Вы тут

Прэзідэнт дазволіў экспарт лесу-кругляку


Але запатрабаваў паскорыць будаўніцтва пялетных заводаў.

Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў з дакладам па павышэнні эфектыўнасці выкарыстоўвання лясных рэсурсаў старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава і намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Дворніка. Прэзідэнт адзначыў, што ў апошні час нараканняў наконт працы ў лесе зашмат і адказным за лясную гаспадарку трэба сур’ёзна падключыцца да гэтага пытання, разабрацца і вызначыцца з адпаведным міністэрствам, як жыць далей.


«Гэта падарунак прыроды, але мы ставімся да лесу агідна. Я часта бываю ў лесе і гляджу, як працуюць нашы леснікі. Ні па пасадках, ні своечасова спілаваць спелы лес для перапрацоўкі, ні дарог... Карацей, мала парадку. Проста бязладна ставімся да гэтага падарунка, найвялікшага. Не кажучы ўжо пра эканоміку: амаль 40 % тэрыторыі — лес. Трэба скарыстацца гэтым рэсурсам. Гэта добрая сыравіна. Напілавалі лесу і не можаце яго перапрацаваць, просіце дазволу на пастаўкі бярвёнаў на знешні рынак. А мы калісьці ўжо дамовіліся, што павінны перапрацоўваць нашы рэсурсы лясныя ў нейкі паўфабрыкат, а лепей — у мэблю (з высокай прыбаўленай вартасцю перапрацоўваць сыравіну), і пастаўляць на знешнія рынкі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Забарона на экспарт лесу-кругляку з боку Прэзідэнта дзейнічае з мінулага году. Як патлумачыў журналістам Леанід Анфімаў, сёлета праз збег шматлікіх негатыўных фактараў і на лясную гаспадарку, і на дрэваапрацоўку адбылася разбалансіроўка аб’ёмаў нарыхтоўкі дрэўнай сыравіны і яе перапрацоўкі на ўнутраных вытворчых магутнасцях. Каля трох мільёнаў кубаметраў драўніны аказалася неперапрацаванай і патрабуе неадкладных рашэнняў па яе рэалізацыі.

«Асноўныя перапрацоўшчыкі могуць павялічыць перапрацоўку тэхнічна і тэхналагічна, але прадукцыя будзе незапатрабаванай. Таму міністэрства лясной гаспадаркі і Савет міністраў звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай згадзіцца на экспарт 900 тысяч кубаметраў драўніны. Частку астатняй драўніны перапрацуем унутры краіны і экспартуем прадукцыю з больш высокай прыбаўленай вартасцю, частку нарыхтуем на дровы для сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі», — паведаміў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю. Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву, але абазначыў задачы на бліжэйшую перспектыву, да 2020 году. 

Драўніну можна было б перапрацоўваць на паліўныя пялеты, каб былі створаныя неабходныя магутнасці. У прыклад Леанід Анфімаў прывёў завод у Пастаўскім мэблевым цэнтры праектнай магутнасцю каля 30 тысяч тон пялетаў у год. У планах вытворцаў — выйсці на 37 тысяч тон. Кошт за год склаў каля 95 еўра за тону пялетаў.

Кіраўнік краіны адзначыў, што на біяпаліва вялікі попыт і добры кошт. «Дык ужо ўчора трэба было завезці абсталяванне. Шэсць машын не можам паставіць? Дах зрабілі — і працуйце, а паралельна рабіце сцены. Таму калі ў вас утвараюцца лішкі, якія не можаце перапрацаваць на існуючых прадпрыемствах, хутчэй рэалізуйце гэтыя праекты па будаўніцтве ў кожнай вобласці гэтах заводаў», — патрабаваў кіраўнік дзяржавы. 

Шэсць заводаў, аналагічных пастаўскаму, на думку старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю, могуць пачаць працаваць ужо праз год. Адзінаццаць вытворчасцяў сістэмы міністэрства лясной гаспадаркі, што існуюць сёння, Леанід Анфімаў лічыць больш не прамысловымі, а кустарнымі — 20 тысяч тон пялетаў у год.

Па інфармацыі Леаніда Анфімава, практычна ў кожным з 98 лясгасаў працуюць лесаперапрацоўчая вытворчасць, лесапілаванне. На пялеты ж ідуць адходы, і каб хаця ў большай частцы былі маленькія вытворчасці па выпуску біяпаліва, праблемы з лішкамі тэхналагічнай і дравяной драўніны не засталося б. 

Прэзідэнт параіў вучыцца ў Германіі, дзе перапрацоўваецца і прадаецца ўсё. «У мяне ў лесе адходаў няма. А калі ў вас атрымліваюцца адходы — сумна», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.