Вы тут

Гэтай ноччу брэсцкі аўтавакзал пераедзе ў новы будынак (відэа)


Роўна два гады таму на месцы гаспадарчага двара чыгуначнай станцыі Брэст-Цэнтральны пачаліся работы па ўзвядзенні аўтобуснага вакзала. І вось ад гэтага часу два пункты прыцягнення для тых, хто кудысьці едзе, будуць існаваць побач.


Новы галоўны аўтавакзал горада Брэста пачне сваю працу заўтра ў 3 гадзіны ночы. «Да 1:00 28 мая будзе паўнавартасна працаваць стары аўтавакзал. Потым будзе тэхнічны перапынак, усе службы на працягу дзвюх гадзін "пераедуць" на Арджанікідзэ, 12. У тры гадзіны адкрыем дзверы новага аўтавакзала. Афіцыйнае адкрыццё запланавана на 29 мая», - растлумачылі нам нюансы пераезду на старым аўтавакзале.

Ён быў пабудаваны ў 1963 годзе ў цэнтры горада ў непасрэднай блізкасці ад калгаснага рынку. У тыя часы галоўны рынак вобласці з’яўляўся маштабным пунктам прыцягнення брастаўчан і жыхароў прыгарада. Збольшага ён застаецца ім і зараз, але вось аўтобусам самых розных памераў ужо не зусім зручна прабірацца да канцавога прыпынку праз вузкія вулачкі цэнтра, на якіх мноства святлафораў. Гэта неспрыяльна адбіваецца на экалагічнай абстаноўцы горада. Ды і чыгуначны вакзал, які быццам бы знаходзіцца ў пешай даступнасці, пры падарожжы з буйным багажом размяшчаецца непрыстойна далёка — амаль кіламетр пешшу, шмат лесвіц і бардзюраў.

Былы гаспадарчы двор станцыі Брэст-Цэнтральны 8 чэрвеня 2017 года. Зараз тут новы аўтавакзал

Новую лакацыю можна назваць звышзручнай. Аўтавакзал таксама размяшчаецца ў цэнтры горада, але ад яго — некалькі хвілін язды да нядаўна пабудаванага Заходняга абходу, адкуль можна ў аб’езд усіх затораў рухацца ў любым кірунку. На чыгуначны вакзал можна трапіць праз пешаходны мост. У праекце быў закладзены і тунэль проста на платформы, але яго будаўніцтва адклалі на потым.

Будаўніцтва пасажырскага тэрмінала каля новага аўтавакзала. Снежань 2018 года

За дзень да фактычнага пачатку працы ўсё спакойна. Унутр будынка нас не пусцілі, вонкава ж усё гатова да паўнавартаснай працы. Навігацыя, у тым ліку на табло, аформлена на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Маўленчае суправаджэнне першапачаткова планавалася на рускай мове для ўнутраных рэйсаў і на рускай/англійскай — для міжнародных. Аднак неабыякавыя брастаўчане запусцілі ініцыятыву "Аўтавакзал па-беларуску". Яны прасілі аддаць перавагу роднай мове. Гарвыканкам і "Брэстаблаўтатранс", які кіруе аўтобуснымі зносінамі, ініцыятыву падтрымалі.

Побач з пасажырскім хабам пабудавалі і дыспетчарскую станцыю для гарадскога транспарту. Некалькі пасадачных платформ ужо гатовыя прымаць пасажыраў. Але перавозчыкі пакуль не паведамлялі аб змене трас гарадскіх маршрутаў.

За дзень да пачатку працы

Проста зараз па пасажырскім тэрмінале ўжо ездзяць тралейбусы, якія хадзілі побач па вуліцы Арджанікідзэ і раней, але прыпынак там яны яшчэ не выконваюць, кіруючы да старога канцавога.

Дарэчы, раней паведамлялася, што да тысячагоддзя горад атрымае ў падарунак сучасныя электробусы накшталт тых, што ўжо ездзяць у сталіцы. На тэрмінале планаваліся канцавы прыпынак і ўстаноўка для зарадкі акумулятараў. Аднак пакуль што пра гэта не ўспамінаюць.

Што будзе на месцы старога аўтавакзала, пакуль дакладна невядома. Хадзілі чуткі аб пераабсталяванні будынка ў гандлёвую зону, аб пашырэнні рынку і нават пра тое, каб знесці будынак і пабудаваць на яго месцы шматузроўневы паркінг. Гарадскія ўлады прапанавалі вынесці пытанне на грамадскае абмеркаванне. Магчыма, святло на будучыню старога аўтавакзала пральецца на афіцыйным адкрыцці новага.

Дзмітрый СУГАНЯЕЎ

Фота і відэа аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».