Вы тут

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем


Супрацоўніцтва з Кітаем у Віцебскай вобласці рознавектарнае і не збаўляе абароты. Наадварот, яно пашыраецца ў розных сферах: ад будаўніцтва да культуры. У паўночным рэгіёне Беларусі дзякуючы супрацоўніцтву з КНР у прадстаўнікоў СМІ часта знаходзіліся інфармацыйныя нагоды. Словы «ўпершыню» або «ўнікальны» ў эфіры, сайтах або друкаваных артыкулах выклікалі да падзей асаблівы інтарэс.

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.


Шматпавярховікі ў Віцебску...

Клю­чы ві­цеб­скія на­ва­сё­лы атрым­лі­ва­лі  з рук па­сла КНР у Бе­ла­ру­сі Цуй Цы­мі­на.

На малой радзіме Марка Шагала вясной пазамінулага года гараджане, якія мелі права на атрыманне сацыяльнага жылля, справілі наваселле ў мікрараёне «Білева-3». Дзесяціпавярховы 120-кватэрны дом стаў месцам пражывання для сірот, сем'яў, у якіх гадуюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетных і г. д. А ў снежні 2018-га жыхары горада атрымалі ад кітайскіх сяброў яшчэ адзін падарунак – ключы ад кватэр у аналагічным сацыяльным доме па вуліцы Ленінградскай навасёлам уручаў пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін.

Гэта — добрыя прыклады супрацоўніцтва з Беларуссю ў рамках фінансава-тэхнічнай дапамогі Паднябеснай у сферы будаўніцтва жылля сацыяльнага прызначэння. Усе выдаткі — ад праектавання да фінансавання будаўніцтва — узяў на сябе кітайскі бок.

Звонку, дарэчы, дом у Білеве на вуліцы акцёраў Яроменкаў нічым не адрозніваецца ад іншых, пабудаваных па аналагічным праекце, адно што на фасадзе ёсць інфармацыя аб дапамозе Кітая.

— Сюды мы засяліліся два гады таму. Раней я, мама і брат жылі на праспекце Чарняхоўскага з бабуляй. У гэтым доме ў нас двухпакаёвая кватэра. Якасць жылля задавальняе, — расказвае Аляксандр Васіленка. Ён вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, адначасова працуе ў кампаніі мабільнай сувязі.

Маладая мама прадставілася Марыяй, яна расказала, што ў доме добры ліфт, у які без праблем умяшчаецца каляска.

— Гэта зручна... Раней жылі ў кватэры ў доме на вуліцы П. Броўкі ў цеснаце... Тут, канешне, прасторнае жыллё, — кажа гараджанка.

Яшчэ адзін жыхар дома Раман — рабочы дзяржаўнага прадпрыемства.

— Я ў гэтым доме з моманту засялення. Да гэтага жылі з мамай на вуліцы В. Церашковай. Тут у двухпакаёвай кватэры з жонкай і дзіцем. Падабаецца раён, бо вельмі спакойны і побач лес, — паведаміў суразмоўнік.

Свят­ла­на Емяль­я­на­ва з дач­кой Ка­ры­най  ця­пер жы­вуць у но­вым до­ме на Ленінградскай.

Вельмі добра пагутарылі з яшчэ адной жыхаркай. Валянціна Паўлаўна Княжышча прагульвалася з унучкай, дзяўчынкай з абмежаванымі магчымасцямі. Раней жанчына працавала ў садку. Улічваючы стан здароўя ўнучкі, якой у хуткім часе будзе дзевяць гадоў, цяпер даглядае яе.

Суседзі ў яе пад'ездзе дружныя: разам кветкі высаджваюць каля дома, калі нешта здарыцца, прыходзяць на дапамогу адно аднаму... Стасункі вельмі шчырыя, як у двух народаў: беларускага і кітайскага, кажа жанчына.

У абласным цэнтры гэты прыклад не адзіны. Недалёка ад чыгуначнага вакзала — на вуліцы Ленінградскай — навасёлы не раз добрым словам прыгадаюць клопат з далёкай краіны. Там, таксама ў дзесяціпавярховым доме, у канцы мінулага года справілі наваселле тутэйшыя, якім гарантавана сацыяльная падтрымка. Надзвычайны і Паўнамоцны пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін падчас уручэння ключоў падкрэсліў, што будаўніцтва жылля ў Віцебску будзе працягвацца.

...і ў глыбінцы

Паралельна з узвядзеннем «метраў» у абласным цэнтры кітайская бязвыплатная будаўнічая дапамога запатрабавана ў глыбінцы.

У прыватнасці, у межах рэспубліканскага праекта «Будаўніцтва сацыяльнага жылля» ў 2017 годзе ў Оршы быў здадзены дзевяціпавярховы 108-кватэрны дом. У Наваполацку мінулай восенню справілі наваселле ў 84-кватэрным доме сацыяльнага прызначэння. Ён пабудаваны па аналагічным «алгарытме». А ў суседнім Полацку гарадскую забудову дапоўніў 92-кватэрны дом-прыгажун. У Лепелі для тутэйшых былі прызначаныя 40 кватэр у такім жыллі...

