Вы тут

Ці трэба лячыць алергію?


Май звычайна выпрабоўвае нас не толькі доўгімі святамі: на яго прыпадае пік абвастрэння сезоннай алергіі. Як перажыць гэты перыяд тым, хто на яе пакутуе, расказалі спецыялісты.


— З пацыентамі, якія маюць алергію, мы працуем круглы год. Але вясной зваротаў крыху больш, — расказвае дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафпаталогій Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Бараноўская. — Колькасць выпадкаў алергіі ў свеце расце. Лічыцца, што чым лепш нам жывецца, тым больш алергічных хвароб.

Галоўнай прыкметай алергіі з'яўляецца не тое, як яна праяўляецца, а тое, на што рэагуе арганізм. Прычына заўсёды знешняя, і алергія хутка знікае, калі сыходзіць яе крыніца.

— Наш арганізм аднолькава хваравіта рэагуе ў розных абставінах: пасля ўкусу камара, алергіі на кошку і праз унутраныя прычыны. Але сімптом яшчэ не азначае дыягназ. Абавязкова павінна быць звязка: нешта побач — нам дрэнна, няма гэтай крыніцы — добра, — тлумачыць спецыяліст.

У беларусаў алергія найчасцей праяўляецца з боку органаў дыхання — рынітам ці бранхіяльнай астмай. Крыніцай пераважна служаць квітнеючыя расліны, поўсць хатніх жывёл, кляшчы і хатні пыл.

— Алергік звычайна добра ведае прычыну сваёй немачы. Калі гэта трава, то алергія наступае строга па сезоне, калі поўсць жывёл, то ў той час, калі кошка побач, калі кляшчы, то ад старых рэчаў у старых дамах.

Трэба памятаць, што алергія — гэта невылечная хвароба. Але кантраляваць яе можна, што дазваляе паўнацэнна жыць.

— Для таго каб прымірыць чалавека з алергенам, мы карыстаемся ўсімі сучаснымі метадамі. І лячыць алергію варта. Здараецца, што дзеці вырастаюць з насмаркам і не звяртаюць на яго ўвагу, быццам так і трэба. Калі не лячыць алергію ў лёгкай форме, ёсць небяспека таго, што надыдзе другая, больш цяжкая яе хваля, — падкрэсліла Таццяна Бараноўская.

Сёння малекулярная алергалогія дазваляе больш дакладна вызначаць розныя віды алергенаў, а алергенспецыфічная імунатэрапія — калі невялікая доза алергену ўводзіцца пацыенту для таго, каб арганізм перастаў на яго рэагаваць, — дазваляе на некалькі гадоў забыць пра сваю немач.

Як адзначыў загадчык алергічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г. Мінска Дзмітрый Буза, у дзіцячай алергалогіі сітуацыя не такая светлая, як у дарослай. Каля 20 % дзяцей першага году жыцця маюць скурныя праблемы, больш вядомыя як дыятэз. Гэта першы крок да атапічнага дэрматыту, самага распаўсюджанага алергічнага захворвання дзяцей да трох гадоў. З часам атапічны дэрматыт пераходзіць у іншую форму, якая праяўляецца на органах дыхання, — дэбют здараецца, як правіла, у 5—7 гадоў. Алергічныя захворванні органаў дыхання (ад рыніту да бранхіяльнай астмы) — самыя распаўсюджаныя ў падлеткавай групе. У Беларусі 21 тысяча дзяцей, якія пакутуюць на бранхіяльную астму.

Для аблягчэння сімптомаў пры розных формах гэтай хваробы выкарыстоўваюцца розныя метады. З лёгкімі праявамі дастаткова карыстацца балончыкам 1-2 разы на месяц, але ёсць і цяжкія формы, пры якіх прэпараты патрэбны штодзень.

Алергія на лекі сустракаецца вельмі рэдка, адзначыла Таццяна Бараноўская. Але калі яна ў вас ёсць, абавязкова папярэджвайце ўрача пра такія праявы. Яшчэ адна разнавіднасць — холадавая алергія, калі адкрытыя ўчасткі скуры на холадзе пачынаюць свярбець. Пры саграванні гэты эфект праходзіць. Калі ж на холадзе сухая скура пашкоджваецца і пачынае лушчыцца, гэта не сапраўдная алергія, а пашкоджанне скуры холадам.

— Сёння шмат лабараторый прапануюць тэсты на алергію, але пытанне аб іх мэтазгоднасці вырашае толькі ўрач, — адзначыла спецыяліст. — Самадыягностыка ў такіх выпадках — дарэмная трата грошай і часу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.