Вы тут

Як педагогу стварыць умовы для асабістага росту студэнта?


«Работа электрычных ланцугоў падпарадкоўваецца закону Ома. «Не ведаеш закон Ома — сядзі дома!» Але што адбудзецца з электрычнымі прыборамі і тэхнікай, калі закон Ома перастане дзейнічаць? Распрацуйце гульню, дзе рэалізуецца сістэма электразабеспячэння жылога дома, у якой перастаў дзейнічаць закон Ома. Вызначыце ключавыя падзеі, якія могуць адбыцца, і шляхі выхаду з сітуацый». Як вы думаеце, ці будзе цікавае навучэнцам такое заданне?

Ці вось яшчэ адзін прыклад. «У 1914 годзе пачалася вайна, якая, на думку гісторыкаў, прывяла да катастрофы чалавечай цывілізацыі. Уявіце сябе нямецкім дыпламатам пачатку ХХ стагоддзя і напішыце сакрэтную службовую запіску аб становішчы ў Еўропе перад вайной. Паразважайце, ці была альтэрнатыва ёй, прывядзіце тры аргументы, што трэба было зрабіць, каб прадухіліць вайну».

І першае, і другое заданні прыдумалі слухачы аўтарскага курса «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава», які вядзе рэктар БДУ, прафесар Андрэй КАРОЛЬ. Яго курс акумулюе больш чым дваццацігадовы навуковы вопыт і веды ў галіне эўрыстычнага навучання. Гэта своеасаблівая школа педагагічнага майстэрства для тых, хто гатовы адарвацца ад старых пажаўцелых канспектаў, адысці ад лекцыйнай формы навучання і паглядзець на вучэбны працэс пад іншым вуглом.

Ці можа выкладчык стварыць «матывацыйную варонку» для студэнта? Як актывізаваць крэатыўнае мысленне? Наколькі апраўданы інфармацыйны падыход у адукацыі, калі вучань разглядаецца ў якасці чыстага ліста, які трэба абавязкова запоўніць? А ці можна ўвогуле сумясціць акадэмічныя традыцыі і адукацыйныя інавацыі? Аб усім гэтым разважалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у сценах Белдзяржуніверсітэта. Удзел у дыскусіі ўзялі выкладчыкі з розных факультэтаў універсітэта і расійскія госці — прадстаўнікі навукова-тэарэтычнага часопіса «Педагогіка».


Інавацыі дзеля інавацый?

Раней адукацыйныя стандарты заставаліся нязменнымі на працягу дзесяці-дваццаці гадоў, а цяпер кожныя год-два кампетэнцыі, што патрабуюцца ад выпускнікоў, пераглядаюцца. Таму востра стаіць пытанне: чаму вучыць студэнта?

— Вельмі шмат інавацый прапануецца апошнім часам на ўзроўні формаў і метадаў, надзвычай актыўна прасоўваецца дыстанцыйная форма навучання. Але ў мяне заўсёды ўзнікае пытанне: а для чаго мы гэта робім? Для развіцця крэатыўнасці? Упэўнены, што наперадзе ўсіх нашых інавацый павінны быць мэта і разуменне таго, як нашы дзеянні адаб'юцца на студэнце ў канчатковым выніку, — падзяліўся сваімі думкамі і сумненнямі з калегамі Андрэй Кароль.

— Падчас маёй працы намеснікам дырэктара Інстытута інавацыйнай дзейнасці ў адукацыі асноўную сваю задачу мы бачылі ў тым, каб не проста збіраць інавацыі. Вядома, іх трэба збіраць, ствараць банк... Але наша першачарговая задача была ў тым, каб выяўляць магчымасці для рэалізацыі і тыражавання гэтых інавацый, глядзець, у чым прычына затрымак, чаму яны або зусім «не пайшлі», або ўкараняюцца з такой хуткасцю, што і сэнсу няма іх рэалізоўваць, выпрацоўваць нейкія крытэрыі для ацэньвання іх эфектыўнасці, — канстатуе галоўны рэдактар часопіса «Педагогіка», доктар педагагічных навук, прафесар Руслан БАЗІЕЎ. — Не варта забывацца, што за любымі нашымі дзеяннямі стаіць лёс канкрэтнага студэнта (навучэнца). І мы можам колькі заўгодна практыкавацца ў сваіх інавацыях, а потым высветліцца, што мы проста адбіралі час у гэтага чалавека...

Андрэй Кароль упэўнены, што каштоўнасць ведаў залежыць ад спосабу іх атрымання, аднак студэнтаў і навучэнцаў пазбаўляюць магчымасці ўдзельнічаць у кухні па іх «прыгатаванні», а проста падаюць на сподачку ў гатовым выглядзе... І вось тут узнікае пытанне: а што такое адукацыя ўвогуле? Працэс перадачы і засваення новых ведаў? Трансляцыя гатовай інфармацыі, упакаванай і расфасаванай па розных дысцыплінах і вучэбных планах, чужога сацыяльна адаптаванага досведу ці набыццё свайго, стварэнне ўласнага адукацыйнага прадукту? Адукацыя — гэта дыялог або маналог?

