Вы тут

Што ўжо зроблена і чаго не хапае ў Заслаўі?


Яго яшчэ называюць горадам-музеем пад адкрытым небам, дзе цесна перапляліся даўніна і сучаснасць. Хтосьці яго хваліць, а нехта крытыкуе, маўляў, малавата інфраструктуры, сацыяльных і забаўляльных месцаў. Карэспандэнты «МС» наведалі спадарожнік сталіцы.


Фота Андрэя Сазонава

Адпачынак і рыбалка ў дзіцячым парку

Асабліва ўразіў дзіцячы парк, які знаходзіцца непадалёку ад чыгуначнай станцыі, адразу за пераездам. У зацені дрэў па ўладкаваных алеях гулялі матулі з малымі. Хтосьці чытаў кнігу, седзячы на лаўцы. Як аказалася, гэта яшчэ і любімае месца для аматараў рыбнай лоўлі, бо пасярэдзіне парку месціцца возера.

— А адкуль тут рыба? — пытаем у рыбака.

— Дык, мясцовыя ўлады зарыбілі.

— Гэта цяпер тут цудоўна адпачываць, гуляць. Раней на гэтым месцы стаяла старая танцавальная пляцоўка — прытон для асацыяльных элементаў. А там, дзе возера, «красавалася» гарадская звалка. Пляцоўку знеслі, тэрыторыю акультурылі, усталявалі альтанкі, лаўкі, фантан. З цягам часу тут прыбаўляецца дрэў, кветак. Нядаўна пасадзілі сямейную алею.

А ў цэнтры горада, якраз насупраць гарвыканкама, зачароўвае ўсыпанае ружовымі кветкамі дрэва. «Гэта наш гонар — яблыня сорту ранет, але мы называем яе заслаўскай сакурай. І расцвітае яна кожны год да дня Перамогі», — растлумачыў прахожы.

Галоўнае — захаваць і прымножыць

У 2014 годзе Заслаўю выпаў гонар прымаць Свята беларускага пісьменства. Гэтая акалічнасць паўплывала на знешні выгляд горада. Было добраўпарадкавана больш за 14 вуліц, 25 дваровых тэрыторый, 13 дзіцячых гульнявых пляцовак. Акрамя таго, капітальна адрамантавалі сярэднюю школу № 1, дзіцячую школу мастацтваў, гарадскі Дом культуры «Світанак», Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор, цэнтральную плошчу і шмат іншага. У межах падрыхтоўкі да свята з'явіўся і новы аб'ект — дзіцячы парк. Вядома, сваімі сіламі горад не справіўся б. Вялікі ўклад унеслі Мінскі райвыканкам, Мінаблвыканкам, арганізацыі Прысталічча і цэнтральнага рэгіёна.

— З таго часу прайшло амаль пяць гадоў. І галоўная наша задача — не толькі захаваць зробленае, але і ўдасканаліць, — кажа старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова. — Добраўпарадкаванне, рамонт працягваюцца і да сённяшняга дня. Уладкоўваем двары, вуліцы, праезды.

Сапраўды, гуляючы па горадзе, заўважаем шмат перамен. З'віліся новыя гандлёвыя цэнтры, сучасныя шматпавярховыя дамы. На вуліцы Алімпійскай — першая эксперыментальная станцыя абезжалезвання вады. Акрамя таго, спецыялісты прадпрыемства «Мінскаблводаканал» самастойна сабралі і ўстанавілі яшчэ тры падобныя станцыі. Гэта дазволіла значна палепшыць якасць вады ў асобных раёнах горада.

Што патрэбна?

Вядома, у Заслаўі ёсць і праблемы, бо як спадарожнік Мінска горад яшчэ ў стадыі пачатковага станаўлення. Галоўная, як адзначаюць жыхары, — зношанасць інжынерных сетак і ачышчальных збудаванняў. Без рашэння гэтых пытанняў праблематычна забудоўваць Заслаўе. Горад таксама мае вострую патрэбу ў новай бальніцы.

— Медыцынская ўстанова размешчана ў прыстасаваных памяшканнях 1930-х гадоў пабудовы. Часта даводзіцца звяртацца па медыцынскую дапамогу ў Мінскую раённую бальніцу, што ў Бараўлянах. А гэта вельмі нязручна, — паскардзілася пенсіянерка Таццяна Уладзіміраўна.

Дарэчы, ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па будаўніцтве новай установы аховы здароўя. Магчыма, у не такой далёкай перспектыве яна і з'явіцца. Але мясцовыя жыхары не выказваюць асаблівага аптымізму. Бальніцу яны чакаюць ужо каля дзесяці гадоў.

