Вы тут

Як вакальная студыя «ДоМіСолька» выхоўвае будучых зорак


Большая палова кантактаў у тэлефоне Юліі Зінкевіч — дзеці і падлеткі. Яны тэлефануюць ёй па некалькі разоў на дзень, каб даведацца, як прайшоў конкурс, паскардзіцца на тое, што нехта захварэў і не зможа прыйсці на заняткі, падзяліцца творчымі ідэямі. І гэта не дзіўна, бо за пятнаццаць гадоў, а менавіта столькі існуе ў Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі вакальная студыя «ДоМіСолька», Юлія Аляксандраўна стала адным з самых любімых дзецьмі кіраўнікоў.


Прызнаюся, з нагоды хай сабе і невялікай, але юбілейнай даты, якую студыя адзначыла ў канцы мінулага года, хацелася скрэатывіць і выдаць нешта накшталт: «Пятнаццаць гадоў — пятнаццаць перамог» ці «Пятнаццаць выпускаў за пятнаццаць гадоў». Але не атрымалася. Бо перамог, у тым ліку вялікіх і значных, за гэты час заваявана значна болей, а выпускнікі... Яны сыходзяць і зноў вяртаюцца. Ужо ў статусе студэнтаў самых розных навучальных устаноў, але па-ранейшаму — салістамі вакальнай студыі «ДоМіСолька».

Як, напрыклад, Дзіяна Лявонцьева, якая нядаўна стала лаўрэатам І ступені шматжанравага фестывалю-конкурсу мастацтваў «Пакаленне Z», што праходзіў у рамках міжнароднага фестывальнага праекта «Zvеzdо4еt». Ці Хрысціна Камінская, якая паспяхова прайшла адбор і зараз рыхтуецца да ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні «Маладзечна-2019». Ды ўсе тыя дзяўчаты і хлопцы, якім не хапае часу для спеваў, але ў якіх заўсёды ёсць гадзіна-другая на тое, каб на канікулах абавязкова зазірнуць у цэнтр, сустрэцца з кіраўніком «ДоМіСолькі».

І ці думаў хтосьці з самых першых вакалістаў, што невялікае аб'яднанне па інтарэсах хутка ператворыцца ў сапраўдную фабрыку зорак. Пераможца тэлевізійнага конкурсу «Сузор'е надзей» Вікторыя Шчыкацілава, студэнтка Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры Ганна Кляшчонак, сённяшні «зорны» склад сярэдняй групы, якая заваявала другое месца ў намінацыі «Выканаўцы армейскай песні» ХХ Тэлевізійнага фестывалю армейскай песні «Зорка» і яшчэ шмат значных перамог — пералічваць тых, чые таленты былі заўважаны, раскрыты і агранены ў «ДоМіСольцы», можна бясконца.

Таксама бясконца можа гаварыць і пра работу кіраўніка вакальнай студыі. «Я настолькі люблю сваю справу, дзяцей, з такім задавальненнем іду кожны дзень на работу, што знаёмыя мне зайздросцяць, — прызнаецца Юлія Зінкевіч. — Без перабольшання скажу: я сапраўды знайшла сябе». Цяпер Юлія Аляксандраўна дапамагае юным вакалістам у велізарным свеце музыкі знайсці сваё амплуа, тую самую іскрынку, без якой не бывае артыста.

Прычым гэты працэс — справа калектыўная. Бо менавіта так, разам, рыхтуюць у «ДоМіСольцы» літаральна кожны нумар, кожны выхад ці то на раённую, ці то на рэспубліканскую або міжнародную сцэну. Нягледзячы на тое, што трэба ўлічваць мноства самых розных фактараў — тэмперамент дзяцей, іх вакальныя даныя, узровень падрыхтаванасці і шмат чаго яшчэ, вынік заўсёды адзін: прызнанне слухачоў.

Ну а сакрэт таго, як з маленькіх, крыху няўпэўненых у сабе хлопчыкаў і дзяўчат, якіх у цэнтр дзяцей і моладзі прыводзяць за руку бацькі, зрабіць пераможцаў прэстыжных конкурсаў, у Юліі Зінкевіч адзін. І за пятнаццаць гадоў ён ніколі яшчэ не падводзіў. Каб запаліць яскравы талент, трэба спачатку загарэцца самой, упэўнены педагог. І тады зусім не цяжка будзе з іскрынкі атрымаць вялікае полымя, імя якому — творчае натхненне.

Жыццё ў вакальнай студыі распісана як па нотах. Да невялікага юбілею «ДоМіСолька» атрымала вялікі падарунак: пастановай Міністэрства культуры студыі было прысвоена ганаровае званне «Узорны калектыў». А гэта ўжо абавязвае. І да таго, каб трымаць высокую планку, і да таго, каб не расчараваць заўсёды ўдзячнага гледача. А таму трэба многа працаваць. Ды не, не працаваць: тварыць, жыць гэтай творчасцю, гарэць новымі ідэямі, вынаходкамі і абавязкова скараць новыя вяршыні. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Дар'я Ражко, вучаніца 11 класа Чашніцкай гімназіі.

Пра аўтара

— Добры дзень, мая сяброўка «Чырвонка»! На гэты раз з задавальненнем канстатую, што я з маладзёжным дадаткам газеты «Звязда» ўжо добра знаёмая, бо выпісваю і чытаю гэтае друкаванае выданне, — кажа пра сябе наша чарговая аўтарка Дар'я. — Удзел у конкурсе «Я малады. І мне не ўсё роўна!..» прымаю не першы раз. І хачу сказаць вялікі дзякуй за тое, што даяце пляцоўку для самавыяўлення нам, маладым, дзеліцеся вопытам, дапамагаеце зрабіць першыя і такія важныя крокі ў свет творчасці.

Мне 16 гадоў, зараз я вучуся ў выпускным класе і адначасова рыхтуюся да паступлення на журфак БДУ, таму проста не магла абысці бокам заўсёднае «вастрыце пёры!»

Загаловак у газеце: Як па нотах

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».