Вы тут

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. Рэпартаж


Нудна больш не будзеГэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта-блакітнай сястры мы згадвалі пастаянна. Бо душа то разгортвалася, то зноў згортвалася. Пасля пяцігадовага перапынку мы вырашылі наведаць сваю малую гістарычную радзіму — вёску Харобічы на Чарнігаўшчыне. З-за вядомых палітычных падзей яна даўно за межамі дзяржавы, грамадзянамі якой мы з'яўляемся. Так здарылася з многімі людзьмі таго пакалення, на вачах якога разваліўся магутны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.


Межы, пазначаныя на карце, даволі працяглы час не адпавядалі межам рэальным. У першай палове 90-х толькі дзве будкі пазначалі пераезд з Беларусі ва Украіну. Прасёлкавая дарога была даступная для суседзяў, братоў, пляменнікаў, швагераў і дзевераў, якія здаўна перамяшаліся і перамяшчаліся ў той зоне, якая сёння завецца прымежнай. Звычка вольна пераадольваць адлегласць у 80 кіламетраў напрамкі заставалася ў нас доўга. Пакуль пяць гадоў таму канчаткова не скасавалі магчымасць праезду праз так званыя спрошчаныя пункты пропуску. Цяпер ім можна карыстацца толькі пешшу і толькі жыхарам суседніх вёсак.

Усе гэтыя пяць гадоў матуля горка плакала аб забытых магілах сваякоў, на якія немагчыма трапіць за адзін светлавы дзень. І вось нарэшце мы вырашыліся. Напярэдадні Радаўніцы на машыне выехалі раніцай з Гомеля. Па дарозе некалькі разоў бадзёра абганялі магутную сельгастэхніку, якая ў Добрушскім раёне рухалася працаваць у поле.

Хвілін 15 праводзім на беларускім памежным пераходзе Весялоўка і прыкладна 45 — на украінскім — у Сянькоўцы. Гэта якраз там, дзе знакаміты манумент «Тры сястры». Большая частка часу — чаканне пры адсутнасці чаргі. Беларусы запускаюць кожную з машын, што пад'язджае, украінцы накопліваюць па пяць. Не шукаем логікі. Ветлівыя пагранічнікі на беларускім баку і ў кантрасце — напружаныя ўкраінскія. На звычайнае прывітанне рэагуюць так, быццам ты папытаў у іх ваенную тайну. Вялікія плакаты нагадваюць, што сала, як і іншыя прадукты харчу, цяпер катэгарычна забаронена перамяшчаць з краіны ў краіну. Пры выездзе на тэрыторыю Украіны пытаем у пагранічніка, што закрывае за намі шлагбаум:

— Па якой дарозе лепш дабірацца да вёскі Харобічы: праз Гарадню ці праз Саланоўку?

— Ні па якой! — упэўнена адказвае хлопец, і тут нарэшце мы бачым шчырую ўсмешку.

У тым, што вайсковец мае рацыю, пераконваемся адразу ж. Таму выбіраем паміж дрэнным і зусім дрэнным. Едзем праз найбліжэйшы райцэнтр Гарадню. Ад Сянькоўкі да яе — 30 кіламетраў. Яшчэ 18 — да нашых Харобічаў. У дарозе настальгічна ўспамінаем, як было некалі зручна ездзіць напрамкі. Праўда, мая апошняя паездка на зямлю продкаў пяць гадоў таму па кароткай дарозе не абышлася без прыгод. Два разы машыну выцягвалі з брудных ямін, і ўвогуле 20 кіламетраў па ўкраінскай зямлі я тады ехала даўжэй, чым 60 па беларускай. Калі вярнулася, была гатовая цалаваць родны асфальт.

Таму сёлетні маршрут у 135 кіламетраў (у адзін бок) праз міжнародны пункт пропуску мы палічылі аптымальным. Аднак і цяпер, іншым шляхам, давялося спазнаць цікавосткі ўкраінскіх прасёлкавых, быццам некалі асфальтаваных, дарог. Ехалі на першай-другой перадачы. Здзіўляліся, калі два дзясяткі метраў атрымлівалася праехаць на трэцяй.

