Вы тут

Гомельскі раён — тэрыторыя рэалізацыі вытворчага патэнцыялу


Раён — адзін з найбольш густанаселеных у Гомельскай вобласці, сэрца паўднёва-ўсходняга беларускага Палесся. А яшчэ — уязныя вароты ў абласны цэнтр

— Па стане тэрыторыі і аб'ектаў, што знаходзяцца тут, ствараецца першае ўражанне пра ўсю вобласць і нават краіну, — адзначае старшыня Гомельскага райвыканкама Алена АЛЕКСІНА. — Таму мы робім усё, каб уражанне ад Гомельскага раёна было станоўчае.


Гародніну і мясныя вырабы з дзесяці сельгаспрадпрыемстваў раёна ўжываюць жыхары горада Гомеля. Значную долю — амаль 15 % — раён уносіць ва ўдзельную вагу агульнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўсёй вобласці, адзначае Алена Іванаўна:

— Нашы сельгаспрадпрыемствы прадстаўляюць самыя разнастайныя кірункі. Дзве птушкафабрыкі — Гомельская і «Рассвет» — займаюцца вытворчасцю яек і мяса курэй-бройлераў. Ёсць тры буйныя свінагадоўчыя комплексы. Тры гаспадаркі раёна спецыялізуюцца на вырошчванні разнастайнай гародніны: КСУП «Цяплічнае», КСУП «Брылёва» і ААТ «Усход». Апошнія дзве маюць вытворчасці для перапрацоўкі сваёй прадукцыі. На «Усходзе» таксама вырошчваюць авечак. Іх статак складае 2,5 тысячы галоў. Там жа займаюцца рыбай і грыбамі шыітаке. Дарэчы, нашы агародніцкія прадпрыемствы — асноўныя пастаўшчыкі стабілізацыйнага фонду на зімовы перыяд для ўстаноў сацыяльнай сферы Гомеля.

Прамысловасць у сельскагаспадарчым раёне прадстаўлена некалькімі прадпрыемствамі, сярод якіх можна вызначыць ААТ «Завод тарфянога машынабудавання «Бальшавік», ТАА «Вытворчая кампанія «Сябры», ТАА «Кандытарская фабрыка «Летаж», вытворчасць абсталявання для даення ААТ «Гомельагракамплект», ААТ «Гомельскі завод «Імпульс», ААТ «Гомельскі бялкова-тлушчавы завод» і некаторыя іншыя.

— Раён вакол абласнога цэнтра — прывабная тэрыторыя для бізнесу, — працягвае Алена Алексіна. — Таму ў нас развіта прадпрымальніцтва. На тэрыторыі знаходзіцца звыш 1800 суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу і 1240 індывідуальных прадпрымальнікаў. Сёлета стаіць задача стварэння 39 новых вытворчасцяў. За першы квартал 10 ужо створана. У нас ёсць 25 інтэрнэт-крам. Прычым дзевяць з іх зарэгістраваныя летась. Яшчэ наш раён — гэта курортная зона. Сёння тут дзейнічаюць тры здраўніцы: санаторыі «Чонкі», «Машынабудаўнік» і «Залатыя пяскі». Тут з задавальненнем адпачываюць не толькі жыхары нашай краіны, але і замежнікі. Здраўніцы маюць сучаснае абсталяванне як лячэбна-аздараўленчае, так і прызначанае для касметычных працэдур. Таксама на нашай тэрыторыі знаходзіцца некалькі дзіцячых аздараўленчых лагераў.

Эфектыўнасць работы ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый і забеспячэнне выканання прагнозных паказчыкаў — вось асноўныя задачы, якія стаяць перад Гомельскім раёнам. Сёлета ў раёне плануюць пабудаваць пяць станцый абезжалезвання вады. Такім чынам, часткова знімецца праблема з яе якасцю. Увогуле ж, за гэты год тут павінны пабудаваць 39 тысяч квадратных метраў жылля. І большасць (30 тысяч) складзе індывідуальная забудова. За першы квартал года ўжо ўведзена ў эксплуатацыю 9 960 квадратных метраў жылых дамоў — гэта 25 % выканання гадавога задання. Зразумела, самыя запатрабаваныя тэрыторыі, блізкія да абласнога цэнтра. Гэта Чонкі, Сеўрукі, Краснае, Бальшавік... Дарэчы, у апошнім населеным пункце будзе сёлета здадзены першы эксперыментальны дом з электракацельнай. У сувязі з масавым будаўніцтвам ёсць і праблемы: не хапае месцаў у выхаваўчых і адукацыйных установах. У Чонках, дзе знаходзіцца аздараўленчы лагер, адно з памяшканняў будзе рэканструявацца пад дзіцячы садок.

* Самы стары помнік гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага раёна — Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Старая Беліца. Гэта помнік архітэктуры драўлянага дойлідства з элементамі барока. Датуецца прыкладна 1710 ці 1777 гадамі.

— Сёлета пачынаем рэалізацыю рэспубліканскага праекта «Вёска будучыні» — у аграгарадках Мічурынская і Бабовічы, — гаворыць старшыня райвыканкама. — Нядаўна жыхары апошняга папрасілі ўсталяваць месцы для гандлю. Цяпер за сродкі, выручаныя падчас суботніка, будзем займацца гэтай справай. Вельмі хутка ў нашым раёне развіваецца гандлёвае абслугоўванне. Мы невыпадкова займаем трэцяе месца па тавараабароце ў вобласці і першае месца па тавараабароце грамадскага харчавання. Цяпер шукаем інвестара, якому будуць цікавыя нашы праекты: у ААТ «Усход» хацелі б рэалізаваць праект па ўсталёўцы сонечных батарэй. Там жа можна было б арганізаваць вытворчасць бульбяных чыпсаў. Такія праекты-прапановы мы прадстаўлялі на XVІ Гомельскім эканамічным форуме. Увогуле ж, туды мы падалі пяць прапаноў. Сярод іх — і гандлёвы аб'ект грамадскага харчавання ў Чонках, і будаўніцтва аўтастаянкі ў пункце мытнага пропуску Новая Гута. У нашым раёне добра развітая інфраструктура, высокі ўзровень адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Таму мы павінны надалей развіваць і цалкам выкарыстоўваць гэты патэнцыял.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

  • У раёне стала пражывае 68,3 тысячы чалавек. На тэрыторыі знаходзіцца 334 садоўніцкія таварыствы — гэта больш чым 28 тысяч зямельных участкаў. Колькасць насельніцтва ў Гомельскім раёне значна павялічваецца ў летні сезон.
  • Праз тэрыторыю раёна праходзяць аўтамагістралі на Кіеў, Бранск, Санкт-Пецярбург, у тым ліку аўтадарогі рэспубліканскага значэння М-5, М-8, М-10. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна размешчаны аэрапорт з міжнародным статусам.
  • ААТ «Сцяг Радзімы» занесена на рэспубліканскую і абласную дошкі пашаны, КСУП «Урыцкае» па выніках мінулага года — на абласную дошку пашаны.
  • Мінулы год прынёс у скарбонку Гомельскага раёна два сярэбраныя і два бронзавыя медалі з чэмпіянатаў свету і Еўропы. У студзені — сакавіку 2019 года былі заваяваны адна сярэбраная і тры бронзавыя медалі на першынствах Еўропы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».