Вы тут

Як правільна вырошчваць тыбецкую маліну


Дачнікам пастаянна хочацца чагосьці новенькага, незвычайнага, каб здзівіць сяброў і пахваліцца перад суседзямі. Апошнім часам хітом стала ажына-клубніца, або маліна ружалістная.


Гэтую расліну часцей называюць ажына-клубніцай, радзей тыбецкай малінай, ружалінам, сунічнай малінай, малінікай, маліна-клубніцай, а часам міжвідавым гібрыдам суніцы з ажынай. Але на самай справе гэта адзін з відаў маліны — маліна ружалістная. Родам яна з Паўднёва-Усходняй Азіі, адкуль і падарожнічае па свеце пад англійскай назвай клубніца-маліна (суніца-ажына). Да нас яна трапіла з Прыбалтыкі, дзе ўжо трывала асвоілася. Ажына-клубніца добра прыжываецца, хутка разрастаецца і выдатна зімуе без хованкі. Гэта параўнальна невысокі (60—100 см) паўкуст з чырванаватымі калючымі галінкамі і прыгожымі ярка-зялёнымі гафрыраванымі, зубчастымі па краі лістамі. Кветкі белыя, даволі буйныя. Чырвона-каралавыя, бліскучыя, вельмі яркія, як быццам бы падсвечаныя знутры, ягады дыяметрам да 4 см глядзяць уверх, а не хаваюцца пад лісцем, і таму бачныя здалёк. Выспяванне пачынаецца ў ліпені і доўжыцца да замаразкаў. Пік збораў прыпадае на жнівень, калі познія гатункі маліны ўжо перастаюць пладаносіць.

Асаблівых патрабаванняў да ўмоў вырошчвання ажына-клубніца не прад'яўляе: для пасадкі падыдзе добра асветленае месца, абароненае ад ветру, з урадлівай глебай і без застою вады. Догляд нескладаны. Расліна вільгацелюбівая, у сухое надвор'е яе трэба паліваць, падкормкі праводзяць вясной і ў канцы лета, праполкі — па неабходнасці. Глебу вакол кустоў мульчыруюць торфам або кампостам. Каранёвая сістэма павярхоўная, таму рыхліць зямлю трэба асцярожна і неглыбока. Позняй восенню сцёблы адміраюць, як у маліны, і іх зразаюць на ўзроўні зямлі. Перад зімой радкі прысыпаюць торфам або пілавіннем пластом 10—15 см. Вясной з'яўляюцца маладыя парасткі. Кусты разрастаюцца хутка, нават агрэсіўна, таму лепш абмяжоўваць пасадкі, укопваючы па перыметры лісты бляхі або шыферу. Раскарчоўку плантацыі трэба выконваць старанна, расліны лёгка аднаўляюцца з пакінутых у глебе карэнішчаў.

Істотны недахоп — ажына-клубніца вельмі калючая. Шыпы, як у шыпшынніка, растуць не толькі на галінках, але і на ніжнім баку лісця. Даглядаць расліны трэба ў трывалых пальчатках і закрытай вопратцы, каб пазбегнуць драпін, а засохлыя парасткі лепш спальваць.

У апорах расліна звычайна не мае патрэбы, але можна вырошчваць яе на шпалеры або ў выглядзе невысокай жывой загарадзі. Таксама яна выдатна пачуваецца ў кантэйнерах.

Размнажаецца каранёвымі атожылкамі і дзяленнем куста. З кожнага карэнішча вырастае некалькі парасткаў, таму патрэбы ў вялікай колькасці пасадачнага матэрыялу няма.

Ландшафтныя дызайнеры ўжо па заслугах ацанілі прыгажосць гэтай садовай навінкі, а гурманскі смак ягад, які нагадвае касцяніцу, ажыну і шаўкоўніцу. Ажына-клубніца з'яўляецца дэкаратыўнай большую частку сезона, асабліва калі кусцікі ўпрыгожаны кветкамі і пладамі. Яе можна размясціць на альпійскай горцы або на фоне газона. У любым выпадку гэта экзатычная расліна будзе радаваць вока.

У варэннях, сырых джэмах і жэле ягады захоўваюць тонкі водар лясных суніц, з іх атрымліваюцца вельмі смачныя морс і віно. Яркімі бліскучымі ягадкамі можна ўпрыгожваць тарты.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».