Часам здавалася, што пракладваем дарогу ў джунглях — так усё навокал зарасло. Радаваліся, калі бачылі, што палі, пяць гадоў таму заросшыя хмызняком, сёлета дзе-нідзе былі апрацаваныя. Удалечыні ўбачылі адзінокага сейбіта, які з вялікай ёмістасці кідаў у вільготную зямлю зерне. Адразу ж прыйшла на памяць выява са знакамітага савецкага чырвонца 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Калі ўязджалі ў саму вёску, дзе матуля правяла сваё дзяцінства, яе эмоцыі пачалі зашкальваць.

— А тут недзе быў дом дзядзькі Антона! А тут — цёткі Марусі! Ой, нічога ж не пазнаць цяпер...

Аўтобусны прыпынак у цэнтры вёскі

Між тым вялізная жылая ўкраінская вёска Харобічы сёння больш нагадвае чарнобыльскую зону адсялення. Некалі, у 90-я гады, давялося паездзіць у забруджаныя радыяцыяй раёны. Таму дакладна памятаю і тыя абваленыя дамы, і тыя абрынутыя коміны, і тыя пустыя вачніцы акон... Эфект дэжавю дагнаў.

Уваход у бабін двор

Калодзеж, з якога мы некалі бралі ваду

Дарэчы, закінуты дом маёй бабулі цалкам зарос дзікім вінаградам і праз яго мы прадзіраліся да ганка. Горкае відовішча, і многа слёз.

Дом, дзе мы некалі жылі

Падлогу, зробленую з шырачэзных ліпавых дошак, якую я некалі ў дзяцінстве мыла пад кіраўніцтвам бабулі, нехта часткова выпілаваў.

Грубку, на якой заўсёды ляжала прыгожая саматканая посцілка, разабралі на цагліны.

Ад печкі, з якой бабуля даставала духмяную «пячэню», мала што засталося. Усё металічнае, у тым ліку накрыўку на склеп, знялі і вынеслі — на металалом. Люстэрка на адным цвіку — быццам погляд у іншы свет. Свет без святла.

Дом і двор, якія зараслі дзікім вінаградам.

У такім жа жудасным выглядзе ўсе дамы былых суседзяў. Самі яны даўно на тых жа вясковых могілках, што і мая бабуля. Дарэчы, мы ўзялі ўсе неабходныя інструменты і рыхтаваліся да складанай работы па навядзенні парадку. Шчыра здзівіліся, што якраз там было ўсё прыбрана. Вялікія дрэвы нядаўна пасеклі і царкву пафарбавалі ў блакітны колер. Зараснікаў не было, і праходы паміж пахаваннямі паўсюдна расчышчаны.

Потым, калі з братам дафарбоўвалі агароджу, падышла суседка Валя. Адна з нямногіх, хто і цяпер жыве на нашай доўгай вуліцы пад назвай Серадоўка. Яна выгадавала пяцярых дзяцей, аднаго пахавала. Муж адышоў у лепшы свет некалькі гадоў таму. Мы цёпла па-праваслаўнаму павіталіся «Хрыстос Уваскрос», і яна сказала, што па меры сіл даглядала за магілай маёй бабулі ўвесь той час, што мы не прыязджалі. А потым дадала, што спяшаецца на спеўкі — рыхтавацца да канцэрта ў гонар Дня Перамогі. Мы вельмі здзівіліся:

— У вас жа адмянілі гэта свята?

— Можа, у каго і адмянілі, а ў нашым сельсавеце яно заўсёды было і будзе, — упэўнена і з гонарам адказала суседка Валя.

Перш чым развітацца, жанчына расказала, што нашчадкі адных знаёмых цяпер працуюць «на клубніцы» ў Польшчы, другіх — мыюць посуд у Германіі, іншых — прыбіраюць у Чэхіі... Яе дзеткі абзавяліся сваімі сем'ямі тут, у вёсках побач, і працуюць на сябе. Маюць жывёлу, трактарок і старанна апрацоўваюць зямлю.

