Вы тут

На сталічным праспекце Пераможцаў адчынілася абноўленая крама «Светач»


Учора ў сталіцы па адрасе праспект Пераможцаў, 11 пачала працаваць абноўленая, цяпер ужо найбуйнейшая кнігарня, «Дом кнігі «Светач». Шэрагі з выданнямі разгарнуліся на вялізнай светлай прасторы, якая займае некалькі паверхаў. Ёсць тут і прэзентацыйная зала для сустрэч з пісьменнікамі, і кавярня, дзе можна выпіць кубачак кавы.


— Як чалавек, які вельмі моцна любіць свой горад, які нарадзіўся і рос непадалёк ад «Светачы», адзначу, што гэта кнігарня заўсёды была маім любімым месцам, — гаворыць першы намеснік старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ. — У маім жыцці кніга адыгрывала важную ролю. Я перачытаў усё, што было ў дамашняй бібліятэцы; хадзіў у кнігарню, а паколькі грошай лішніх не было, то часам проста, каб пачытаць, а не набыць. Таму я вельмі рады адкрыццю новай крамы, такой рэінкарнацыі «Светачы» ў сучасным хай-тэк стылі. Важна, што яна не толькі прыгожая, але і светлая, адкрытая сонечным промням, адсюль можна бачыць наш горад. Істотна тое, што крама дае чытачу новыя магчымасці: можна прыйсці, пасядзець у кавярні, узяць кнігу, вырашыць, падабаецца яна ці не. Маецца спецыяльная апаратура, якая дазваляе знайсці пэўную кнігу ў каталозе.

Адразу каля ўвахода ў памяшканне размясціўся стэнд з кнігамі тых аўтараў, якіх стваральнікі экспазіцыі лічаць выбітнымі пісьменнікамі, пра што сведчаць і адпаведныя шыльды, — «Алексіевіч», «Караткевіч», «Чаргінец». Далей ідуць шэрагі выданняў, прысвечаных беларускім песнярамі, сярод якіх Уладзімір Мулявін, Міхал Клеафас Агінскі. Прадстаўлены якасныя сучасныя кнігі ў раздзеле «Гісторыя». Тут жа шмат добрых выданняў, прысвечаных беларускім мастакам.

— Адкрыццё такой кнігарні — знакавая падзея. Яна мае вялікае значэнне для развіцця айчыннага кнігагандлю, — упэўнены міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Адметна, што ў «Белкнігі» з'явіўся такі праект, які паказвае, як па-сучаснаму ўзаемадзейнічаць з чытачом. Я ўдзячны супрацоўнікам кнігарні (а іх тут працуе крыху больш чым 30 чалавек), якія вытрымалі гэты націск перабудовы і рамонту, што часова ўскладніў іх працу з пакупнікамі. Але ўсё будзе вернута да жыцця і актыўнай дзейнасці. Выдатна, што гандлёвыя плошчы пашырыліся і сталі адчыненыя для сучасных твораў. Да таго ж у новай кнігарні цудоўная лагістыка: можна знайсці адказы на пытанні, звязаныя з жыццём грамадства ва ўсіх сферах.

Дызайн кнігарні сапраўды ўражвае. У столь умантаваныя вялізныя светлавыя панэлі. Адмысловая канфігурацыя распрацавана для мэблі — яна мае незвычайную форму, у тым ліку зроблена ў выглядзе колаў і паўколаў. Аўтары інтэр'ера адзначаюць, што яны ўзялі за аснову скандынаўскі стыль. Але прыбралі «халоднасць», дадалі беларускай цеплыні і ўтульнасці.

Частка гандлёвай плошчы вылучана пад дзіцячы аддзел. Тут можна, напрыклад, убачыць шыльды з надпісамі «Для самых маленькіх», «Лагічныя гульні. Галаваломкі», «Гульні. Цацкі». Прыемна, што ўсе ўказальнікі ў «Светачы» зроблены на беларускай мове.

— Мяняецца свет. Але не змяняецца якасць кніг, — перакананы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. — Змяняецца цікавасць да выданняў. Быў час, калі чытачы рынуліся ў інтэрнэт, думалі, што знойдуць у ім усё, што патрэбна. Але жыццё паказала вялікую розніцу: адна справа, калі ты прачытаў у інтэрнэце, а іншая, калі трымаеш у руках папяровае выданне, разважаеш, вяртаешся да прачытанага, думаеш, а як бы ты паступіў у той ці іншай сітуацыі. Раней вельмі шмат казалі пра талент пісьменніка, што, безумоўна, важна; але мы лічым, што пісьменнік павінен узбагачацца ведамі, якія, з аднаго боку, дазваляюць яму лепш пісаць, а з іншага — дапамагаюць людзям лепш жыць. Такую краму мы разглядаем як выдатную магчымасць зблізіць чытача з пісьменнікам, даць магчымасць прыхільніку нейчага таленту прыйсці не толькі паглядзець на аўтара, але і задаць яму пытанні.

У прэзентацыйнай зале першай сваё новае выданне прадставіла пісьменніца Наталля Батракова. І адначасова ва ўсёй сетцы «Белкнігі» пачала прадавацца яе кніга «Бясконцасць любові, бясконцасць суму». Таму ў гэты дзень у «Светачы» было не толькі шмат кніг, аўтараў, чытачоў, але і вельмі шмат кветак, падораных Наталлі Батраковай.

Зала для прэзентацый будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове. Яна разлічана на 60 пасадачных месцаў і адчынена для ўсіх творцаў і іх чытачоў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.