Вы тут

«Жыццё саткана з мёду і крыві»


Вядомае выказванне Марыны Цвятаевай: “Паэт – гэта лад душы”.  Лірычная гераіня Раісы Баравіковай лад душы мае ўзнёслы,  рамантычны і, як на савецкі час, выклікальна пачуццёвы (чаго вартае было ў 70-я гады параўнанне сябе з гетэрай). Раіса Андрэеўна працавала загадчыцай аддзела культуры “Алесі”, а з 2000 па 2002 гады ўзначальвала часопіс.


– На працягу дзесяцігоддзяў – а друкавацца вы пачалі ў юнацтве – ваш паэтычны голас гучыць з аднолькавай чысцінёй. Я сказала б, што ў вашай паэзіі пазнае сябе жанчына традыцыйнага светапогляду, але з вельмі тонкай, прыгожай душой. Як прыйшлі ў паэзію? З чаго пачынаўся ваш творчы шлях?

– Мой першы верш – пра савецкіх матросаў, якія згубіліся ў акіяне і два тыдні трымаліся сам-насам са стыхіяй, – надрукавалі ў Бярозаўскай раённай газеце, калі мне было 12 гадоў. Гэта мяне настолькі ўразіла, што працягвала ў вольны час пісаць. Што натхняла? Прырода, родная старонка, сябры. Далей быў школьны гурток паэзіі, пазней – літаб’яднанне пры раённай газеце. Яго наведвалі разам са мной Алесь Разанаў, Ніна Мацяш, Анатоль Казловіч. Пасля школы не паступіла на філалагічны факультэт БДУ, пачала працаваць у Быхаўскай раёнцы. Перад тым, як прыняць мяне, дзяўчыну, карэспандэнтам, галоўны рэдактар Георгій Барысаў зладзіў сапраўдны конкурс...

– Менавіта таму, што – дзяўчына?

– Разам са мной на вакансію ў рэдакцыі прэтэндавалі два хлопцы. Рэдактар накіраваў нас у Грудзінаўку, у школу-інтэрнат, каб кожны напісаў па рэпартажы. Мой тэкст спадабаўся яму найбольш, бо атрымаўся жывы, лірычны: акрамя статыстыкі, пра якую распавёў дырэктар школы, я напісала пра дзіцячыя малюнкі. “Я адабраў да друку ваш рэпартаж, – сказаў мне Георгій Ерамеевіч з адчаем у голасе, – але ж вы дзяўчына! А мне трэба хлопец, каб ездзіў па раёне, мог напісаць тэкст за агранома, заатэхніка. А што вы ў гэтым разумееце?!” І даў яшчэ адно заданне ўсім траім: напісаць пра элеватар. З раніцы я адправілася туды. Пагутарыла з кіроўцамі машын, што прывезлі зерне, дадала ў тэкст трапных дэталяў. І зноў мой рэпартаж перамог. Рэдактар вымушаны быў узяць мяне на працу.

Адпрацавала ў раёнцы год, планавала паступаць на журфак, але сустрэча з паэтам Аляксеем Пысіным, які прыехаў да нас у райцэнтр, змяніла мой лёс. “Рая, табе трэба ісці ў паэзію!” – сказаў ён і параіў Літаратурны інстытут у Маскве. У 1966 годзе я стала студэнткай аддзялення мастацкага перакладу.

– Вам пашанцавала вучыцца ў час хрушчоўскай адлігі, кніжнага буму, росквіту цікавасці да паэзіі...

Тады якраз выдавалі кнігі паэтаў, якія раней былі забароненыя: Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай, Сяргея Ясеніна. У розных рэспубліках СССР у літаратуру прыйшло зоркавае, дзёрзкае пакаленне паэтаў. У нас – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў, Уладзімір Караткевіч, у Расіі – Андрэй Вазнясенскі, Яўген Еўтушэнка, Булат Акуджава, Бэла Ахмадуліна, у Казахстане – Алжас Сулейменаў. Паэты ў той час збіралі цэлыя стадыёны слухачоў, усё навокал дыхала літаратурай. Мне была блізкая лірыка Ганны Ахматавай. Творчы семінар у нас вёў Леў Озераў, якому асабліва падабаўся адзін з маіх вершаў. Пачынаўся ён так: “Я – дзяўчынка на шары/ Што плыве ў блакіце!/ І палаюць Стажары/ Нада мною ў зеніце”. Ён запрашаў мяне на літаратурныя імпрэзы і прасіў прачытаць менавіта “Дзяўчынку на шары”. На адной з такіх вечарын са мной здарыўся канфуз з-за сукенкі…

Апрануліся не так?

