Вы тут

Беларусь і Індыя маюць намер істотна нарасціць тавараабарот


Беларусь і Індыя маюць намер істотна нарасціць тавараабарот за кошт пашырэння сфер супрацоўніцтва і стварэння сумесных вытворчасцяў. Да 2020 года краіны плануюць наблізіцца да аб'ёму ўзаемнага гандлю ў 1 мільярд долараў. Гэта падштурхоўвае бакі да больш актыўнага пошуку новых форм узаемадзеяння. У прыярытэце — умацаванне інвестыцыйнага супрацоўніцтва і пашырэнне вытворчай кааперацыі. Пра тое, якія кірункі партнёрства цікавыя індыйскаму бізнесу і што можа станоўча паўплываць на развіццё двухбаковых сувязяў, БелТА расказаў ганаровы консул Беларусі ў Мумбаі Лаліт Чакхані.


Фота: chokhanipharma.com

— Спадар Чакані, у вас багаты вопыт прасоўвання інтарэсаў індыйскага бізнесу ў краінах СНД. Ці ёсць перавагі працы ў Беларусі?

— Самае галоўнае — гэта давер. Да Беларусі ён ёсць. Індыйскі бізнес добра разумее: калі канкрэтныя дамоўленасці з беларускім бокам дасягнуты, яны будуць рэалізаваныя. Другое — гэта бяспека. Ва ўмовах узмацнення глабальнай напружанасці Беларусь стала яшчэ больш прывабнай краінай, бо тут бяспечна. І для бізнесу, і для чалавека. Я прыязджаю сюды часта і магу гуляць па вуліцах да глыбокай ночы. У іншых еўрапейскіх гарадах гэта наўрад ці магчыма.

Трэцяе — гэта чысціня і парадак, якія тут заўсёды. Яны прыцягваюць турыстаў, і добразычлівасць беларусаў спрыяе гэтаму. Не менш важна тое, што ў беларусаў ёсць жаданне нешта рабіць для паляпшэння сваёй краіны. Усё гэта — несумнеўныя перавагі.

У Беларусі ўжо выконваюцца праекты з удзелам індыйскіх кампаній. Добры прыклад — фармацэўтыка. У Індыі багаты вопыт, тэхналогіі, магчымасці камерцыялізацыі фармпрадукцыі. У беларускага боку — добра падрыхтаваныя кадры, веды, сучасныя вытворчасці. Разам мы можам дамагчыся поспехаў. Я ў гэта шчыра веру.

Зусім нядаўна на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі, упаўнаважаным па супрацоўніцтве з Індыяй Міхаілам Мясніковічам, мы абмяркоўвалі, як надаць дынаміку беларуска-індыйскім адносінам. Галоўнае, што ёсць узаемная зацікаўленасць. За гэтым цягнуцца новыя сумесныя праекты. На сустрэчы абмяркоўваўся адзін з іх — па стварэнні ў Мінску сумесна з найбуйнейшай індыйскай кампаніяй Cіpla Lіmіted навукова-тэхналагічнага цэнтра па вырабе лекавых прэпаратаў на базе прадпрыемства «Акадэмфарм» НАН Беларусі. У яго ўжо інвеставаны мільён долараў.

Летам чакаецца візіт у Мінск дэлегацыі кампаніі Cіpla на чале са старшынёй праўлення доктарам Юсуфам Хамідам. Дарэчы, да Беларусі ў яго асаблівае стаўленне, бо яго маці адсюль родам. Гэта шмат у чым вызначыла яго выбар краіны ў якасці пляцоўкі для фармвытворчасцяў. Гаворка ідзе пра лекі для лячэння ВІЧ-інфекцыі, гепатыту В і гепатыту С, хваробы Альцгеймера, артэрыяльнай лёгачнай гіпертэнзіі. З выхадам прэпаратаў на рынак кошт асобных з іх для беларускіх спажыўцоў паменшыцца ў 10 разоў. Паводле нашых ацэнак, гэтыя лекі будуць запатрабаваныя не толькі на ўнутраным рынку, але і ў краінах СНД.

У будучыні ў кампаніі ёсць планы арганізаваць на базе гэтага цэнтра выпуск дарагіх лекавых прэпаратаў для лячэння рэдкіх захворванняў.

— Для гэтага патрэбныя сапраўды высокія тэхналогіі і адпаведныя веды...

— Cіpla пераканалася ў высокай кампетэнцыі беларускіх вучоных. Яны здольныя паспяхова асвоіць тэхналогіі, якія кампанія можа даць. У Мінску таксама плануецца адкрыць цэнтр падрыхтоўкі кадраў для трэціх краін, у тым ліку Манголіі, Таджыкістана. Зараз на гэтыя паслугі вялікі попыт.

Гэты праект — добры прыклад, але могуць быць і іншыя. Новыя магчымасці супрацоўніцтва будуць абмеркаваны падчас візіту ў Мінск ганаровых консулаў у Непале, Шры-Ланцы, Бангладэш, Калькуце і Мумбаі, які запланаваны на 4—8 жніўня бягучага года. Мэта гэтага візіту — умацаваць двухбаковыя адносіны, абмеркаваць магчымасці ліквідацыі тых бар'ераў, якія абцяжарваюць работу бізнесу.

— Якія яшчэ напрамкі вы разглядаеце ў якасці прыярытэтных для партнёрства?

— Іх некалькі. Плануем супрацоўнічаць з аршанскімі вытворцамі ільновалакна. Індыйскія інвестары высока ацанілі якасць беларускага лёну. Адна з кампаній ужо падпісала пагадненне аб экспарце гэтай прадукцыі ў Індыю. Прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі ў Оршы вытворчасці па вырабе адзення з беларускага лёну па італьянскіх лекалах для наступнай пастаўкі ў трэція краіны.

Яшчэ адзін напрамак — кінаіндустрыя. Тут вельмі вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва. Ужо летам на базе «Беларусьфільма» пачнуцца здымкі першага індыйскага фільма. Упэўнены, праект завершыцца паспяхова і стане прыкладам для развіцця партнёрства ў гэтай галіне.

Акрамя таго, у наступным годзе мы маем намер арганізаваць у Беларусі індыйскі фестываль, на які плануем запрасіць 2—3 кіназорак з Індыі. Цяпер гэтым займаецца пасол Індыі ў Беларусі. У планах — прывезці на гэты фэст не менш за 500 індыйскіх турыстаў. Гэта будзе міждзяржаўны праект сумесна з Літвой, Латвіяй, Эстоніяй. Пабываўшы ў Мінску, індыйскія турысты могуць пасля наведаць і гэтыя краіны.

— Ці добра ў Індыі ведаюць Беларусь?

— На маю думку, інфармацыі пра краіну ў прадстаўнікоў бізнесу недастаткова. Цікавасць да Беларусі ў індыйскіх кампаній ёсць. Але яны дрэнна знаёмыя з нацыянальным заканадаўствам, а гэта важна для рэалізацыі праектаў. Напрыклад, да мяне часта звяртаюцца па такую інфармацыю. Я тлумачу асаблівасці і ўмовы работы ў Беларусі, імкнуся да таго, каб сумесных праектаў у дзвюх краін было як мага больш.

Загаловак у газеце: Планаў — на мільярд!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».