Вы тут

Цэны на здымнае жыллё «скокнулі» праз Гульні?


Патэнцыйныя кватаранты паведамляюць у рэдакцыю, што сёлета варыянтаў здымнага жылля ў Мінску стала прыкметна менш. А тыя, хто ўжо арандуе, расказваюць, што гаспадары падымаюць аплату на 30—50 долараў са словамі «ўсё даражэе» ці нават спасылаюцца на блізкасць Еўрапейскіх гульняў. Што сапраўды адбываецца на рынку сталічнай арэнды і які прагноз па цэнах на жыллё можна чакаць да канца года? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да спецыялістаў.


Запланаванае падаражанне

Кошты арэнды кватэр у галоўным мегаполісе краіны трымаліся нязменнымі два з паловай гады — з пачатку 2016 года, калі іх зніжэнне спынілася, і па лета 2018-га. Сярэдняя цана арэнды жылля стандартных спажывецкіх якасцяў у той час была на ўзроўні 190—200 долараў у месяц для аднапакаёвых кватэр, 240—250 долараў для двухпакаёвых, а трохпакаёвую можна было арандаваць нават за 260 «зялёных». І гэтыя цэны паказаны без уліку камунальных плацяжоў і актуальныя для кватэр, у якіх зарэгістраваны хаця б адзін чалавек. Яны сапраўды вельмі доўга не рухаліся.

А вось летам мінулага года, перад пачаткам навучальнага сезона, цэны сталі падымацца. Спачатку гэтаму не надавалі асаблівага значэння, бо заўсёды знаходзяцца ўласнікі, якія ў гэты перыяд спрабуюць «згуляць» на часовым дэфіцыце. Але прыход зімы не вярнуў цэны на ранейшае месца, а толькі замацаваў іх рост сёлета.

Начальнік аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая адзначае, што, сапраўды, цяпер цана арэнды жылля ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла на 5—10 %. Акрамя таго, больш за ўсё падаражанне кранула аднапакаёвыя кватэры — за кошт высокага на іх попыту. А трохпакаёвыя, наадварот, менш за ўсё.

Кватарант — уласнік: як зразумець адно аднаго?

Па словах спадарыні Пачыцкай, найбольш тыповы запыт на арэнду гучыць як «аднапакаёвая кватэра, каля метро, у добрым стане і нядорага». Пры гэтым паняцце «ў добрым стане» ў арандатараў і ўласнікаў часта значыць рознае. Напрыклад, кватарант хоча ўбачыць унутры кватэры хай просты і недарагі, але сучасны рамонт. Ён хоча жыць з мінімальным наборам мэблі: кухняй са сталом і крэсламі, канапай на два паўнавартасныя спальныя месцы і як мінімум адной шафай. Акрамя таго, у кватэры павінен быць мінімальны набор хоць бы новай бытавой тэхнікі, прадстаўлены халадзільнікам, пральнай машынай, электрачайнікам і мікрахвалёўкай.

Але супярэчнасць у тым, што кватэры ў акуратным і сучасным стане з падобнай укамплектаванасцю мэбляй і бытавой тэхнікай, ды яшчэ і побач з метро, гаспадарамі ацэньваюцца інакш, чым арандатарамі — значна даражэй.

Напрыклад, мінімальная цана ад здавання ў арэнду аднапакаёвай кватэры роўная 180 долараў у месяц. Як правіла, гэта будзе альбо кватэра ў аддаленым раёне Мінска (такім, як Шабаны), альбо зусім у прыгарадзе Мінска — напрыклад, Соснах, Прывольным, Сокале ды іншых пунктах. Тэарэтычна за гэтыя грошы можна паспрабаваць знайсці варыянты і ў межах МКАД, але іх стан, хутчэй за ўсё, будзе далёка не найлепшы, у той час як у Соснах за гэтыя грошы прапануюцца акуратныя і ўкамплектаваныя кватэры. А, напрыклад, у Фаніпалі за 170 долараў можна арандаваць аднапакаёвую кватэру ў новабудоўлі, са свежым рамонтам і мэбляй.

Цэны выраслі, за якасць — удвая больш

Калі ж прынцыпова шукаецца аднапакаёвая кватэра ў Мінску і ў добрым стане, то варта быць гатовым да кошту ад 220 долараў у месяц. Але нават за гэтыя грошы арандатар наўрад ці атрымае кватэру з сучасным рамонтам і мікрахвалёўкай — найхутчэй за ўсё гэта будзе фармат «дагледжанага жылля з мінулага стагоддзя». Калі свежасць рамонту і бытавая тэхніка прынцыповая, то цана вырастае не менш чым да 250 долараў. Калі дадаць да гэтага яшчэ і метро ў крокавай даступнасці, то менш чым на 280 «зялёных» наўрад ці варта разлічваць. Пры набліжэнні да цэнтра горада гэтая цана будзе толькі павялічвацца. У цэнтры мінімальная цана маленькіх кватэр набліжаецца да 300—350 долараў за месяц. І гэта зусім не мяжа.