Будаўніцтва па «кітайскай сістэме» працягвалася і ў іншых населеных пунктах Віцебшчыны.

Калі генпадрадчык — кітайская арганізацыя, беларускі бок працуе па субпадрадзе. Жыллё адпавядае беларускім стандартам і па якасці, а тым больш па зручнасці для жыльцоў нічым не адрозніваецца ад «сабратаў» айчыннай вытворчасці.

Жыллё, дарэчы, «інтэлектуальнае»: з сучаснымі сістэмамі вентыляцыі, зберажэння энергіі, з мінімумам небяспекі для навакольнага асяроддзя.

«Энергасцяна» на Дзвіне

Падчас «Вялікай гутаркі з Прэзідэнтам» у якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва з КНР кіраўнік дзяржавы назваў гідраэлектрастанцыю на Заходняй Дзвіне.

У 2013 годзе на адной з самых працяглых рэк краіны Кітайская інжынерная кампанія па электраэнергіі (CNEEC) пачала будаўніцтва найвялікшай гідраэлектрастанцыі ў Беларусі. Яна мае чатыры турбіны, кожная з якіх — магутнасцю 10 МВт. Уведзена ў эксплуатацыю яна ў ліпені 2017 года.

Штогод на ГЭС магчыма выпрацоўваць каля 140 мільёнаў кілават-гадзін электраэнергіі. Гэтага, як канстатуюць энергетыкі, з лішкам хопіць, каб забяспечыць патрэбы спажыўцоў Віцебскага раёна і не толькі.

Дарэчы, адна з галоўных водных артэрый краіны на гэтым участку пасля ўзвядзення станцыі засталася суднаходнай. У Віцебскім райвыканкаме адзначаюць, што гэта дазволіць прыцягнуць яшчэ больш аматараў воднага турызму. Магчымасць прайсці знакамітым водным шляхам «З варагаў у грэкі» вабіць усё больш беларусаў і іншаземцаў. Такім чынам, можна будзе выкарыстаць гідраэлектрастанцыю і для арганізацыі актыўнага адпачынку.

Адзін з асноўных партнёраў

Пер­шы дом у ві­цеб­скім Білеве, па­бу­да­ва­ны пры да­па­мо­зе КНР.

Знешнегандлёвае супрацоўніцтва з КНР на Віцебшчыне стабільнае. У сярэднім штогод у гэтую краіну экспартуецца прадукцыі на суму каля дзесяці мільёнаў долараў ЗША. Калі не лічыць супрацоўніцтва з расіянамі, менавіта Кітай традыцыйна знаходзіцца ў пяцёрцы асноўных гандлёвых партнёраў вобласці па аб'ёме тавараабароту разам з Нідэрландамі, Вялікабрытаніяй, Германіяй і Польшчай.

Асноўныя прадпрыемствы-экспарцёры, якія маюць вопыт працы на кітайскім рынку і экспартуюць сваю прадукцыю, — ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк-Шкловалакно», Аршанскі льнокамбінат. У КНР таксама высока ацанілі прадукцыю Віцебскага маслаэкстракцыйнага завода, Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода «Прыдзвінне», холдынга «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» ды іншых. Усяго экспарт прадукцыі ажыццяўлялі каля дваццаці прадпрыемстваў вобласці. А сярэднегадавы аб'ём тавараабароту вобласці з кітайскімі партнёрамі за апошнія пяць гадоў складае каля 120 мільёнаў долараў. Максімальны аб'ём тавараабароту адзначаўся ў 2012—2013 гадах і дасягаў 280 мільёнаў долараў.

Як паведамілі ва ўпраўленні знешнеэканамічнай дзейнасці Камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама, аснову імпарту з КНР складаюць матэрыялы для вытворчасці абутку, сыравіна для харчовай, лёгкай і хімічнай галін прамысловасці, лекі і паўфабрыкаты, інсектыцыды, інструменты.

Прадпрыемствы-экспарцёры рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных выстаўках на тэрыторыі Кітая, у прыватнасці ў штогадовай выстаўцы-кірмашы ў Харбіне. У першай Кітайскай міжнароднай выстаўцы імпарту ў Шанхаі, што прайшла ў лістападзе 2018 года, прынялі ўдзел дзесяць прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Там была прадстаўлена прадукцыя нафтахімічнай галіны, мяса-малочная, а таксама льняная. Дарэчы, нядаўна на пасяджэнні аблвыканкама губернатар Мікалай Шарснёў адзначыў, што кітайскі бок агучыў жаданне пабудаваць з нуля льнозавод. Цікава, што дзякуючы крэдытаванню аднаго з банкаў Паднябеснай у 2015—2017 гадах быў рэалізаваны інвестпраект па мадэрнізацыі вытворчасці на Аршанскім ільнокамбінаце. Памер інвестыцый перавысіў 129 мільёнаў рублёў.

Кітайская мова з дзяцінства...

