Вы тут

Што рабіць з надмагільным крыжам?


«Прайшоў год пасля смерці бацькі, і мы паставілі помнік. Застаўся крыж, што з ім рабіць далей?» — гэтае пытанне даслалі ў рэдакцыю нашы чытачы з Фаніпаля.


Нядаўна мы таксама наводзілі парадак на Грабёнскіх могілках, што ў Чэрвеньскім раёне (абнаўлялі аградкі), і зноў сутыкнуліся з непаразуменнем, якое не проста кідалася ў вочы, а брала за жывое. Каля ўвахода на могілкі ляжала гара смецця, сярод якога можна было ўбачыць шмат драўляных надмагільных крыжоў. Душа балела ад нашай бездапаможнасці і неахайнасці, а яшчэ больш — ад няведання адвечных традыцый і адсутнасці культуры падтрымання парадку на могілках.

Папярэднія пакаленні беларусаў таксама ставілі крыж на магіле пасля пахавання. Часцей вясной на Радаўніцу або Наўскі Вялікдзень (чацвер пасля Вялікадня), радзей восенню на Дзяды, Дзімітраўскія, Міхайлаўскія менавіта на крыжах з'яўляліся прадметы штогадовага абнаўлення. На надмагільныя крыжы (знак роўнасці перад Богам) прымацоўвалі або павязвалі адпаведныя знакі-сімвалы: на магіле дзяўчыны — белы вянок; на магіле жанчыны — белы фартушок; над магіламі мужчын ціха пялёскаліся саматканыя белыя ручнікі. У Мядзельскім, Бабруйскім, Смалявіцкім раёнах нам даводзілася бачыць, як на крыжах, якія стаялі над магілкамі хлопчыкаў, былі павязаны вузкія паясы.

Сёння надмагільны крыж — пазнавальны знак канфесіянальнай прыналежнасці нябожчыка, які ўзвышаецца над магілай і «замыкае» кампазіцыю сфарміраванай зоны смерці, — «красуецца» толькі год. У адпаведнасці з універсальным рытмам традыцыйнай культуры 0-3-9-40-1, год праз год на магіле паставяць свецкі знак — помнік.

А далейшая гісторыя крыжа можа пайсці зусім рознымі шляхамі. З аднаго боку, некаторы час існавала традыцыя, якая патрабавала, перш чым узвесці над магілай гранітны помнік-комплекс (у вельмі шырокім дыяпазоне варыянтаў увасаблення)... выбіраць зямлю на 20—30 см і пакласці туды драўляны крыж.

Існуе і такі варыянт, даволі распаўсюджаны ў Беларусі: пасля таго як пастаўлены помнік, крыж кладуць збоку ад магілы, і ён знаходзіцца там яшчэ на працягу двух-трох гадоў. Калі пад уплывам сонца і паветра драўляны крыж страціць сваю форму, яго выкідваюць на сметнік як звычайную побытавую рэч, якая адслужыла свой век.

У славянскай традыцыі існаваў звычай: двойчы на год (а ў некаторых месцах і больш) неабходна было ачысціць зямлю ад усялякай старызны. Таму на Масленіцу і на Купалле хлопцы збіралі стаптаныя лапці, паламаныя кашы, струхлявелыя бароны і спальвалі на вогнішчы. Было б выдатна, калі б мы адрадзілі гэтае правіла ў дачыненні да нашых могілак: перад Радаўніцай сабраць усе непатрэбныя крыжы ў адно месца і спаліць. Лепш так, чым назіраць за тым, як яны валяюцца ў гары смецця.

Ёсць яшчэ адзін варыянт незвычайнага лёсу гэтых крыжоў. Гэтую традыцыю з суседняй Літвы пераняў калісьці ксёндз Булька ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна. Мясцовыя могілкі ўваходзяць у вельмі прыгожы паркава-касцёльны ансамбль і выразна сведчаць аб тым, што могуць зрабіць людзі, аб'яднаныя адной ідэяй. На мясцовых могілках, якія размешчаны на пагорку, наведзены ідэальны парадак, а ў супрацьлеглы бок ад могілак і касцёла скіравана дарога на мясцовую Галгофу. Паабапал дарогі ў якасці зямной ахвяры Нябеснаму Збавіцелю ўзвышаюцца дзясяткі крыжоў, розных па форме, па сімвалічным сэнсе, памерах. На кожным з іх маецца пазнака аб той сям'і, якая прынесла гэтую ахвяру і якая, трэба думаць, тым самым засведчыла пошук адвечных ісцін. Гэты вопыт можна смела пераймаць і такім чынам вырашыць праблему эстэтызацыі сакральнай прасторы могілак.

Сёння ў многіх вёсках вяртаюцца на свае колішнія месцы крыжы-абярэгі, якія ставілі на пачатку вуліцы або на скрыжаванні дарог. Гэты крыж быў своеасаблівым цэнтрам вясковага свету; перад ім спынялася пахавальная працэсія, схілялі галаву для благаслаўлення маладыя, якія вярталіся з-пад вянца, хрысціўся той, хто кіраваўся ў далёкую дарогу, і той, хто ўжо адолеў яе і вяртаўся да роднага парога. Ганарышся і радуешся за культуру сваіх продкаў і веданне традыцый тутэйшых жыхароў, калі бачыш, як на прыдарожных крыжах, якія стаяць пасярэдзіне або на ўскрайку вёскі і выконваюць ахоўна-засцерагальную функцыю, павязаны адначасова і ручнік, і вянок, і фартушок, таму што крыжы прызначаны перасцерагчы ўсіх жыхароў вёскі: малых і старых, дзяўчат і хлопцаў.

Тую ж ролю будзе выконваць і ўкрыжаваны курган памяці па тых, перад кім мы заўсёды схіляем галовы, просім прабачэння і спадзяемся на маўклівую згоду-падтрымку. У такім разе мы наладзім жывую повязь часу (мінулага і сённяшняга) і самі створым тое капішча, якое паяднае нас не толькі марай заўтрашняга дня, але і каштоўнасцямі старадаўняй традыцыі. Тады дарога ад чырвонага кута роднай хаты да магіл сваіх продкаў будзе пазначана крыжамі памяці.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.