Вы тут

Для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня запрошаны прадстаўнікі васьмі дзяржаў


Гэтымі днямі войскі Мінскага гарнізона рыхтуюцца да святочнага парада, які пройдзе 3 ліпеня ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі. Сёлета ён пачнецца а 21-й гадзіне вечара. Пешая калона трэніруецца на страявым плацы ваеннай камендатуры ў ваенным гарадку Уручча. Карэспандэнты «Звязды» ўбачылі, як гэта адбываецца.


У складзе калоны пройдуць 25 парадных разлікаў, якія складаюць каля чатырох тысяч вайскоўцаў. Ужо па традыцыі парад войскаў адкрыюць сувораўцы. За імі перад трыбунамі пранясуць Сцяг Перамогі і штандары 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, якія прымалі ўдзел у стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Акрамя таго, перад трыбунамі пройдуць кадэты і навучэнцы спецыялізаваных ліцэяў, курсанты Ваеннай акадэміі, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, вайскоўцы 120-й і 11-й асобных гвардзейскіх механізаваных брыгад, 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады і 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. І гэта яшчэ не ўсё: у парадзе возьмуць удзел і парадныя разлікі ДПК, МУС, МНС, войскаў тэрытарыяльнай абароны, зводнай роты ганаровай варты і зводны аркестр Узброеных Сіл.

Адзін з тых, хто будзе ўдзельнічаць у парадзе, — курсант факультэта ракетных войскаў і артылерыі Ваеннай акадэміі Барыс Мамантаў. Для юнака гэтая місія асабліва пачэсная, калі ўлічыць, што паступіў ён у навучальную ўстанову летась.

— Я раней хадзіў на некалькі парадаў, але як глядач. Ну а цяпер прайду ў калоне. Рэпетыцыі праходу ў нас працяглыя. Ужо дакладна было больш чым тры дзясяткі прагонаў. Адна трэніроўка займае прыкладна дзве з паловай гадзіны. І так — тры разы на тыдзень. Падчас іх нам паказваюць на недахопы. Іх мы і імкнёмся выпраўляць падчас перапынкаў. Спачатку моцна стамляўся: усё-такі надвор'е, скажам, не халоднае, плюс амуніцыя, якая важыць кілаграмаў дзевяць. Але ў рытм уцягнуўся, і цяпер стала прасцей.

Бацька Барыса, Алег Мамантаў, прыйшоў на адну з трэніровак, каб падтрымаць сына.

— Я таксама ўдзельнічаў у парадзе, калі служыў у паветрана-дэсантных войсках у савецкі час у Літве. Было гэта напрыканцы 1980-х гадоў. Парад з удзелам камандуючага быў тады прымеркаваны да юбілею войскаў. Але вось я гляджу, што ў плане падрыхтоўкі ў саслужыўцаў майго сына ўсё куды сур'ёзней. Трэніроўкі, напрыклад, адбываліся ўсяго месяц, а тут яны зацягнуцца на значна большы тэрмін. Ды і нарады ж ніхто не адмяняў. Але я веру, што Барыс з усім справіцца.

Радавы Арцём Фралоў служыць у 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Загарэлы хлопец кажа, што трэніроўкі працягваюцца каля месяца.

— Блакітны берэт — гэта сімвал, які ўпрыгожвае мужчыну, — кажа Арцём. — Цяжкасці ёсць, але мы іх паспяхова пераадольваем. Бо хто, акрамя нас саміх, гэта зробіць?! Тым больш што я да войска неаднаразова хадзіў у паходы, быў у турыстычных лагерах. Падчас трэніровак мы трымаем раўненне, постаць, палажэнне зброі, локцяў рук, палажэнне ў шарэнзе, кантралюем пад'ём нагі. Але ўсё пачалося з адбору па росце. Вось паглядзіце: першая шарэнга ў разліку амаль не адрозніваецца ад другой. Я, напрыклад, пайду ў другой шарэнзе.

— Для ўдзелу ў святочным парадзе запрошаны прадстаўнікі васьмі дзяржаў, — зазначыў намеснік міністра абароны Сяргей Патапенка. — Парад пачнецца з паветранага эшалона і скончыцца праходжаннем механізаванай калоны. Чакаецца ўдзел трох жаночых разлікаў.

У небе над Мінскам жыхары і госці горада ўбачаць авіяцыйную тэхніку ваенна-паветраных сіл і войскаў проціракетнай абароны. Скончыцца парад плац-канцэртам роты ганаровай варты і зводнага ваеннага аркестра Узброеных Сіл. Прыгожым фіналам свята стане салют.

Генеральная трэніроўка парада пройдзе 1 ліпеня на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Адбіваючы крок уздоўж трыбун

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.