Вы тут

Цыбулі да канца міжсезоннага перыяду хопіць


З-за складаных умоў надвор'я мінулага года — анамальнай спёкі — загінула значная частка ўраджаю цыбулі ў многіх краінах Еўрасаюза і, як вынік, утварыўся яго востры дэфіцыт на сусветных рынках, а цэны імкліва пайшлі ўверх. У гэтай сувязі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выступіла з тлумачэннямі адносна таго, як у сувязі з павышаным попытам на цыбулю змянілася кан'юнктура спажывецкага рынку краіны.


Найперш, паведамляе МАРГ, аб'ёмы вытворчасці цыбулі ў Беларусі дазваляюць цалкам забяспечыць унутраны рынак. Гадавая патрэба ў ёй арганізацый гандлю складае каля 25—27 тысяч тон і, па ацэнцы, можа быць забяспечана за кошт прадукцыі, вырашчанай у сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках краіны. Па звестках Белстата, у гаспадарках усіх катэгорый летась было вырашчана 215,8 тысячы тон цыбулі, ці 91,8 працэнта ад узроўню 2017 года.

У адпаведнасці з рашэннямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама на міжсезонны перыяд 2018—2019 года ў стабілізацыйныя фонды было закладзена 11,7 тысячы тон цыбулі (94 працэнты ад узроўню 2017—2018 года). Па інфармацыі з рэгіёнаў, па стане на 1 мая рэшткі гэтай прадукцыі ў стабілізацыйных фондах склалі адну тысячу тон, што, па разліках, дастаткова да канца міжсезоннага перыяду (31 мая).

Цэны на цыбулю ўстанаўліваюцца вытворцамі і суб'ектамі гандлю самастойна, зыходзячы з якасных характарыстык, кан'юнктуры рынку, выдаткаў па захоўванні.

Летась адзначалася зніжэнне як адпускных, так і рознічных цэн на цыбулю, у той час як сёлета, на фоне неўраджаю 2018 года, адпускныя і рознічныя цэны павялічыліся ў 2,2 раза і прыблізна на 65 працэнтаў адпаведна.

Па інфармацыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, ажыятажнага попыту на цыбулю не назіраецца, паведамляе МАРГ. Вынікі маніторынгу тэрытарыяльных органаў міністэрства, праведзенага днямі, сведчаць, што цыбуля не менш як трох відаў маецца ў продажы ва ўсіх эгіёнах краіны як у гандлёвых аб'ектах, так і на рынках па цане ад 0,79 да 2,99 рубля за кілаграм (айчынная, адзін-два віды), ад 1,8 да 6,65 рубля за кілаграм (імпартная, адзін-тры віды).

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?