Вы тут

Чыстае поле або лес. Дзе будаваць дзіцячыя ўстановы?


Жыхары Бараўлянскага сельсавета ў свой час сталі заложнікамі сітуацыі. У апошнія гады тут будавалася многа шматкватэрных дамоў, выдзяляліся ўчасткі для індывідуальнай забудовы. Будаўнічыя фірмы не надта імкнуліся ўзводзіць сацыяльную інфраструктуру.


Бараўляны. Фота: mapid.lt

У выніку ўсё гэта прывяло да недахопу месцаў у дашкольных і школьных дзіцячых установах. Цяпер тут робяцца захады да выпраўлення сітуацыі. У 2019—2020 гадах плануецца пабудаваць комплекс «Дзіцячы сад — сярэдняя школа» ў вёсцы Бараўляны ў раёне вуліцы Жамчужнай за кошт сродкаў Мінгарвыканкама, для чаго неабходна высекчы 4,8 гектара лесу. Супраць такога рашэння выступае частка жыхароў, якія стварылі ініцыятыўную групу. Яны сцвярджаюць, што на гэтым участку растуць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, у прыватнасці лілея кудраватая, і патрабуюць перанесці будаўніцтва на пустое поле ў вёсцы Бараўляны. Але тут прадугледжана ўзвядзенне шматкватэрных дамоў для медыкаў і настаўнікаў — на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у сельсавеце стаіць каля чатырох тысяч спецыялістаў. Як сцвярджаюць праекціроўшчыкі і будаўнікі, у Бараўлянах і аграгарадку Лясны знайсці іншыя ўчасткі для будаўніцтва дзіцячых устаноў немагчыма па прычыне шчыльнасці забудовы.

У чарговым звароце ў рэдакцыю нашай газеты заяўнікі заклапочаны, што прадпрыемства «Марэна» ўзнавіла, на іх думку, незаконныя зямельныя работы ў лесапаркавай зоне. Яны патрабуюць перанакіраваць будаўніцтва комплексу «Дзіцячы сад — сярэдняя школа» на пустыр, у чыстае поле.

— Размяшчэнне комплексу ў раёне вуліцы Жамчужнай адпавядае функцыянальнаму занаванню ўчастка, якое прадугледжана і зацверджана Генеральным планам развіцця вёскі Бараўляны і аграгарадка Лясны ў жніўні 2018 года, — адзначыла старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Жанна Варабей. — Вясной на аб'екце праводзіліся інжынерна-геалагічныя разведвальныя работы, і ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіраваны дакументы на атрыманне дазволу на перасадку «чырванакніжнікаў».

І яшчэ адзін момант, які закранаюць заяўнікі, — нібыта работы вядуцца без узгаднення з зацікаўленымі арганізацыямі. Аднак, як запэўніла Жанна Варабей, усё ўзгоднена з адпаведнымі службамі: экалагічнымі, прыродаахоўнымі, лясгасам, ва ўстаноўленым законам парадку, з неабходнымі дазволамі. Таму падстаў для пераносу месца будаўніцтва няма.

Але кола прэтэнзій часткі грамадзян з кожным разам павялічваецца. Напрыклад, яны незадаволеныя будаўніцтвам шматфункцыянальнага гандлёвага цэнтра. На іх думку, гэта прывядзе да транспартнага калапсу.

Дарэчы, па гэтым аб'екце прайшла працэдура грамадскага абмеркавання, у Доме культуры 12 сакавіка была арганізаваная прэзентацыя праекта з удзелам забудоўшчыкаў, спецыялістаў Мінскага райвыканкама, сельвыканкама, жыхароў. Праектанты і падрадчыкі адказалі на ўсе пытанні, што цікавілі людзей.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Знешэканомбуд», якое набыло зямельны ўчастак з аўкцыёну, распрацавала праектна-каштарысную дакументацыю. Яна ўзгоднена з усімі службамі, у тым ліку і з дарожнай аўтаінспекцыяй рэспубліканскага і абласнога падпарадкавання. Паколькі з аднаго боку аб'екта ідзе рэспубліканская аўтатраса М3 Мінск — Віцебск, з другога — абласная Н9037 Дубаўляны — Бараўляны — Каралёў Стан, для бяспекі пешаходаў і кіроўцаў на будучым аб'екце прадугледжаны заезд і выезд транспарту з розных бакоў, пешаходныя дарожкі, святлафор, больш за 200 месцаў для стаянкі транспарту. Кампанія плануе абсталяваць закрытыя комплекс або зону адпачынку для дзяцей. Акрамя таго, адкрыццё цэнтра дазволіць стварыць каля 200 новых рабочых месцаў, што будуць не лішнія для Бараўлян.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Чыстае поле або лес

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».