Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» мы расказваем пра вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на спаборніцтвах па веславанні і іншыя міжнародныя турніры.


1. Пяць узнагарод заваявалі беларускія атлеты на першым этапе Кубка свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Познані (Польшча). На дыстанцыі 500 м у байдарцы Вольга Худзенка паднялася на другую прыступку п'едэстала, сярэбраны медаль у каноэ-двойцы на 200 м заваявалі беларусы Глеб Саладуха і Дзяніс Махлай. Раней «золата» на дыстанцыі 500 м у байдарцы-двойцы здабылі Вольга Худзенка і Марына Літвінчук, Алег Юрэня ў байдарцы на 1000 м паказаў другі вынік, а Арцём Козыр у каноэ на 200 м заняў трэцяе месца.


2. На Генеральнай асамблеі Міжнароднай федэрацыі баскетбола (FІBА) у Еўропе, якая прайшла ў Мюнхене, адбыліся выбары кіруючых органаў арганізацыі. Генеральны сакратар і выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна выбрана ў склад выканкама ФІБА-Еўропа. На 23 месцы прэтэндавалі 38 кандыдатаў, Беларусь атрымала 36 галасоў. У склад выканкама ўвайшлі 23 прадстаўнікі нацыянальных федэрацый.


3. Футбалісты салігорскага «Шахцёра» ў трэці раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі, абыграўшы ў фінале «Віцебск» з лікам 2:0. Лік адкрыў аўстрыйскі легіянер «Шахцёра» Дарка Бодул, а другі гол на рахунку сербскага абаронцы Ніколы Анціча.

Футбалісты «Шахцёра» трэці раз у гісторыі заваявалі Кубак Беларусі. Да гэтага яны выйгравалі трафей у 2004 і 2014 гадах, а яшчэ пяць разоў саступалі сапернікам у фінальных паядынках. Па тры разы Кубак заваёўвалі таксама футбалісты мінскага «Дынама», барысаўскага БАТЭ, бабруйскай «Белшыны» і брэсцкага «Дынама».


4. Хакеісты Фінляндыі сталі чэмпіёнамі свету 2019 года, у фінале яны перайгралі зборную Канады з лікам 3:1. Уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі расіяне.

Для хакеістаў Фінляндыі залатыя медалі сусветнага форума трэція ў гісторыі. Раней яны рабіліся першымі ў 1995 і 2011 гадах.

Пасля завяршэння 83-га чэмпіянату свету ў Славакіі стаў вядомы папярэдні склад груп на наступны турнір у 2020 годзе ў Швейцарыі. Зборная Беларусі, якая займае 14-е месца ў спісе ІІHF, згуляе ў элітным дывізіёне чэмпіянату са зборнымі Канады, Швецыі, Чэхіі, Славакіі, Швейцарыі, Даніі і Вялікабрытаніі. У другой групе аказаліся каманды Расіі, Фінляндыі, ЗША, Германіі, Латвіі, Нарвегіі, Італіі і Казахстана. 84-ы чэмпіянат свету пройдзе з 8 да 24 мая 2020 года ў швейцарскіх гарадах Цюрых і Лазана.


5. Беларускія валейбалісткі перамаглі Азербайджан з лікам 3:2 на старце залатой Еўралігі. Найбольш выніковымі гульцамі ў гаспадароў пляцоўкі сталі Надзея Столяр (17 ачкоў) і Ганна Клімец (13 ачкоў).

У іншым матчы групы С валейбалісткі Іспаніі абыгралі Фінляндыю — 3:1. У другім туры залатой Еўралігі жаночая зборная Беларусі 29 мая згуляе ў Мінску з Фінляндыяй.

Мужчынская зборная Беларусі ў першым туры залатой Еўралігі перамагла Чэхію з лікам 3:1. У другім туры залатой Еўралігі мужчынская зборная Беларусі згуляе 29 мая на пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны» з Фінляндыяй.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Пяць узнагарод на Кубку свету

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.