На Віцебшчыне расце колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць кітайскую мову ў якасці замежнай. Напрыклад, у бягучым годзе яе асвойваюць больш за 220 школьнікаў з абласнога цэнтра і Оршы. А каля дзесяці ўстаноў адукацыі Аршанскага раёна маюць факультатыўныя заняткі, якія вядуць валанцёры з КНР.

Мінулай восенню пры падтрымцы Пасольства КНР у Беларусі ў віцебскай СШ № 44 адкрыўся першы ў вобласці клас Канфуцыя. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт паспяхова рэалізуе праект акадэмічнай мабільнасці з Хейлундзянскім універсітэтам. Цяпер у ВНУ-партнёры праходзяць навучанне студэнты гуманітарнага і фінансава-эканамічнага факультэтаў. У Полацкім дзяржуніверсітэце цэнтр Канфуцыя ажыццяўляе дзейнасць па выкладанні мовы, эканомікі і традыцыйнай культуры.

Універсітэтам падпісаны новыя дагаворы аб супрацоўніцтве з Ліннаньскім універсітэтам і Ланьчжоўскім транспартным універсітэтам. Згодна з дамоўленасцямі, плануецца стварэнне сумесных праграм навучання, а таксама запрашэнне кітайскіх грамадзян на вучобу ў Беларусь.

Некалькі гадоў у Віцебскім дзяржаўным універсітэце на платнай аснове праводзіцца летняя адукацыйная праграма для кітайскіх студэнтаў. У 2017 годзе ў рамках гадавой культурна-адукацыйнай праграмы вывучалі рускую мову і пазнаёміліся з культурнай спадчынай Беларусі трыццаць студэнтаў з Пекіна.

... і аздараўленчыя практыкі

Но­на Ма­ка­ра­ва з сы­нам Ар­цё­мам і дач­кой Дзі­я­най  бы­лі ра­ды пры­ем­на­му па­да­рун­ку да Но­ва­га го­да.

Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт (ВДМУ) — адзін з самых паважаных яшчэ з часоў СССР. Ён падтрымлівае сувязі з Куньмінскім медыцынскім універсітэтам. Сюды рэгулярна запрашаюць кітайскіх калег для ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях, якія праходзяць на базе ўніверсітэта.

Дзейнічае дагавор аб супрацоўніцтве ВДМУ з навукова-тэхнічным інвестыцыйным холдынгам FOHOW. У яго рамках ажыццяўляюцца міждысцыплінарныя напрамкі работы факультэта «Здароўезберажэнне» сумесна з супрацоўнікамі навукова-даследчага інстытута FOHOW.

У рамках праекта «Славянска-кітайскія аздараўленчыя практыкі» працуюць групы здароўя «Цыгун» — для людзей сярэдняга і старэйшага ўзростаў. Аднайменны комплекс уведзены па дысцыпліне «Фізічная культура» для студэнтаў спецыяльных медыцынскіх груп з парушэннем апорна-рухальнага апарата і захворваннямі органаў дыхання.

Летась у Віцебскім абласным клінічным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў-інтэрнацыяналістаў адкрыты Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны. На працягу першых дзесяці месяцаў функцыянавання цэнтр наведала каля
тысячы пацыентаў.

Культура без межаў

На базе Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці на працягу мінулага года праводзіліся ўрокі традыцыйнай культуры, майстар-класы для кітайскіх студэнтаў ВНУ Віцебска.

Кітайскі дуэт «Chіnese Men» з горада Хух-Хота сумесна са студэнтамі ВДУ імя П. М. Машэрава ўдзельнічаў у XXVІІ Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

А яшчэ становіцца традыцыйным фестываль «Вясна з вясною сустрэліся», які прайшоў летась у Оршы. Ён сімвалізуе яднанне дзвюх культур — Беларусі і Кітая.

Летась у Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі з удзелам студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і школьнікаў прайшоў Дзень кітайскай культуры. Сумесна з дзяржаўным архівам вобласці арганізавана выстаўка «Другая радзіма», якая расказвала пра жыццё кітайцаў на Віцебшчыне і адзіны на тэрыторыі Беларусі кітайскі калгас «Кантонская камуна», што дзейнічаў у 20—30-х гадах мінулага стагоддзя. Як гэта было? Пад Віцебск жыхары Паднябеснай прыехалі не дзеля пошуку экзотыкі. У Кітаі зямлі ў селяніна было мала, пракарміцца нават невялікай сям'і было цяжка. Таму і шукалі магчымасці працаваць за тысячы кіламетраў ад радзімы. Больш за 40 чалавек прыехалі ў Віцебск і наваколле ў 1922-м. Яны браліся за самую цяжкую працу, якой неахвотна займаліся тутэйшыя. У 1928-м каля дзесяці сем'яў атрымалі амаль дваццаць гектараў недалёка ад горада. Кітайцы пачалі вырошчваць агародніну і садавіну, потым заняліся льном. Росквіт гаспадаркі быў у сярэдзіне 1930-х. Цікава, што ў калгасе быў млын — адзіны ў акрузе. Усе пасяленцы жылі заможна, трымалі жывёлу, добра зараблялі сваёй нялёгкай працай, не раз станавіліся героямі публікацый у газетах і часопісах.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.