Вы тут

Якім чынам смецце можна ператварыць у здабытак?


Гэтым пытаннем задаюцца сёння ўсе цывілізаваныя краіны. Беларусь не выключэнне. Дарэчы, у Гомелі ёсць станоўчы вопыт. Менавіта яго вывучалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, які арганізавала Міністэрства ЖКГ на прыкладзе аб'ектаў абласнога цэнтра. Тут, між іншым, быў пабудаваны першы ў краіне біямеханічны завод, дзе адходы сартуюць і аддзяляюць прыдатныя да далейшага выкарыстання другасныя рэсурсы. Тут пачалі будаваць закрытыя кантэйнерныя пляцоўкі для паасобнага збору адходаў жыхарамі. Цяпер і прыватны сектар ахоплены такой практыкай.


Персанальныя каляровыя кантэйнеры

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў адзначае, што Гомель цікавы многімі эксперыментамі ў сферы ЖКГ. Што датычыцца адпрацоўкі механізму абыходжання з адходамі, тут вельмі вялікі сектар індывідуальнай забудовы: 28 тысяч дамоў, у якіх жывуць 62 тысячы чалавек. Значыць, і смецця дастаткова. Цяпер эксперыментам ахоплены жыхары некалькіх вуліц у Савецкім раёне — усяго 700 дамоў.

На першым этапе закупілі 1400 пластыкавых кантэйнераў. На кожнае домаўладальніцтва іх выдаецца па два. Шэры — для змяшаных камунальных адходаў, жоўты — для другаснай сыравіны. Пераблытаць немагчыма.

— Кожны домаўладальнік цяпер павінен сартаваць свае адходы і складаць іх у адпаведныя кантэйнеры, — расказвае генеральны дырэктар Гомельскай гарадской ЖКГ Віктар Кулага. — У прызначаны дзень, паводле графіка руху смеццявоза, гаспадар павінен выкаціць са свайго двара патрэбны кантэйнер — каб супрацоўнікі прадпрыемства выгрузілі яго змесціва ў спецыяльны транспарт.

Дакладны графік вывазу

Прадукцыя, якую робяць з перапрацаваных палімераў

Кантэйнеры на колах закупілі за кошт прадпрыемства «Спецкамунтранс» і перадалі жыхарам у карыстанне. Кожны домаўладальнік атрымаў персанальны каляндар з графікам вывазу смецця ад яго дома на год наперад.

Камунальнікі сцвярджаюць, што ўжо прыкметна павялічылася дысцыплінаванасць жыхароў пры аддзяленні розных відаў адходаў. Да таго ж палепшылася эстэтыка гарадскіх вуліц. Цяпер пейзаж не псуюць цэлафанавыя мяхі, выстаўленыя проста на вуліцу. Эканамічны эфект набываецца на транспартных выдатках: павялічана ёмістасць кантэйнера для збору другасных рэсурсаў, адпаведна, стаў большым інтэрвал іх вывазу.

Калі ж жыхар нешта пераблытаў і ў кантэйнер трапіла не тое, для чаго ён прызначаны, адрас парушальніка паведамляюць дыспетчару. З домаўладальнікам будзе праведзена індывідуальная работа. Пакуль прадстаўнікі ЖКГ выхоўваюць толькі тлумачэннямі, але надалей можа быць і штраф, тлумачыць дырэктар «Спецкамунтранса» Валерый Ткачоў:

— З 1 чэрвеня мяхі ўжо не будуць прымацца да вывазу. Такія дзеянні будуць лічыцца парушэннем заканадаўства па абыходжанні з адходамі. Далей — пратакол і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях нашай краіны ў гэтых выпадках прадугледжвае папярэджанне ці накладанне штрафу ад 5 да 50 базавых велічынь. На індывідуальных прадпрымальнікаў — да 200 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — да адной тысячы базавых велічынь.

Пляцоўкі з падстрэшкам

У кварталах шматпавярховай забудовы збор адходаў ажыццяўляецца на кантэйнерных пляцоўках. Гомельскае прадпрыемства «Спецкамунтранс» пачало іх мадэрнізацыю. Працягваецца закуп новых кантэйнераў, якія зачыняюцца вечкамі, па перыметры пляцовак усталёўваецца агароджа. У асобных месцах, напрыклад на дваровай тэрыторыі вуліц Паўлава і Валгаградскай абласнога цэнтра, над пляцоўкай зрабілі падстрэшак. Цяпер звонку зона збору адходаў нагадвае альтанку. Напамін аб тым, як правільна вызначаць і сартаваць адходы, — пры ўваходзе. Між тым многія гамяльчане ўжо прызвычаіліся гэта рабіць.

