Вы тут

Дзень адчыненых дзвярэй у пяты раз прайшоў у Вялікім тэатры


Упершыню прыадкрыць для наведвальнікаў закуліссе ў Нацыянальным дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі вырашылі ў 2015 годзе. Спачатку дзень нараджэння ў фармаце адчыненых дзвярэй быў эксперыментальным праектам, а цяпер — добрай і прыгожай традыцыяй, якая збірае штогод некалькі тысяч гасцей.


Не выключэннем стаў і 2019-ы. Святочны настрой прысутным загадзя стварыў калектыў "А.M.А.D.І.S. Brаss", які выступаў на плошчы ля фантана. (Дарэчы, вы ведалі, што Вялікі тэатр Беларусі — адзіны будынак, размешчаны на Плошчы Парыжскай камуны ў Мінску?) Апоўдні прагучалі фанфары, і дзверы тэатра адчыніліся — у прамым сэнсе — для ўсіх ахвотных.

Як адзначыў у прамове-віншаванні генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, сёння тэатр — адзін з культурных сімвалаў Беларусі, які не толькі беражліва захоўвае ўнікальныя традыцыі, але і нястомна ўзбагачае творчую палітру новым зместам, жывымі пачуццямі, невычарпальнай энергіяй. А таму, нягледзячы на шаноўны ўзрост — Вялікі адзначае 86-ы дзень нараджэння, — тэатр па-ранейшаму малады, цікавы і любімы мноствам гледачоў. "Дзякуй нашым гледачам за тое, што вы заўжды побач: прыходзіце на спектаклі і канцэрты, дорыце артыстам сваю ўвагу і не скупіцеся на апладысменты. Менавіта для вас мы працуем, ствараем і рухаемся наперад", — падкрэсліў Уладзімір Грыдзюшка.

...Наведвальнікі, якія не паленаваліся папярэдне запісацца на экскурсіі, змаглі даведацца больш пра гісторыю тэатра і распытаць пра бліжэйшыя планы, паласавацца адмысловым шакаладам "Вялікі тэатр", прадэманстраваць эрудыцыю ў музычнай і тэатральнай віктарынах і, канешне, пачуць шэдэўры класікі і сучаснасці, рамансы, музыку з любімых кінафільмаў у выкананні інструментальных калектываў і салістаў. Майстры па грыме і бутафоры расказалі пра тонкасці сваіх прафесій, а таксама паказалі, з чаго зроблены тэатральны рэквізіт і як за некалькі хвілін ператварыць маладога чалавека ў старога альбо ў казачнага персанажа.

Тыя ж, хто марыў паказаць уласныя таленты і атрымаць парады ад прафесіяналаў, не толькі пабывалі на балетнай рэпетыцыі, але і ўзялі ўдзел у майстар-класах па балеце, акцёрскім майстэрстве, ігры на ўдарных інструментах і вакале. Дырыжор Іван Касцяхін правёў у глядзельнай зале адкрытую рэпетыцыю з камерным аркестрам гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка і адказаў на "10 неразумных пытанняў дырыжору". У камернай зале прафесар Віктар Скарабагатаў прачытаў лекцыю па гісторыі нацыянальнай оперы, а супрацоўнікі архіва паказалі старыя фотаздымкі і афішы, звязаныя з жыццём і творчасцю Станіслава Манюшкі, чый 200-гадовы юбілей шырока адзначаецца сёлета. Прычым творчую тэорыю падмацавалі практыкай — цягам некалькіх гадзін тут адбыліся канцэрты "Манюшка. Партрэт кампазітара ў пісьмах і музыцы", "Беларуская музыка ХХ—ХХІ стагоддзяў" і выступленне стажораў опернай трупы Вялікага тэатра.

З 12 да 16 гадзін на ўсіх паверхах фае тэатра працавалі спецыяльныя фотазоны, дзе былі прадстаўлены рэквізіт, макеты сцэны і эскізы касцюмаў да прэм'ер бягучага, 86-га сезона — "Лятучай мышы" Іагана Штрауса і балета Вячаслава Кузняцова "Анастасія". Маленькіх гасцей запрашалі наведаць фотазону з ласункамі і дэгустацыяй марожанага, а інтэлектуалаў — на эфектную пляцоўку ад сталічнай федэрацыі шахмат.

Упершыню ў святкаванні "Дня адчыненых дзвярэй" узялі ўдзел чэмпіёны свету па спартыўных бальных танцах на інвалідных калясках, якія прадставілі сваю праграму "Мастацтва без абмежаванняў". А таленавітыя выхаванцы сталічнага дзіцячага дома № 5 падрыхтавалі адмысловую выстаўку сваіх твораў, якую назвалі проста і натуральна — "Тэатр".

Наўзамен і ў знак падзякі ўсе госці маглі пакінуць у спецыяльным "чароўным цыліндры", які на адзін дзень замяніў паштовую скрыню, свае віншаванні і найлепшыя пажаданні да дня нараджэння Вялікага тэатра.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Оперы Манюшкі, балетны майстар-клас і імянны шакалад

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.