— Чалавек сёння ўсё больш маўчыць, не ў літаральным сэнсе маўчыць, а таму, што яму проста няма чаго сказаць. З усіх бакоў мы чуем пастаяннае тыражаванне чужых цытат і фраз. Але ці можна глядзець на свет нестандартна і нешаблонна, калі табе транслююць стандартную шаблонную інфармацыю? — разважае рэктар БДУ. — Атрыманае ад іншых, як правіла, хутка страчваецца. Другі фактар — чалавек не толькі маўчыць, але і дрэнна чуе. Дрэнна чуе іншага, таму што дрэнна чуе сябе. Адсюль высокая ступень трывожнасці, шаблоннасць паводзін і мыслення.

Цяга да ведаў знікае разам з пашырэннем доступу да любой інфармацыі. Інфармацыя крадзе, паглынае сэнсы. Але веды і інфармацыя — усё ж розныя паняцці... Што такое эўрыстычнае навучанне? Гэта навучанне на аснове дыялогу. Найважнейшым яго элементам выступае адкрытае заданне, на якое ў кожнага можа быць свой адказ і якое раскрывае ўнутраны патэнцыял навучэнца, матывуе яго на пошукі... Функцыі выкладчыка (настаўніка) пры гэтым таксама змяняюцца: ён не дае веды, а арганізоўвае іх пошук. У выніку студэнт здзяйсняе ўласныя адкрыцці, спазнае сябе... У дыялагічнасці навучання закладзена магчымасць асабістага росту для студэнта ці школьніка: той вучыцца ставіць уласныя мэты, супастаўляць, аналізаваць, дыскутаваць, развівае свае крэатыўныя якасці, стварае ўласны адукацыйны прадукт... І пытанні ён задае ўжо не інфармацыйнага плана, а аб'ёмныя, якія выходзяць за межы аднаго прадмета, у яго фарміруецца цэласнасць уяўленняў пра свет. Выяўленне патэнцыйных магчымасцяў чалавека (крэатыўных, пазнавальных), здольнасцяў рэфлексаваць, аналізаваць, прымаць самастойныя рашэнні — гэта і ёсць праблемнае поле як для школы, так і для ўніверсітэта. Што важнейшае: навучыць даваць правільныя адказы ці ўсё ж такі навучыць задаваць пытанні?

Фундаментальныя веды ці прыкладныя?

У юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ёсць свая спецыфіка: будучыя адвакаты павінны ўмець добра чуць іншага чалавека.

— Нам цяпер патрэбныя спецыялісты зусім іншай, новай фармацыі, — тлумачыць загадчык кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта БДУ Аксана ЗДРОК. — Суды (не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце) не спраўляюцца з патокам спраў, з ростам судовай нагрузкі, якая ўтварылася праз тое, што на міжнародным узроўні была абвешчана ідэя абароны правоў людзей. Дзейнічаюць праваабарончыя арганізацыі. Людзі актыўна пайшлі ў суды, і гэта адна з прыкмет цывілізацыі. Таму зараз перад прававой навукай стаіць задача — знізіць паток судовых спраў, навучыць людзей саміх вырашаць спрэчку ў дасудовым парадку, вось чаму вельмі запатрабаваныя альтэрнатыўныя спосабы судаводства: медыятыўныя, перагаворныя тэхналогіі. Неабходна вучыць людзей размаўляць. Цяпер усе арыентуюцца на так званую прававую пазіцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека. Адну і тую ж сітуацыю можна аргументаваць па-рознаму. Таму бачанне яе з розных бакоў, развіццё праблемнага мыслення для нашых выпускнікоў вельмі актуальнае.

— На механіка-матэматычным факультэце сёння рыхтуюцца спецыялісты шасці абсалютна розных спецыяльнасцяў, — кажа прафесар кафедры тэорыі функцый Наталля БРОЎКА. — У нас таксама ёсць свае адметнасці. Першая важная акалічнасць — вялікі аб'ём матэматычных фундаментальных дысцыплін, якія складаюць ядро навучання. Як жартуюць нашы выкладчыкі, матэматычны аналіз, якому мы вучым сёння, гэта матэматычны аналіз, які быў распрацаваны яшчэ ў ХVІІ стагоддзі, і што мы столькі гадоў «жуём»? Вельмі часта такое пытанне ўзнікае і ў нашых студэнтаў: для чаго ўсё гэта патрэбна? Другі момант — імклівае развіццё ІT-тэхналогій і ўхіл у гэтую падрыхтоўку. На факультэце разгарнулася досыць вострая дыскусія паміж прадстаўнікамі чыстай матэматыкі і прадстаўнікамі кафедраў, якія выкладаюць ІT-тэхналогіі. Пытанняў шмат. Напрыклад: якое месца павінны займаць сёння інфармацыйныя тэхналогіі ў навучанні? Навошта студэнту вучыць метады інтэгравання, калі ён можа проста націснуць кнопку і праграма палічыць інтэграл? Як нам сумясціць фундаментальную падрыхтоўку з выкарыстаннем ІT-тэхналогій?

