая.

Даволі вялікая частка плошчы такіх прадпрыемстваў не задзейнічана, хоць яны працуюць у аднолькавых умовах з іншымі. Такі падыход варта перагледзець, лічыць Сяргей Ткачэнка. Пакуль, па яго словах, уласнікі на ўзроўні краіны не прымаюць ніякіх рашэнняў па рэарганізацыі, гэта тармозіць далейшае развіццё СЭЗ.

Разам з тым новыя зямельныя ўчасткі часткова засвойваюцца. Вызначаны інвестары па 210 гектарах, што складае траціну новай тэрыторыі. Інвестыцыі складуць 320 мільёнаў еўра. Сяргей Ткачэнка звяртае ўвагу на марудны працэдурны працэс: некаторыя моманты патрабуюць урадавых перагавораў, як, напрыклад, інвестыцыйны дагавор па пераапрацоўцы драўніны ў Свіслацкім раёне.

Замест вытворчасці — паслугі?

— Праблема пустых плошчаў датычыцца не толькі тэрыторыі СЭЗ, але і іншых прадпрыемстваў горада. Пры гэтым для рэзідэнтаў створаны больш спрыяльныя ўмовы. Зрухі СЭЗ у гэтым кірунку павінны стаць больш відавочнымі, — лічыць намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык. Між тым, па яго словах, за апошні час у Гродне на тэрыторыі СЭЗ не зарэгістравана ніводнага «прарыўнога» праекта.

— У гарадскіх улад ёсць вопыт прыцягнення замежнага капіталу. Але для інвестара-вытворцы больш прывабная тэрыторыя СЭЗ, дзе няма аўкцыёнаў, затое нямала льгот. Выканкам займаецца сферай паслуг — фарміруем зямельныя ўчасткі, аб'екты нерухомасці. Калі СЭЗ не здужае засвоіць сваю тэрыторыю, можа, ёсць сэнс перадаць яе гораду для развіцця сферы паслуг? — задаецца пытаннем Андрэй Болтрык.

Для турыстычнага бязвізавага Гродна гэты кірунак дзейнасці становіцца актуальным. Напрыклад, цяпер у горадзе сфарміравана каля 10 участкаў для дробных праектаў з аб'ёмам інвестыцый 50—100 тысяч долараў.

А вось праблема незапатрабаваных плошчаў, у тым ліку на тэрыторыі СЭЗ, застаецца нявырашанай. Па словах прадстаўніка прадпрыемства «Радыёхваля», некаторыя плошчы наўрад ці будуць калі-небудзь задзейнічаны. Раней прадпрыемства было разлічана на работу 7 тысяч чалавек, зараз тут менш за 1,5 тысячы. Таксама цяжка ўвесці ў абарот незавершанае будаўніцтва. Для інвестара больш прывабныя пустыя ўчасткі, дзе можна будаваць свае магутнасці, адзначаюць у адміністрацыі СЭЗ. Усе гэтыя акалічнасці тармозяць работу свабоднай эканамічнай зоны, якая, дарэчы, па выніках мінулага года лідзіруе ў краіне і па росце экспарту, і па аб'ёме замежных інвестыцый.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Драйвер-праекты для рэзідэнтаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».