Рэспубліканскае свята «Апошні званок» пройдзе сёлета ў Оршы (маладзёжнай сталіцы Беларусі 2019 года) і расцягнецца на два дні. Яго ўдзельнікамі стануць 1700 выпускнікоў 11-х класаў з усёй краіны: па 100 прадстаўнікоў ад пяці абласцей плюс 200 мінчан і тысяча выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з Віцебшчыны.
Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард ТАМІЛЬЧЫК, асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы пройдуць на базе Аршанскай дзяржаўнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 2 «Лядовая арэна». Іншагародніх навучэнцаў прывязуць у горад 30 мая ў першай палове дня, размесцяць, пакормяць, а ў 17 гадзін на тэрыторыі, што прылягае да лядовай арэны, распачнецца ўрачыстая частка свята. Узнагароды будуць уручаны 23 найлепшым выпускнікам у намінацыях «Інтэлект», «Талент», «Чэмпіён-2019», «Лідар-2019» і іншых. Гэта будуць пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і турніраў, творчых конкурсаў і фестываляў. Акрамя таго, падзякай міністра адукацыі будуць адзначаны сем найлепшых класных кіраўнікоў — па адным з кожнай вобласці і Мінска.
Затым моладзь пяройдзе ў лядовую арэну, дзе яе будуць чакаць канцэртная праграма і дыскатэка. Плануецца, што перад выпускнікамі выступяць Іван Вабішчэвіч, гурты NаvіBаnd, «Без білета» і іншыя, а хэдлайнерам вечара стане расійскі выканаўца Аляксей Вараб'ёў. Напрыканцы ўсіх чакае святочны феерверк. На другі дзень запланаваныя аглядная экскурсія па горадзе і ўрачыстае ўскладанне кветак на Аршанскім кургане.
Эдуард Тамільчык падкрэсліў, што ўжо сёння на асаблівы кантроль узяты пытанні бяспекі як падчас свята, так і ў месцах пражывання, харчавання маладых людзей, іх санітарная і медыцынская бяспека.
Вучэбны год для ўсіх школьнікаў завяршаецца 31 мая. Базавую школу сёлета заканчваюць 85,6 тысячы навучэнцаў (на 600 чалавек больш у параўнанні з папярэднім годам), а сярэднюю школу — 55,4 тысячы навучэнцаў (на 2,9 тысячы менш).
1 чэрвеня ў навучальных установах стартуюць выпускныя іспыты. Навучэнцы 11-х класаў будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены. Пісьмовыя іспыты па рускай або беларускай мове (на выбар) і матэматыцы пройдуць 1, 3 і 5 чэрвеня. Тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб'яўляцца праз сродкі масавай інфармацыі, таксама іх размесцяць на партале Міністэрства адукацыі. Акрамя таго, адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць вусны экзамен па замежнай мове і гісторыі Беларусі.
Пасля заканчэння базавай школы вучні здаюць тры экзамены: беларускую мову (дыктоўку), рускую мову (дыктоўку) і матэматыку пісьмова. У 9-м класе пісьмовыя экзамены пройдуць 4, 6 і 8 чэрвеня.
— Пры складанні экзаменацыйнага раскладу павінны ўлічвацца санітарныя нормы і правілы. Перапынак паміж экзаменамі — не менш за адзін дзень, — тлумачыць намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — Для выпускнікоў базавай школы на выкананне пісьмовай работы па беларускай і рускай мовах адводзіцца адна астранамічная гадзіна і чатыры астранамічныя гадзіны — для напісання матэматыкі. Адзінаццацікласнікі пішуць пераказ па мове чатыры астранамічныя гадзіны, а на матэматыку ім даецца на гадзіну больш. Для падрыхтоўкі да вуснага адказу выпускнікам адводзіцца не больш за 30 хвілін.
Выпускныя вечары Міністэрства адукацыі рэкамендавала правесці ў школах 8 і 9 чэрвеня. Рашэнне аб даце і месцы іх правядзення, працягласці па часе прымаюць кіраўнікі ўстаноў адукацыі сумесна з бацькоўскімі камітэтамі і ўзгадняюць з мясцовымі органамі ўлады. Толькі ў асобных выпадках выпускны можа прайсці ва ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ці ўстанове культуры. Такая сітуацыя магчымая, калі, напрыклад, у школе старой пабудовы няма актавай залы або колькасць выпускнікоў перавышае колькасць месцаў у ёй. Варыянты з рэстаранамі, кавярнямі і начнымі клубамі не разглядаюцца.
— Хачу нагадаць, што выпускны вечар — гэта свята развітання са школай, у якой малады чалавек правёў 11 гадоў свайго жыцця, таму яно павінна прайсці менавіта ў сценах навучальнай установы, — падкрэсліла Ірына Каржова.
У 2018/2019 навучальным годзе ў краіне функцыянавала 3035 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (у папярэднім — 3067), а колькасць навучэнцаў упершыню за многія гады перавысіла мільён чалавек. На жаль, працэс аптымізацыі сеткі навучальных устаноў яшчэ не завершаны, таму, хутчэй за ўсё, 1 верасня 2019 года адчыняць свае дзверы не ўсе школы. Вядома, што ў новым навучальным годзе да профільных педагагічных і аграрных класаў дабавяцца яшчэ і профільныя спартыўна-педагагічныя класы.
«У прынцыпе, выступіць з ініцыятывай аб адкрыцці профільных класаў можа любое ведамства, — запэўніла Ірына Каржова. — Напрыклад, неабходнасць адкрыцця спартыўна-педагагічных класаў абгрунтавала Міністэрства спорту і турызму, аграрных — Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. А мы такую форму прафарыентацыйнай работы толькі вітаем. З выпускнікоў педагагічных класаў выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці прыкладна 25 працэнтаў ад агульнай колькасці. І гэта лічба нас цалкам задавальняе. Вельмі добра, калі яшчэ ў школе малады чалавек пераконваецца ў правільнасці свайго прафесійнага выбару. Хачу падкрэсліць, што галоўнае — гэта не адзнакі, а сацыялізацыя выпускніка. Калі на момант заканчэння школы малады чалавек усведамляе свой далейшы жыццёвы шлях, мы лічым гэта самым галоўным дасягненнем».
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.