Двухпакаёвыя кватэры карыстаюцца попытам у асноўным сярод сямейных кватарантаў з дзецьмі. Хтосьці шукае кватэру без мэблі, але з акуратным рамонтам, а хтосьці гатовы заехаць толькі ў выпадку «поўнага камплекта». Суадносіны падобных запытаў прыкладна 50 на 50. Мінімальны кошт «двушак» у Мінску — каля 250 долараў у месяц. За гэтую цану можна разлічваць на кватэру без глянцу сучаснасці, якая знаходзіцца ў аддаленым раёне горада і не мае мэблі. Хоць бываюць і выключэнні — калі гаспадары не ганяюцца за цаной, а хочуць здаць кватэру ў арэнду прыстойнай сямейнай пары на працяглы тэрмін.

Сярэдняя цана арэнды сучасных і ўкамплектаваных мэбляй і бытавой тэхнікай двухпакаёвых кватэр знаходзіцца на ўзроўні бліжэй да 300 долараў. Усё залежыць ад якасці рамонту і складу мэблі і бытавой тэхнікі. Блізкасць да метро дадае да цаны яшчэ 30—50 долараў.

Трохпакаёвыя кватэры карыстаюцца значна меншым попытам, чым адна- і двухпакаёўкі. Больш за тое, нярэдкія выпадкі, калі трохпакаёвыя адмаўляюцца арандаваць нават па цане «двушак». Прычына ў высокім кошце камунальных паслуг. Таму мінімальная цана арэнды шматпакаёвага жылля цалкам можа быць на ўзроўні двухпакаёвай кватэры.

Для арандатараў важнае значэнне мае, ці зарэгістраваны ў кватэры хто-небудзь, бо ад гэтага залежыць велічыня камунальных плацяжоў. Прычым розніца плацяжоў можа быць двухразовай і нават большай. Напрыклад, калі ў аднапакаёвай кватэры ёсць зарэгістраваныя, то сума камунальных плацяжоў без уліку электрычнасці складае каля 35 рублёў. А вось калі кватэра «пустая», то плацяжы могуць дасягаць 100 рублёў і больш. У выніку гэтага часцяком кватэры, у якіх ніхто не зарэгістраваны, здаюцца ў арэнду танней — каб кампенсаваць арандатарам розніцу ў «камуналцы». Таму калі вы знаходзіце сімпатычную кватэру па цане ніжэй за рынкавую, то пацікаўцеся наяўнасці зарэгістраваных у ёй людзей.

Гульні тут ні пры чым

Чаму цана арэнды вырасла і ці працягвае яна расці і цяпер? На думку нашага эксперта, прычына падаражэння арэнды ў памяншэнні колькасці кватэр стандартных спажывецкіх якасцяў, або так званага эканом Сегмента. У апошнія гады стала здавацца ў арэнду прыкметна менш новых кватэр. Асабліва гэта заўважна ў параўнанні з 2012—2013 гадамі, калі на рынак у вялікай колькасці выходзілі кватэры ў новабудоўлях мікрараёна Каменная Горка.

Цяпер новыя кватэры таксама з'яўляюцца, але зусім у іншай колькасці. Напрыклад, з Новай Баравой. Але там агульны ўзровень якасці зусім іншы — як правіла, такія кватэры здаюцца ўжо гатовымі да пражывання: з мэбляй і тэхнікай. Таму, адпаведна, і цана высокая.

Кватэр з бюджэтным цэннікам робіцца менш і таму, што гаспадары кватэр паблізу метро лічаць, што месцазнаходжанне ўсё вырашае, і ўжо на падставе гэтага ўстанаўліваюць высокую цану. Пры гэтым якаснага рамонту можа і не быць. Альбо адваротная сітуацыя — уласнікі робяць дарагі рамонт у надзеі, што змогуць высокай цаной арэнды яго апраўдаць. Тэарэтычна гэта магчыма, але тады кватэра павінна знаходзіцца ў новым сучасным доме з такімі атрыбутамі, як абгароджаная тэрыторыя, відэаназіранне і многае іншае.

Што датычыцца ўплыву Еўрапейскіх гульняў, то наш эксперт да гэтай прычыны павелічэння кошту арэнды ставіцца скептычна і з усмешкай. Хоць і прызнае, што некаторыя ўласнікі сапраўды разглядаюць гэтую падзею ў якасці падставы для ўзняцця цэн. Наконт устанаўлення цаны арэнды існуе адно даказанае на практыцы правіла: нават калі і знойдзецца кліент, якога задаволіць відавочна завышаная цана — то не варта радавацца. У большасці выпадкаў падобныя кватаранты з'язджаюць з кватэры, як толькі знойдуць варыянт з адэкватным рынку коштам, і таму ставяцца да кватэры як да вымушанага перавалачнага пункта.

Да канца года яшчэ большага павелічэння кошту арэнды, на думку экспертаў рынку, чакаць не варта. Зрэшты, як і зніжэння. Што датычыцца Еўрапейскіх гульняў, то скасоўваць існуючыя дагаворы арэнды дзеля заўзятараў і турыстаў наш эксперт не раіць: вялікая рызыка страціць тое, што ўжо ёсць. Але калі кватэра цяпер без кватарантаў — тады чаму б і не паспрабаваць. І пачынаць пошук кліентаў можна ўжо цяпер. Бо заяўкі на пошук кватэры ў арэнду ад ахвотных наведаць Еўрапейскія гульні ўжо паступаюць.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Ці «скок­ну­ла» арэн­да пе­рад Гуль­ня­мі?

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.