Вы тут

Доля ўкладаў на кароткі тэрмін складае 60%


Куды і як укласці свае кроўныя, каб зарабіць, — над гэтым пытаннем задумваецца большасць людзей, незалежна ад колькасці нулёў на іх банкаўскім рахунку. Варыянтаў мноства, але яны залежаць не толькі ад сумы вашых зберажэнняў. Самае першае рашэнне, якое прыходзіць у галаву большасці і даступнае ўсім, — адкрыць дэпазіт. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі змяняюцца.


Паводле звестак Нацыянальнага банка краіны, нашы грамадзяне захоўваюць 7,2 млрд долараў замежнай валюты і яшчэ 6,76 млрд беларускіх рублёў на дэпазітах у банках краіны. У якой жа валюце і на якія тэрміны беларусы часцей адкладаюць свае зберажэнні?

На доўгія тэрміны давяраюць не заўсёды

Нягледзячы на спагнанне падаходнага падатку з працэнтаў, атрыманых па банкаўскім укладзе тэрмінам менш за год, кліенты банкаў часта размяшчаюць грашовыя сродкі ў беларускіх рублях на кароткія тэрміны. Паводле інфармацыі Нацбанка, сёлета ў лютым доля такіх дэпазітаў у нашых банках склала 59,8 %.

Таксама статыстыка Нацбанка паказвае, што насельніцтва аддае перавагу безадзыўным укладам, што выклікана больш высокім памерам працэнтных ставак па іх. Па звестках на люты, іх суадносіны склалі 4,7 да 1 на карысць безадзыўных.

«Агульная інфармацыя па краіне пацвярджаецца статыстыкай нашага банка», — адзначае намеснік дырэктара дэпартамента рознічнага бізнесу Банка «Дабрабыт» (аднаго з камерцыйных банкаў краіны) Вера Януць. Яна ж тлумачыць, што ў пачатку года доля адкрытых адзыўных укладаў ва ўсіх валютах склала 14,2 % ад агульнай колькасці, а доля безадзыўных, адпаведна, 85,8 %. Перш за ўсё гэта абумоўлена тым, што даходнасць па безадзыўных укладах значна вышэйшая, а давер насельніцтва да гэтага віда ўкладаў расце.

Калі прааналізаваць інфармацыю за першыя чатыры месяцы года, то можна зрабіць выснову: укладчыкі банка аддаюць перавагу адкрыццю безадзыўных укладаў як у нацыянальнай валюце, так і ў замежных валютах (долары, еўра, расійскія рублі).

Два самыя папулярныя тэрміны ўкладаў

Калі казаць пра працягласць укладаў у беларускіх рублях, то найбольш запатрабаваныя, паводле звестак Нацбанка, безадзыўныя дэпазіты з тэрмінамі да трох месяцаў (30,5 %) і звыш 1 года (33,8 %). Што датычыцца валютных дэпазітаў, то тут больш раўнамернае размеркаванне: адзыўным укладам да года аддаюць перавагу 30,3 % укладчыкаў, безадзыўным звыш 1 года — 28,9 % кліентаў.

«Найбольшую перавагу ўкладчыкі банка аддаюць безадзыўным укладам у беларускіх рублях на тэрмін звыш 1 года (34,75 %) і безадзыўным укладам у замежнай валюце на той жа тэрмін (13,46 %), — адзначае Вера Януць. — Гэтаму спрыяе дэкрэт Прэзідэнта, згодна з якім працэнты па ўкладах у беларускіх рублях на тэрмін звыш 1 года, а ў замежнай валюце — на тэрмін звыш двух гадоў, не абкладаюцца падаходным падаткам».

Апошняя інфармацыя са статыстыкі Нацыянальнага банка паказвае адзін цікавы момант. Так, калі ў рублёвых дэпазітах людзі аддаюць перавагу безадзыўным укладам (82,4 %) з прычыны больш высокіх ставак, то ў валютных дэпазітах сітуацыя не такая адназначная — 44 % валютных дэпазітаў складаюць адзыўныя ўклады.

«У нашым банку сітуацыя іншая: амаль 38 % укладаў — гэта безадзыўныя дэпазіты ў замежнай валюце, — гаворыць Вера Януць. — Але ў цэлым па краіне такая сітуацыя тлумачыцца тым, што насельніцтва «назапашвае» патрэбную суму на дарагую пакупку (кватэра, аўтамабіль, дача і іншае). У такіх выпадках грошы могуць спатрэбіцца ў любы момант, што і схіляе людзей адкрываць адзыўныя ўклады».

Новых укладаў больш у валюце

Па звестках Нацбанка, штомесяц аб'ём новых адкрытых валютных укладаў прыкладна ў два разы большы, чым рублёвых: 545,1 млн рублёў супраць 483,5 млн долараў (1041,4 млн рублёў у эквіваленце) за люты гэтага года. «У нашым банку назіраецца тая ж тэндэнцыя: 50,6 % укладаў адкрываецца ў замежнай валюце, а 49,4 % — у нацыянальнай, — адзначае Вера Януць. — Хоць сітуацыя часам вельмі зменлівая і вялікую ролю адыгрывае сезоннасць».

Эксперт адзначае, што пакуль прагнозы рабіць рана, але эканамічная сітуацыя ў краіне і меры фінансавага рэгулятара па ўмацаванні беларускага рубля будуць спрыяць росту долі новых дэпазітаў у нацыянальнай валюце.

Тым часам

Цэны на мяса зніжаюцца

Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 4,6 % гадавых (4,9 % месяцам раней). У разрэзе груп тавараў і паслуг, якія не падлягаюць адміністрацыйнаму цэнавому рэгуляванню і ўплыву сезоннага фактару, адзначаецца запаволенне росту цэн на паслугі і харчовыя тавары. Сярэдняя інтэнсіўнасць прыросту спажывецкіх цэн знізілася да 3,9 %. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў аглядзе інфляцыі, зробленым Нацбанкам, за мінулы красавік.

Але на некаторыя віды агародніны цэны ў нашай краіне паскорана растуць. Амаль паўсюдна даражэюць капуста, цыбуля, памідоры і морква. І гэта пры тым, што ў цэлым кошт харчовых тавараў практычна не павышаецца. Па звестках Нацбанка, у цэлым спажывецкія цэны ў красавіку гэтага года ў параўнанні з сакавіком узраслі ўсяго на 0,04 %.

У той жа час кошт харчовых тавараў практычна не ўзрос. У першую чаргу таму, што мяса і мясныя прадукты ў апошні час становяцца таннейшымі. «Пасля перыяду паскоранага падаражэння пад уплывам кан'юнктурнага шоку ў апошнія тры месяцы цэны на мяса зніжаюцца (адносна папярэдняга месяца). Цэны на нехарчовыя тавары за выключэннем рэгуляваных пазіцый пачынаючы з другога паўгоддзя 2017-га захоўваюцца практычна на адным узроўні ў гадавым выражэнні», — адзначылі ў Нацбанку.

У аглядзе таксама пазначана, што гадавы прырост рэгуляваных коштаў і тарыфаў у красавіку 2019 года захаваўся амаль на ўзроўні сакавіка і склаў 8,1 %. «Пры гэтым паскарэнне ў гадавым выражэнні тэмпаў росту цэн на аўтамабільнае паліва амаль цалкам нівеліравала запаволенне росту кошту астатніх рэгуляваных пазіцый (паслуг ЖКГ, сувязі і іншых)», — заключылі ў Нацбанку.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Пажадана — у рублях і надоўга

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.