Вы тут

Што пачытаць: раіць «Звязда»


У сённяшнюю падборку навінак нашага Выдавецкага дома трапілі чатыры цудоўныя дзіцячыя кнігі і адна не менш цудоўная кніга для больш дарослых чытачоў. Але, нават калі вам больш за –ццать, смела можаце чытаць усё!


Павел Гушынец. “Папа, расскажи про меня историю”

Навошта Баба-Яга прыляцела ў дзіцячы садок? Чаму самую вялікую лыжку кашы трэба з’ядаць не за маму і не за тату, а за дзядзечку-сантэхніка? Як растлумачыць хлопчыку-задзіры, што яго паводзіны маглі б быць і лепш – пабіць ці проста паразмаўляць? Адказы на гэтыя складаныя пытанні, якімі задаецца дзяўчынка Соня, – у новай дзіцячай кніжцы Паўла Гушынца “Папа, расскажи про меня историю!”. Ілюстрацыі да іранічных апавяданняў маладога пісьменніка малявала талентавітая мастачка з Брэста Марыя Міцкевіч. Атрымалася задорна і па-дзіцячы непасрэдна!

Дарэчы, першая дзіцячая кніга аўтара – зборнік вясёлых гісторый “Девочка и крокодил” – разышлася вельмі хутка!


Кацярына Хадасевіч-Лісавая. “Вухуцiк. Васiльвася”

“Ву-ху-у-у!”. Менавіта так павітаўся б з вамі адзін з галоўных герояў новай кнігі пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Вухуцiк i Васiльвася – гэта фантастычныя iстоты, якiя трапiлi на Зямлю з космасу праз сапраўдны магiчны партал. Разумныя стварэнні хутка “асвоіліся” на нашай планеце: вывучылі беларускую мову, пакаштавалі маннай кашы і дранікаў са смятанкаю, паглядзелі, як у школе праходзяць урокі і пралятаюць перапынкі... Прыстасавацца да паўсядзённасці ім дапамагалі звычайныя “некасмічныя” дзяўчынка Улада і хлопчык Максім.

Дарэчы, выданне незвычайнае, бо складаецца з дзвюх казачных частак: адна гiсторыя напiсана для дзяўчынак, другая – для хлопчыкаў, але нiхто не забараняе чытаць “чужую” казку. А яшчэ ў кнiзе дзяцей чакае... вандрульня! Што гэта за “фрукт” такi i як з яго дапамогай весела правесцi час – адказ шукайце ў кнiзе!


Людміла Рублеўская. “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара”

Калі вы цікавіцеся гістарычным фэнтэзі, то, напэўна, ведаеце пра серыю прыгодніцкіх і фантасмагарычных раманаў “Авантуры Пранціша Вырвіча” Людмілы Рублеўскай. А калі не ведаеце – самы час пазнаёміцца з творамі вядомай беларускай пісьменніцы. Ды і нагода ёсць: у Выдавецкім доме “Звязда” пабачыла свет пятая – доўгачаканая! – кніга серыі, “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара”.

…Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Баўтрамей Лёднік – чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля. Але нават гэта не выратоўвае ад непрыемнасцей. І вось ужо зноў шляхціц Вырвіч і доктар Лёднік уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў... Да сяброў далучаецца сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі Лёдніка панны Праксэды. Героі патрапяць у сутарэнні Ашмянскага замка, палётаюць на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, пагасцююць у Пацучынага Караля…

Банду Чорнага Доктара чакаюць неверагодныя прыгоды, а вас – невядомыя старонкі беларускай гісторыі!


Віктар Ляскоўскі. “Колючая книжка

Гэта кніга сапраўды калючая і востранькая, бо на кожнай старонцы вас чакаюць невялікія вершы пра адных з самых пацешных і замілавальных жывёл, якіх любяць і дзеці, і дарослыя, – вожыкаў. Галоўнае правіла пры чытанні – не будзьце занадта сур’ёзнымі! І тады зможаце даведацца, ці даводзіцца Бабка-Ёжка сваячкай вожыкам, што Вожык – знакаміты персанаж казак – рабіў у тумане і як часта ў сямействе “калючкіных” ідуць у ход яжовыя рукавіцы.


Аляксандр Стрыгалёў. “Подружились Кошка с Мышкой”

Пасябравалі Кошка з Мышкай... Скажаце, такога не бывае? А вось і не! У кнізе Аляксандра Стрыгалёва бывае і не такое. Хлопчык з татам будуюць карабель, каб сплысці за сем мораў і... адкрыць Амерыку. Жыраф-прыдзіра адмаўляецца насіць шалік, таму што для шаліка такіх памераў яму прыйдзецца купляць асобную шафу. А задуменная карова глядзіць на месяц у начным небе і перажывае, што дзесьці далёка-далёка, у іншай галактыцы, адзін з яе суродзічаў згубіў свае рогі... Вось такія яны, героі пацешных вершаў Аляксандра Стрыгалёва!

Алена Карпенка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.