З такіх пляцовак адходы вывозяць на палігон, які за пяць кіламетраў ад горада. Гомельскі займае 16 гектараў і быў пабудаваны ў 1968 годзе. Ён разлічаны на паўстагоддзя, але ж і сёння эксплуатуецца. Моцнага смуроду і людзей, якія нешта вышукваюць, тут няма. Ёсць відэакамеры, уваход па прапусках і чайкі, якія лунаюць над вялізнай гарой спрэсаванага за гады смецця і крыкамі нагадваюць пра мора.

Грунт з арганікі

Летась сюды прывезлі 200 тысяч тон камунальных адходаў. Новыя пласты па тэхналогіі перыядычна перасыпаюць грунтам. З леташняга верасня ў Гомелі яго робяць на месцы — з арганічных адходаў. Пасля гадавой перапрацоўкі бактэрыямі яны становяцца асновай для стварэння ўрадлівага перагною.

Удзельнікам семінара паказалі створаную на палігоне пляцоўку для кампаставання арганічных адходаў. Яна зроблена паводле рэкамендацый інстытута «Белкамунпраект» і ўяўляе сабою шэсць буртоў даўжынёй па 110 метраў кожны, у якія складаюць такія адходы. Праўда, патрабуецца значна больш грунту, чым сёння дазваляе выдзеленая пляцоўка.

Уладзімір Кухараў даручыў прапрацаваць пытанне выдзялення дадатковых зямель пад новую пляцоўку кампаставання адходаў. Пры гэтым размова ішла і аб выкарыстанні ўрадлівай субстанцыі для добраўпарадкавання гарадскіх тэрыторый.

Могілкі халадзільнікаў

Могілкі халадзільнікаў і пральных машын на Гомельскім эксперыментальным біямеханічным заводзе.

Шэсць гадоў, як другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў Гомелі здабываюць з агульнай масы адходаў на эксперыментальным біямеханічным заводзе. Сюды часцей паступаюць ужо падзеленыя адходы. Калі трапляе змяшанае смецце, яно апрацоўваецца ўручную. Нядаўна тут жа адкрылі пляцоўку для разборкі буйной бытавой тэхнікі. Старыя халадзільнікі і пральныя машыны на разборку ў Гомель прывозяць з трох рэгіёнаў краіны. З іх здабываюць металы і палімеры. Што рабіць з уцяпляльнікам, цяпер вырашаюць сумесна з інстытутам механікі металапалімерных сістэм.

Летась завод атрымаў на дасартаванне 34 тысячы тон цвёрдых камунальных адходаў. З іх атрымалася выняць 19,2 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў. З пускам другой тэхналагічнай лініі, магчыма, атрымаецца і больш. Ёсць планы па паўаўтаматычных зонах сартавання і зоне для кампаставання біямасы.

Люкі, якія не скрадуць

Частка атрыманых другасных рэсурсаў прадаецца ў якасці сыравіны перапрацоўшчыкам. Другасныя палімеры выкарыстоўваюцца на ўчастку ААТ «Спецкамунтранс», які знаходзіцца асобна, па вуліцы Барыкіна. Штогод тут перапрацоўваецца 1250 тон моцна забруджаных палімераў. Іх ператвараюць у бардзюры, каналізацыйныя кольцы, калодзежы, люкі рознага прызначэння, дажджапрымальнікі, плітку для тратуараў, шлангі, мэблевую фурнітуру і нават ланцугі. Гэта прадукцыя карыстаецца попытам у арганізацый ЖКГ і будаўнікоў.

Кольцы, напрыклад, запатрабаваны пры будаўніцтве санітарных ямін. Яны лёгкія настолькі, што манціраваць можа нават адзін чалавек без спецыяльнай тэхнікі. Палімерная тратуарная плітка не прамярзае пры нізкіх тэмпературах і не лопаецца ў адлігу. Асноўныя перавагі перад аналагічнай металічнай прадукцыяй — паніжаны кошт і абарона ад крадзяжу.

Інфармаваць і растлумачваць

— Для павышэння эфектыўнасці збору другасных матэрыяльных рэсурсаў неабходны комплексны падход, — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў. — Пачынацца ён павінен з працы з насельніцтвам. Наша задача — не толькі інфармаваць людзей, як правільна зрабіць, але і аказваць ім садзейнічанне і дапамогу, стварыць умовы для паасобнага збору і не дапушчаць вывазу на палігоны другасных матэрыяльных рэсурсаў. Гэта дазволіць другасныя матэрыяльныя рэсурсы, сабраныя ў насельніцтва, адразу накіроўваць на перапрацоўку.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сабраць, адсартаваць, перапрацаваць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».