У Заслаўі афіцыйна зарэгістравана 16 553 чалавекі, але колькасць насельнікаў дасягае 20 тысяч. Тут шмат маладых сем'яў, дзяцей — на працягу апошніх гадоў нараджальнасць перавышае смяротнасць. На сённяшні дзень школы і дашкольныя ўстановы запоўнены, як кажуць, пад завязку. Адчуваецца недахоп тэхнічных гурткоў, перш за ўсё для хлопчыкаў, няма ніводнага сур'ёзнага цэнтра для адпачынку падлеткаў і моладзі, басейна, футбольнага поля або стадыёна. Па праграме «Родная старонка» адкрылі поле для малога футбола са штучным пакрыццём, заняткі на ім распісаны літаральна па хвілінах.

— Так, мы ў 15—30 хвілінах язды ад Мінска ў залежнасці ад віду транспарту. Але часам хочацца, каб сацыяльныя, спартыўныя, забаўляльныя аб'екты былі каля дому, у крокавай даступнасці, — выказвае пажаданне Тамара Віктараўна.

На мой погляд, не стае гораду і веласіпедных дарожак. А аматараў гэтага віду спорту давялося за некалькі гадзін сустрэць шмат. Ды гэтаму ёсць тлумачэнне: іх уладкаваць тэхнічна складана. Не дазваляюць маштабы вуліц, якія забудоўваліся яшчэ ў савецкія часы, — тады былі іншыя нормы і патрабаванні. У новых мікрараёнах больш прасторы. І магчыма, у перспектыве тут з'явіцца неабходная веласіпедная інфраструктура.

А вось Алена Смірнова, якую сустрэлі ў цэнтры, задаволеная ўсім:

— Я працую ў Мінску і ахвотна вяртаюся дадому кожны вечар. Для мяне ў горадзе ўсяго дастаткова: і крам, і інфраструктура нармальная. А што датычыцца ўстаноў адпачынку, забаўляльных, то іх дастаткова ў сталіцы, да якой рукой падаць. Заслаўе — горад для тых, хто любіць цішыню, горад камфортны для дзяцей, пенсіянераў — зялёны, чысты, дзе лёгка дыхаецца. Горад для тых, хто хоча добра жыць.

Працаўладкавацца тут таксама можна без праблем, бо ёсць шмат прадпрыемстваў, у тым ліку і буйных, такіх як «Хенкель Баўтэхнік», «Косвік», «Енісей», «Дрэўдэкор», «Міран», мэблевая фабрыка. Каля 30 % насельніцтва працуе ў Мінску. І такая ж колькасць людзей прыязджае ў Заслаўе з Маладзечанскага раёна, бліжэйшых населеных пунктаў — Чысці, Радашковіч. Гэта нармальна, калі ў грамадзян ёсць магчымасць максімальна рэалізаваць свой патэнцыял.

Музей пад адкрытым небам

Заслаўе — спадарожнік Мінска — задумвалася як турысцка-рэкрэацыйны горад. І яго гістарычная спадчына будзе захавана, упэўненыя мясцовыя патрыёты.

— У нашым веданні ахоўная зона — 13 гектараў зямлі, — расказала старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка «Заслаўе» Таццяна Арлова. — Самы цэнтр — гэта Рынкавая плошча. Як мяркуюць археолагі, там гандаль ішоў ужо ў XІ стагоддзі. Калі капалі катлаван пад школу, знайшлі вялікую колькасць археалагічных прадметаў, датаваных менавіта гэтым часам. Але ўпершыню ў дакументах плошча згадваецца ў XІІІ стагоддзі.

Самае знакавае месца ў Заслаўі — Замачак, куды былі высланы Рагнеда з Ізяславам.

Гарадзішча «Вал» — заслаўскі замак — помнік археалогіі XІ—XІІ стагоддзяў. Тут некалі змяшчаўся дзядзінец — цэнтр старажытнага горада Ізяслава і знаходзілася сістэма абарончых збудаванняў з валоў вышынёй 3—3,5 метра. У замкавых валах размяшчаліся брамы — выязныя вароты. Абаранялі замак роў і вада, здабытыя з ракі Свіслач, якія ўтваралі возера. У цэнтры збудавання быў узведзены храм абарончага тыпу — Спаса-Праабражэнская царква.

Заслаўль таксама багаты на музеі, іх тут сем. Ствараецца восьмы — маляваных дываноў. «Нам выдзелілі памяшканне, дзе ўжо ідзе рамонт, — кажа Таццяна Уладзіміраўна. — Гэта будзе, не пабаюся сказаць, адзіны такі музей на ўсёй постсавецкай прасторы».

Штогод горад наведваюць крыху больш за 40 тысяч турыстаў. Але гэтага недастаткова, лічыць старшыня гарвыканкама. На думку Святланы Пятроўны, турыстычны патэнцыял для Заслаўя — як мінімум 150 тысяч наведнікаў штогод.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА


А для таго, каб дабрацца да Заслаўя са сталіцы, можна скарыстацца цягнікамі гарадскіх ліній, абсталяванымі пунктамі доступу Wi-Fi.

Загаловак у газеце: Жыццё ў спадарожніку

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.