Вы тут

Членскі білет дапамог аднавіць імя абаронцы


Як мы ўжо пісалі, у сярэдзіне сакавіка на месцы былых баёў каля вёскі Гаі Магілёўскага раёна, дзе ў ліпені 41-га трымаў абарону батальён міліцыі пад камандаваннем капітана Уладзімірава, вяліся пошукавыя работы. У іх прымалі ўдзел супрацоўнікі і курсанты Магілёўскага інстытута МУС, для якіх справа гонару аднавіць гераічнае мінулае сваіх калег. На сённяшні дзень вядомы толькі каля чатырох дзясяткаў імёнаў з некалькіх сотняў міліцыянераў, якія стрымлівалі ворага на подступах да Магілёва.


У апошні дзень пошукавых работ разам з чалавечымі астанкамі былі знойдзены не характэрныя для салдат часоў Вялікай Айчыннай вайны фрагменты адзення і зброі — высокія боты, наган, пер'евая ручка з запасным пер'ем і дакументы. Спадзяванні на тое, што нешта атрымаецца прачытаць на паперы, якая 78 гадоў ляжала ў зямлі, былі вельмі сціплымі. Аднак эксперты-крыміналісты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці зрабілі неверагоднае. Спрасаваныя паміж сабой фрагменты паперы, тканіны і палімернага матэрыялу аказаліся членскімі білетамі Асаавіяхім (Таварыства садзейнічання абароне і авіяцыйна-хімічнаму будаўніцтву СССР) і «Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР» на імя клімавіцкага міліцыянера Сямёна Якаўлевіча Дрышчанкі. Білет Асаавіяхім, напрыклад, быў выдадзены яму ў Клімавічах у 1938 годзе.

Гэта імя было вядома членам гістарычнага клуба Магілёўскага інстытута МУС.

— Летась начальнік аддзела арганізацыі навуковай, міжнароднай і выдавецкай дзейнасці інстытута падпалкоўнік міліцыі Аляксей Цюцюнкоў знайшоў у архівах загад начальніка ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі НКУС БССР капітана дзяржаўнай бяспекі Гардзеева ад 10 лютага 1940 года № 59 з прыкладзеным да яго спісам пераменнага складу Мінскай школы рабоча-сялянскай міліцыі — курсантаў двухгадовых курсаў 1940—1941 гадоў. У ім значыліся прозвішчы 151 чалавека. Сярод іх было імя і Сямёна Якаўлевіча. Па знойдзеных дакументах атрымалася даведацца, што ён нарадзіўся ў 1914 годзе. Знаходка пацвярджае звесткі, што асабовы склад школы міліцыі прымаў удзел у абароне Магілёва з 3 да 26 ліпеня 1941 года. А гэта адкрывае вялікія перспектывы ў нашай далейшай пошукавай дзейнасці, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага інстытута МУС Кірыл МАРЖАНАЎ.

Нэлі ЗІГУЛЯ

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.