Вы тут

Пачаць размаўляць на беларускай мове — проста!


Хто не чуў легенды пра Атлантыду?! Пра чароўны востраў, які быццам бы паглынулі марскія хвалі. Людзі і зараз не спыняюць пошукі гэтага цуду. Студэнт Мікіта Вушаў упэўнены, што лёс Атлантыды і лёс беларускай мовы вельмі падобныя. З цягам часу наш дзівосны скарб — родная мова — быў часткова згублены. Каб нанава адкрыць яго, хлопец стварыў маладзёжны праект «Атлантыда».

Ён быў запушчаны ўвосень мінулага года. Яго мэта — папулярызацыя беларускай мовы і культуры сярод студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. Актывісты праекта арганізуюць прагляды фільмаў на роднай мове, экскурсіі ў музеі, інтэрв'ю са знакамітымі беларусамі.


Мі­кі­та Ву­шаў.

Мікіта, кіраўнік і ідэйны натхняльнік «Атлантыды», вучыцца на другім курсе факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Бацькі хлопца заўсёды размаўлялі па-руску, таму доўгі час беларуская мова была для яго толькі вучэбным прадметам у школе. Але ў старшых класах усё змянілася. Мікіта пазнаёміўся з беларускамоўнымі аднадумцамі, зацікавіўся айчыннай літаратурай.

— Больш за ўсё мяне натхніў настаўнік па астраноміі. Ён выкладаў прадмет па-беларуску. У той час я рыхтаваўся да алімпіяды і на працягу трох месяцаў чуў замест «солнце» — «сонейка», а замест «звёзды» — «зорачкі». Лёд у маім сэрцы растаў, і я вырашыў паспрабаваць перайсці на беларускую мову, — успамінае Мікіта.

Хлопец пачаў пісаць на ёй у сацыяльных сетках, паралельна вывучаючы новыя словы і ўспамінаючы граматычныя правілы. Наступны крок — гутаркі на мове з сям'ёй і сябрамі, а потым і з усімі навокал.

— Гэта быў нялёгкі шлях, — прызнаецца студэнт. — Падчас кардынальнай перамены я сустрэў шмат людзей, якія мяне падтрымалі. Вось толькі самі яны не адважваліся зрабіць тое ж, бо не сакрэт, што ў нашым грамадстве па-рознаму ставяцца да беларускамоўных. Тады ў мяне з'явілася ідэя: чаму б не стварыць такую платформу, дзе можна было б акунуцца ў беларускамоўнае асяроддзе? Каб проста можна было прыйсці і паразмаўляць, без усякага сораму.

На той момант у хлопца ўжо быў вопыт у арганізацыі сацыяльных праектаў. Увесну студэнт запусціў рух «Вандровар» — аб'яднанне аматараў веласіпедаў. Наступным праектам для Мікіты стала «Атлантыда». Хлопец сабраў каманду сяброў, разам з якімі распланаваў усе дэталі і падзяліў абавязкі.

— Шмат часу сышло на тое, каб распаўсюдзіць інфармацыю праз знаёмых, праз сацыяльныя сеткі, — расказвае Мікіта. — Зараз у нашай суполцы «УКантакце» больш за 500 чалавек. Акрамя таго, мы атрымалі каля 70 анкет ад тых, хто хацеў бы нам чымсьці дапамагаць.

На «Раз­мо­ве» ў фар­ма­це ін­тэр­в'ю.

Пакуль у рамках праекта праводзяцца чатыры мерапрыемствы. Першае — «Музеі». Удзельнікі дамаўляюцца і разам ідуць на экскурсію. Студэнты ўжо наведалі Нацыянальны гістарычны музей, дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Лошыцкую сядзібу і Музей гісторыі медыцыны Беларусі.

Яшчэ адна ініцыятыва «атлантаў» — «Кіно на мове». Гэта прагляд фільмаў у перакладзе на беларускую ў прыемнай кампаніі і ўтульнай атмасферы. З сабой прыносяць гарбату, прысмакі, а пасля дзеляцца ўражаннямі ад кінакарціны.

Наступнае «дзіця» праекта — «Хуткія спатканні». 15 хлопцаў і 15 дзяўчат збіраюцца ў сталоўцы галоўнага корпуса БДУ. У кожнай пары ёсць пяць хвілін, каб пазнаёміцца. Затым хлопцы падсаджваюцца да наступнай дзяўчыны. Кожны з удзельнікаў адзначае ў спецыяльнай «карце сімпатый», ці спадабалася ім гутарка з чалавекам. Калі ўсе 15 спатканняў завершаны, арганізатары збіраюць і правяраюць анкеты. У выпадку ўзаемнай сімпатыі ўдзельнікам дасылаюцца кантакты тых, хто ім спадабаўся.

— Кожны выбірае для гутаркі тую мову, якая яму зручная. Але мы папярэджваем удзельнікаў: калі яны хацелі папрактыкавацца ў беларускай — гэта выдатная магчымасць. Бо ўсіх людзей на «спатканні» ты бачыш упершыню, таму і размаўляць можаш не так, як звычайна, — лічыць кіраўнік «Атлантыды».

Чацвёртае мерапрыемства — «Размова» — інтэрв'ю са знакамітымі беларусамі. На момант падрыхтоўкі публікацыі ў рамках праекта праводзілася толькі адна такая сустрэча — з банкірам Віктарам Бабарыкам. А пасля былі яшчэ «Размовы» з ІT-прадпрымальнікам Юрыем Мельнічакам і гуртом Navіband. Бізнесмен згадзіўся на інтэрв'ю вельмі хутка — дастаткова было толькі напісаць яму ў «Фэйсбуку». На працягу дзвюх гадзін студэнты задавалі Віктару пытанні, а пасля відэяверсія гутаркі з'явілася ў сацыяльных сетках.

Пад­час су­стрэ­чы з Вік­та­рам Ба­ба­ры­кам.

— Герой адразу папярэдзіў, што будзе адказваць па-руску. Але гэта зусім не было праблемай, — сцвярджае Мікіта. — Мэта мерапрыемства — паказаць, што ў Беларусі шмат сапраўды крутых людзей. Пакуль не буду раскрываць інтрыгу, толькі скажу: у нашым спісе каля 50 прозвішчаў тых, каго мы яшчэ плануем запрасіць.

Мікіта ўпэўнены, што папулярызацыя беларускай мовы пачынаецца з разбурэння стэрэатыпаў аб ёй:

— Мы хочам даказаць, што па-беларуску размаўляюць не толькі вяскоўцы і настаўнікі. Я ведаю, што некаторыя нашы суайчыннікі чуюць мову вельмі рэдка. Але чым часцей ты сустракаешся з пэўнай з'явай, тым больш звыклай яна для цябе становіцца. На мерапрыемствах «Атлантыды» мы не прымушаем нікога выкарыстоўваць толькі беларускую. Аднак у той жа час на ёй размаўляюць арганізатары, друкуюцца анкеты. Такім чынам чалавек усведамляе: беларуская мова, як і любая іншая, — звычайны сродак перадачы інфармацыі.

Зараз праект займае ў хлопца вялізны кавалак часу. Але спыняцца на дасягнутым ён не збіраецца. «Атлантыда» падарыла Мікіту і новыя знаёмствы, і карысны вопыт. Напрыканцы просім кіраўніка праекта падзяліцца сакрэтам, як усё паспець.

— Вельмі проста — не спаць да пяці гадзін раніцы, — смяецца ён у адказ.

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».