– Гэта было ў лістападзе 1967 года, у знакамітым Політэхнічным музеі. Сярод прысутных былі вядомыя паэты Роберт Раждзественскі, Сільва Капуцікян. Для выступу я апранула сваю найлепшую, як лічыла, сукенку, у якой хадзіла ў Быхаве ўлетку на танцы, – колеру марской хвалі, з нейлонавым жабо і без рукавоў. І калі пабачыла, як апрануты паэты, а былі яны ў пінжаках і швэдарах – сціпла і па сезоне, заплакала і адмовілася выступаць. Але Леў Адольфавіч усё цудоўна зразумеў. Пад пінжаком у яго быў, акрамя кашулі, пуловер цёмна-пясчанага колеру. Ён яго зняў і прапанаваў мне. У шырокім доўгім пуловеры і лёгкай блакітнай сукенцы выгляд у мяне атрымаўся даволі хіповы.

Скончыўшы вучобу, прыехала ў Мінск. Пасля літінстытуцкай вольніцы мяне ўразілі тутэйшая заціснутасць, заідэалагізаванасць. У мяне тады нараджалася шмат вершаў, пераважна пра каханне.

Сёння культ кахання навязваецца жанчыне маскультурай, акурат масіраваная бамбардзіроўка. У СССР жа, наадварот, тэма кахання не надта ўхвалялася, крытыкі паблажліва называлі гэта камернай лірыкай, і сваё права пісаць не пра гідратурбіны і пад’ёмныя краны трэба было адстойваць. Вядомая гісторыя пра вашу літаратурную містыфікацыю – такая сабе Чэрубіна дэ Габрыяк. Вы спадзяваліся даказаць сваё права пісаць без ідэалагічных клішэ?

– Калі загадчык аддзела паэзіі “Маладосці” Мікола Аўрамчык у чарговы раз сказаў: “Рая, ну што ты ўсё пра каханне ды пра каханне, нам трэба грамадзянскае” – а ў рэдакцыі ўжо ляжалі мёртвым грузам дзве маіх падборкі! – я запанікавала. Бо ніколі не ўмела пісаць вершы на замову. А потым раззлавалася. Я ў “ЛіМе” тады працавала, у мяне ўжо і кніжка “Рамонкавы бераг” выйшла. Адаслала ў “Маладосць” нізку вершаў пад псеўданімам “Зося Гоман”. Думаю: надрукуюць – тады і адкрыюся. Дык з рэдакцыі сам Мікола Якаўлевіч прыехаў да мяне дамоў, бо яны з Генадзем Бураўкіным, галоўным рэдактарам “Маладосці”, прыйшлі да высновы: пачатковец не можа так напісаць. Маімі вершамі адкрылі часопіс, а я зацвердзіла сваё права на “жаночую лірыку”.

– Ёсць нямала прыкладаў у сусветнай літаратуры, калі таленавітыя паэткі, што пісалі пра каханне “ўласным жыццём, цаной яго” (Крыста Вольф), зазналі трагічны фінал. У вашай паэзіі адметна тое, што яна, нягледзячы на тэмы самоты і расчаравання, жыццесцвярджальная, светлая. Праз гэта, акрамя асаблівасцяў стылю, вас параўноўваюць з Ганнай Ахматавай, а не, прыкладам, з Марынай Цвятаевай, якую Бродскі назваў паэткай “апрыёрнай немагчымасці жыцця”. У чым сакрэт вашай гарманічнасці, творчай і жыццёвай?

– Складанае пытанне. Думаю, гэта ад прыроды, ад светаўспрымання. Я нарадзілася ў някепскую часіну – у нядзелю, 11 мая 1947 года, раніцой, калі вярталіся каровы з пашы, а ў царкве заканчвалася ранішняя літургія. У народзе лічыцца, што 11 мая – адзіны дзень у годзе, калі дзьмуць лекавыя вятры. І трэба выйсці ў гэты дзень на скрыжаванне і пастаяць хвілін дзесяць, каб вятры здзьмулі ўсе хваробы. У мяне ад нараджэння светлы характар. Жыццё складвалася па-рознаму, але паэзія заўжды ратавала. Паэзія – не з гэтага свету, яна – палёт, невытлумачальнае... Адкуль прыходзіць натхненне, невядома. З часам паэта ў свой палон бярэ майстэрства. У памяці пэўны набор рыфмаў, ты можаш прыдумаць галавакружную метафару. Я гэтага заўсёды баялася. Магчыма, таму не хацела пісаць вершы на замову. Часам прыйдзеш дадому, упадзеш на ложак, паўгадзіны ледзь не наўзрыд паплачаш, потым напішаш верш – жывы, трапяткі. І дзякуючы гэтаму ўвойдзеш у сваю звыклую каляіну, каб выйсці на вуліцу той Баравіковай, якую ўсе ведаюць: лёгкай, з усмешкай на вуснах.