Нашы выпускнікі кажуць: «Калі на першым-другім курсе я лічыў, што матэматыка — гэта нешта вар'яцкае, тое, што нельга спасцігнуць, то бліжэй да чацвёртага курса, калі я ўжо стаў рыхтаваць дыпломную працу, зразумеў, што гэта мова, якая перадае думкі». Але да гэтага ён павінен прыйсці, гэта называецца фарміраваннем культуры заняткаў матэматыкай...

Супастаўляць, аналізаваць, дыскутаваць

— А ці ведаеце вы, што калі ў Масачусецкім тэхналагічным інстытуце ўбачылі, што іх выпускнікі становяцца людзьмі, якім іншыя людзі нецікавыя, там поўнасцю змянілі змест навучання і ўключылі ў праграму 11 дысцыплін гуманітарнага цыкла, у тым ліку музыку, выяўленчае мастацтва, паэзію і іншыя? І кожны студэнт (будучы спецыяліст у галіне ядзернай фізікі ці астранаўт) павінен выбраць з іх для сябе тры, праслухаць поўны курс лекцый і здаць тэставыя экзамены, — звярнуўся да калег Руслан Базіеў. — У Савецкім Саюзе на праблему гуманізацыі інжынернай адукацыі звярнулі ўвагу ў Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя Баўмана яшчэ ў канцы 60-х гадоў.

Давайце разам разбяромся, каго мы рыхтуем? Тэхнакратаў у горшым сэнсе гэтага слова ці людзей, якія будуць кантактаваць не толькі з машынамі, а з такімі ж, як яны самі, гэта значыць чалавек з чалавекам? Ці захаваецца пры цяперашніх падыходах у чалавеку чалавечае: дабрыня, сардэчнасць, уменне разумець, спачуваць іншаму?

Выхаванне ў сучасным свеце — вельмі складаны працэс, таму што, з аднаго боку, мы прапаведуем каштоўнасці капіталістычнага свету: кожны чалавек паспяховы сам па сабе, і ён тым больш паспяховы, чым больш пераадольвае супраціўленне навакольных. Чалавек чалавеку не сябар, таварыш і брат, а сапернік. І калі мы будзем падтрымліваць гэта саперніцтва без аглядкі на навакольных, то атрымаем сумны вынік. Я думаю, што неабходна перайсці нейкую кропку, пасля чаго мы, нарэшце, зразумеем: стаўленне да выхаваўчай працы трэба змяняць. Што выхоўваць? Як выхоўваць? І галоўнае, на чым выхоўваць?

Відавочна, што крызіс у гуманітарных ведах адлюстроўвае ў першую чаргу як змяненне ўнутранага свету чалавека, так і становішча чалавека ў свеце. Адвечная спрэчка паміж лірыкамі і фізікамі была, ёсць і, напэўна, будзе заўсёды...

— Свет усё больш ускладняецца і становіцца абсалютна непрадказальным, — канстатуе Андрэй Кароль. — А што робім мы? Даём правільную, прадказальную інфармацыю з загадзя вядомым вынікам... «Нашпігоўваем» студэнта ведамі, а не развіваем крэатыўнасць. Для падрыхтоўкі сучасных спецыялістаў, якія будуць запатрабаваныя наймальнікамі, патрабуецца пераход ад маналагічнага характару навучання да дыялогу. Моладзь раскрываецца толькі тады, калі ёй цікава. Формула матывацыі вельмі простая: кажучы мовай матэматыкаў, матывацыя прама прапарцыянальная самарэалізацыі.

Летась у БДУ быў створаны міжуніверсітэцкі партал «Крэатыўная адукацыя: метадалогія, змест, практыка». Гэта інтэрактыўная інтэрнэт-пляцоўка з магчымасцю дыстанцыйнага ўдзелу ў яе рабоце ўсіх ахвотных і наладжвання дыялогу. Эўрыстычнае навучанне, на якое мы робім стаўку — гэта навучанне на аснове дыялогу, якое раскрывае вучня. Галоўнай праблемай пры ўкараненні падобнай формы навучання ў нашых ВНУ, напэўна, будзе нежаданне некаторых выкладчыкаў удасканальвацца і прыкладаць больш намаганняў для таго, каб студэнт не проста зазубрыў, а зразумеў і ведаў, як гэтым у далейшым карыстацца. І ніякія загады не ў сілах змяніць сітуацыю ў навучальным працэсе, пакуль канкрэтны чалавек не прыйдзе і не пачне яе змяняць.

Андрэй Кароль:

— Партал — гэта люстэрка дзейнасці нашых педагогаў. На ім размяшчаюцца і праводзяцца ў анлайн-рэжыме тэматычныя вебінары, круглыя сталы, семінары і канферэнцыі, дыскусіі, абмяркоўваюцца адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы, тэхналогіі навучання. І з задавальненнем адзначу, што пэўная частка педагогаў ужо паглядзела на сваю дзейнасць пад іншым вуглом.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ і Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Стаўка на крэатыўнае мысленне

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.