— Цяжка гарбацяцца, — шкадуе Валя сыноў і дачку, — але затое ніхто не галодны.

На зваротнай дарозе спыніліся каля брацкай магілы і помніка ўсім вясковым жыхарам, якія з вайны не вярнуліся. На ім ёсць і імя майго дзеда Якава Талочкі, што прапаў без вестак восенню 1943 года. Адзначылі, што мемарыяльнае месца ў дагледжаным стане. У цэнтры вёскі, між тым, распачата будаўніцтва. Пра гэта сведчыць шыльда на драўляным паркане: «Амбулаторыя агульнай практыкі». Яе, калі верыць надрукаванаму, павінны здаць ужо да канца года. Калі ёсць каго лячыць у вёсцы, можа, населены пункт не асуджаны вымерці?

Разглядалі жоўта-блакітныя агароджы, якія паўсюдна значна збляклі апошнім часам. Здаецца, асвяжаць фарбу на іх ніхто не збіраецца. На тых дамах, якія выглядаюць заможнымі па ўкраінскіх мерках, галоўны знешні атрыбут — спадарожнікавая талерка. З разнастайнай інфармаванасцю, значыць, усё ў іх добра.

Прыдарожная крама

У вясковай краме здалося, што жыццё спынілася недзе ў сярэдзіне 70-х. Менавіта тады я хадзіла сюды летам па боханы духмянага белага хлеба. Народ звычайна збіраўся загадзя. Усе імкнуліся першымі купіць цёплыя белыя «цагліны». Так адбывалася і зараз: некалькі жанчын чакалі машыну з хлебам на крэслах каля акна. Калі мы ўвайшлі, яны сталі ўглядацца ў твары з пытаннем: «Чые будзеце?». Радасна ўспаміналі сваякоў па вясковых мянушках і дакладалі, хто памёр, а хто ад'ехаў на заробкі.

Дарэчы, здалося, што асартымент у краме практычна не змяніўся. Побач на паліцах знаходзіліся танныя адэкалоны і цукеркі, фарба і гарэлка, гумавыя боты і каўбасы... Між тым абслужылі нас без праблем па банкаўскай картцы, што было нечакана і прыемна. Мясцовы жыхар на вялікім падпітку марна паспрабаваў памяняць недзе набыты беларускі рубель на грыўні.

Сельскагаспадарчая тэхніка.

Пры выездзе з вёскі раптам заўважылі, што ўздоўж асноўнай дарогі, за загушчанай лесапаласой, пракладзена альтэрнатыўная. Яна грунтавая, але добра накатаная. Тут мы змаглі нават хуткасці дадаць. Так што ў Сянькоўку прыбылі, яшчэ не ўключыўшы фары.

Праўда, наперадзе нас чакала доўгая дарога дадому. Не так проста было развітацца з Украінай. Амаль пяць гадзін у чарзе мы разглядалі абноўлены манумент «Тры сястры», да якога, здавалася, — рукой падаць.

Кавярня на украінскай тэрыторыі пункту пропуска Сянькоўка

У кавярні з нязмененай за апошнія пяць гадоў назвай «Тры сястры» і ўсімі трыма (!) дзяржаўнымі сцягамі на шыльдзе бясконца пілі каву. За суседнім столікам пагранічнік вельмі старанна і доўга перажоўваў ежу... Канчаткова сцямнела, калі трапілі на ўкраінскі дагляд, дзе па рэчах жвава паскакаў невялічкі тэр'ерчык. Ён не знайшоў нічога забароненага, і мы нарэшце перасяклі мяжу.

Дзесяць хвілін на беларускай Весялоўцы — тут усіх інтэлігентна абнюхаў прыгожы, шакаладнага колеру лабрадор — і апоўначы Гомель радасна вітаў нас запаленымі ліхтарамі. Нягледзячы на стомленасць, прыліў пяшчоты да Беларусі быў вельмі шчыры. Праўда, калі засынала, усё бачыла ўкраінскую няроўную дарогу, якая бясконца скакала перад вачыма.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Нудна больш не будзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!