Сучаснай жанчыне хочацца кахаць і быць каханай, але пры тым не страчваць уласнае “я” і не ператварацца ў цень мужчыны. А вось мужчына ў нас не заўсёды вітае актыўную прафесійную самарэалізацыю жонкі. Вядомая пісьменніца, кіраўніца часопіса – спачатку “Алесі”, потым “Маладосці” – вы заўсёды былі заўважнай фігурай у грамадстве... Муж вас да вершаў не раўнаваў?

– Не раўнаваў, бо ўсё тое, што вы пералічылі, у мяне было па-за сям’ёй. Дома я найперш – жонка, маці, бабуля. Я вельмі люблю сваіх дзяцей, у мяне пяцёра ўнукаў. Літаратура і сям’я – гэта як два акіяны, якія не зліваюцца.

– Чым запомніўся вам часопіс “Алеся”? Якімі клопатамі жыла рэдакцыя?

– Я прыйшла ў часопіс, калі ён называўся “Работніца і сялянка”. Галоўным рэдактарам была Марыя Карпенка, шчырая прыхільніца беларускай літаратуры. У “Алесі” працавалі многія нашы пісьменніцы: Алена Васілевіч, Галіна Васілеўская, пазней – Ала Канапелька. Быў адзін момант, які зрабіў мяне шчырай прыхільніцай часопіса. Калі я вучылася ў Маскве, мела шчасце ведаць нашу знакамітую паэтку Канстанцыю Буйло. Яна займела да мяне прыхільнасць, запрашала да сябе ў госці. Калі адзначалася 80-годдзе Канстанцыі Антонаўны, мне пазванілі з рэдакцыі “Работніцы і сялянкі”: Марыя Іосіфаўна Карпенка прапанавала з’ездзіць у Маскву ў камандзіроўку, зрабіць інтэрв’ю з Буйло. Такія адносіны да паэзіі мяне вельмі кранулі. Літаратурныя выданні не звярталіся да мяне з падобнай просьбай, а “Работніца і сялянка” – звярнулася. Часопіс тады не абыходзіўся без апавядання, без нізкі вершаў. І калі мяне запрасілі туды на працу, з задавальненнем пагадзілася.

Калектыў у нас быў пераважна жаночы і вельмі дружны. Усе прафесіяналы, усе вельмі любілі сваю справу.

На працягу двух гадоў я ўзначальвала “Алесю”. Тады з’явілася шмат новых выданняў, трэба было думаць, як выжыць і не згубіць падпісчыкаў. Часопіс быў не падобны да сённяшняй “Алесі”: выходзіў на газетнай паперы ў чорна-белым выкананні, і я вырашыла хаця б укладку з гаспадарчымі парадамі зрабіць каляровай. Калі тыраж упершыню друкаваўся з каляровымі старонкамі, хвалявалася, не спала ўночы, а раніцой пабегла ў Дом друку. Але ўсё атрымалася няблага.

Працавалася ў “Алесі” добра, але я адчувала, што аддаляюся ад літаратурнага берага, і калі мне прапанавалі ўзначаліць “Маладосць”, пагадзілася. Якраз тады ў тэатры Беларускай драматургіі ішоў соты паказ спектакля, пастаўленага Валерыем Мазынскім па маёй п’есе, гістарычнай драме “Барбара Радзівіл”, – гэты юбілейны паказ мы наведалі ўсім калектывам “Алесі”.

– Вы ў любым узросце выглядаеце элегантна, маеце свой адмысловы стыль у адзенні і аксесуарах...

– Адзенне падбіраю ў адпаведнасці з густам. Вельмі люблю біжутэрыю. У 70-я і першай палове 80-х, калі ў крамах было пуставата, у мяне была швачка. Я купляла тканіну, і мы разам прыдумлялі фасоны. Аднойчы замовіла ў атэлье да летняй сукенкі вельмі экстравагантны капялюш з шырокімі палямі, ён прыкрываў палову твару. Глядзелася я ў ім блокаўскай Незнаёмкай яшчэ і таму, што мяне не ўсе пазнавалі нават у кабінетах Саюза пісьменнікаў, дзе засядалі ў асноўным мужчыны. Ці не гэты капялюш натхніў мяне на назву кніжкі вершаў “Сад на капялюшыку каханай”? Бо “з якога сору” растуць вершы, ведае насамрэч толькі самое натхненне. 

Алена Брава

Фота з архіва Раісы Баравіковай.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.