Вы тут

Ветэраны КДБ уручылі праўнукам партызана ганаровыя медалі


У атрадзе яго звалі Косцем, ці «французам». На яго раўняліся, бо бачылі, на якія дзёрзкія выхадкі ў баях гатовы пайсці гэты чалавек. Ён мог захапіць палоннага і з такой здабычай залегчы ў засаду, класці ўзрыўчатку на рэйкі, проста пад колы цягніка, калі не хапала зброі, прапанаваць здабыць яе ў ворага. Сціплы і негаваркі, Конрад Мадэй кіраваў групамі мінёраў, штурмавымі групамі, якія разграмілі не адзін варожы гарнізон, у тым ліку і ўзмоцнены нямецка-паліцэйскі гарнізон у Бялынічах. Дарэчы, тут ён захапіў нямецкую гармату і сумеў з яе адкрыць агонь па фашыстах. Не раз ён рызыкаваў жыццём, і дзіва, як яму ўдавалася выходзіць цэлым і выводзіць сваіх людзей з самых складаных сітуацый.


Калі пачалася вайна, Конрад Мадэй сам папрасіўся на фронт. Ён быў чэмпіёнам і рэкардсменам Масквы па плаванні, працаваў трэнерам у спартыўным клубе «Дынама». Таму хлопца разам з іншымі спартсменамі ў складзе атрада спецыяльнага прызначэння «Слаўны» накіравалі для правядзення дыверсійных работ на акупаваную немцамі тэрыторыю...

Сёння пра подзвігі Мадэя можна даведацца дзякуючы ўцалеламу дзённіку, які вёўся ў атрадзе ў 40-я гады. Копія гэтага дзённіка папоўніць экспазіцыю музея 45-й школы Мінска. Яе падарылі ўстанове адукацыі ветэраны арганізацыі контрразведчыкаў. Рэч у тым, што ў гэтай школе вучыліся ўнучкі адважнага партызана, а сёння там атрымліваюць веды два яго праўнукі.

Днямі прадстаўнікі Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар» сустрэліся з навучэнцамі школы, уручылі нашчадкам Мадэя ганаровыя медалі і дакументы, якія сведчаць пра подзвігі іх дзядулі, у тым ліку характарыстыкі, якія збіраліся, каб прысвоіць Конраду Андрэевічу званне Героя Савецкага Саюза.

Сустрэча прайшла ў межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае».

Падчас урока мужнасці ганаровыя госці расказалі дзецям пра кнігу «Астравы памяці», у якой напісана пра подзвігі Конрада Мадэя і пра адзін з самых вядомых дыверсійных атрадаў «Слаўны». Таксама ў кнізе апублікаваны ўспаміны партызанаў і разведчыкаў, эксклюзіўныя дакументы, фатаграфіі з сямейных архіваў, інфармацыя пра пошукавую работу, якую праводзіць арганізацыя ветэранаў КДБ. Там жа надрукаваны і дзённік, які вёў начальнік штаба атрада «Слаўны» Міхаіл Абаротаў. Тут падрабязна апісваюцца баявыя сутыкненні, у якіх удзельнічаў атрад, згадваюцца імёны і месцы пахавання байцоў. Як расказаў сябра Савета ветэранскай арганізацыі ўпраўлення ваеннай контрразведкі КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Вячаслаў Баршчэўскі, дзякуючы запісам, зробленым у дзённіку, удалося знайсці сцёртыя вайной прозвішчы байцоў, у тым ліку і немцаў, якія перайшлі на бок партызанаў. Але вось з адным прозвішчам загінулага салдата, які згадваецца ў дзённіку, узніклі праблемы. Пошукавікі просяць адгукнуцца сваякоў ураджэнца Бялыніч Дзеравяшкіна Валянціна Іванавіча 1927 года нараджэння...

Сваякі Мадэя беражліва захоўваюць інфармацыю пра дзядулю: у вялізнай скрыні складзены старыя фатаграфіі, узнагароды, выразкі з газет. Час ад часу гэта скрыня адкрываецца, і пра гераічнага дзядулю расказваюць дзецям... Але жыве памяць пра вайну і ў іншых сем'ях навучэнцаў 45-й школы — дзеці збіраюць інфармацыю і фатаграфіі сваіх дзядоў для інфармацыйнага стэнда, прысвечанага ваенным падзеям. У школе дзейнічае шыкоўны музей, дзе гасцям, акрамя іншага, заўсёды гатовы расказаць пра газету «Звязда» і герояў-падпольшчыкаў, якія яе выдавалі ў гады вайны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Медалі для праўнукаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».