Вы тут

«Беларусьфільм» паказаў сваю найцікавейшую карціну за апошні час


«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. Кіно кранальнымі сцэнамі загадвае помніць аб Вялікай Айчыннай. Прынамсі сёння грамадства пра яе пакуль успамінае, хоць і пакутуе ад амнезіі пра іншыя траўмы ХХ стагоддзя — Першую сусветную, рэпрэсіі, пасляваенныя драмы. У шэрагу знакаў памяці ў гэты юбілейны год вызвалення з'явіўся беларусьфільмаўскі альманах «Вайна. Застацца чалавекам», напэўна, найцікавейшы ігравы кінапраект Нацыянальнай кінастудыі за апошні час.


Чатыры маладыя рэжысёры — але сцэнарысты, што важна, не абавязкова маладыя — узяліся за абдумванне падзей першай паловы 1940-х. Савецкі і беларускі кінематограф ужо ледзь не восем дзесяцігоддзяў, асабліва калі ўключыць у гэты кантэкст хроніку, прапрацоўвае вайну, таму тым больш цікава, якой драматычная тэма паўстала ў «сур'ёзным» аб'ектыве новага пакалення.

У літаратуры існуе ідэя «эфекта пяцідзесяці гадоў», маўляў, столькі часу трэба, каб адхіліцца ад траўмаў мінулага і праз «работу гора» пераканаўча асэнсаваць іх у новай якасці. Формула цалкам транспартабельная ў сферу кіно і ўвогуле мастацтва. Альманах «Вайна. Застацца чалавекам», створаны высілкамі прадстаўнікоў маладой генерацыі на Нацыянальнай кінастудыі, то-бок у своеасаблівых светапоглядных рамках, аўтаматычна прыцягвае ўвагу сваёй «работай гора» і характэрным позіркам на падзеі мінулага.

Гэта ўжо другі альманах «Беларусьфільма», які дае маладым рэжысёрам магчымасць дэбютаваць на кінастудыі са сваім кароткім метрам. Упершыню ён быў прадстаўлены на кінафестывалі «Лістапад», але ў сваім канчатковым выглядзе толькі-толькі — з 1 да 12 мая — прайшоў у мінскім пракаце.

Навела «Франка» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, знаёмага нам па кароткаметражцы «Адной крыві», сімвалізуе шчаслівы адыход ад дагэтуль распаўсюджаных абагульненняў, стэрэатыпнасці і палярызацыі «дабра» і «зла». Маўляў, немцы — зладзеі, Чырвоная армія і партызанскі рух — скрозь высакародныя, старасты вёсак — здраднікі і так далей.

Сучасная рыторыка ўсё больш зыходзіць з таго, што вайна — занадта супярэчлівая, поўная кантрадыкцый і парадоксаў з'ява, каб «уліваць яе свет і чалавека ў загадзя падстаўленыя жалабочкі». Хоць праз лозунгі і словы, якія сёння чуюцца ў кантэксце Вялікай айчыннай, няма пэўнасці, што гэты пераход да адэкватна-неадназначнага ўспрымання завяршыўся. Таму і сюжэт «Франкі» выглядае асабліва сімвалічным, бо вобраз і трансфармацыю галоўнай гераіні можна экстрапаляваць на наша сучаснае грамадства.

Ранены немец трапляе ў хату на беларускім хутары, дзе жывуць адны жанчыны. Хто яны адна адной, невядома, але сярод іншых вылучаецца Франка — тое самае ўвасабленне беларускага грамадства, траўміраванага трагічнай стратай сваіх дзяцей у пекле спаленых вёсак, захраслага ў горы і нянавісці, замучанага кашмарамі мінулага і здольнага ўспрымаць свет толькі праз прызму свайго гора.

Пакуль немец папраўляецца, а Франка глядзіць на яго воўкам, астатнія жанчыны і іх «госць» збліжаюцца, ён пачынае ім дапамагаць, у доме чуецца смех, а пасля — гукі новых нядобразычлівых гасцей. Рыхард выратоўвае жанчын ад гвалту, але і сам, атрымаўшы выпушчаную Франкай кулю заадно з гвалтаўніком, памірае.

Такім чынам нянавісць галоўнай гераіні атрымлівае сатысфакцыю, але не ў час: дарагой цаной абсалюты ў яе галаве размываюцца і замяняюцца разуменнем, што не кожны немец падыходзіць пад азначэнне ворага. Прыкладна тое ж, толькі больш насычанае і шматслойнае, павольна адбываецца ў грамадскай думцы і здымае абмежаванні, якія перашкаджалі цвярозаму і поўнаму аналізу падзей Вялікай Айчыннай.

Чорна-белая (што дарэчна суадносіцца з «чорна-белым» уяўленнем пра свет) кароткаметражка ўдала разыграла лакальную драму і нагадала, што трагічныя 1940-я — час гераізму не толькі беларусаў.

Ад адваротнага ідзе карціна Дзмітрыя Федаровіча «Млечны шлях» па матывах аднайменнага рамана Кузьмы Чорнага. Далёкая ад таго, каб усвядоміць і прызнаць неадназначнасць вайны, яна будуецца на народжаных ёй не заўсёды праўдзівых патэрнах (наколькі абагульненне ўвогуле можа быць праўдзівым), але намагаецца іх прымірыць. Такі састарэлы, схільны да савецкай рыторыкі, падыход у гуманістычнай аправе.

Лёс прыводзіць у адну кропку трох галодных мужчын — беларуса, немца і паляка. Навела пачынаецца быццам анекдот, і, як у анекдоце, кожны з герояў цягам фільма павінен праявіць характэрныя нацыянальныя рысы. Праўда, вобразы персанажаў паказаны з відавочнай прадузятасцю, тым больш крыўднай, бо нават у напісаным у 1940-х рамане няма такіх падкрэсленых палюсоў.

Героі сутыкаюцца каля быка і ідуць за ім аж да выпадковай хаты на водшыбе, каб забіць і падсілкавацца мясам. Дом аказваецца не пустым: з яго выходзіць інтэлігентны мужчына, а ўнутры знаходзяцца яго дачка і труп другой.

Самае паказальнае ў гэтай навеле — ледзь не карыкатурныя вобразы прадстаўнікоў розных нацый. Паляк, хоць і са сваёй у выніку драмай, што нібы апраўдвае яго паводзіны, прадстаўляецца злосным, бесцырымонным, агідным тыпам. Немец — нізкі, баязлівы і подлы, пры першай магчымасці выдае сваім суайчыннікам тое, што ведае пра новых знаёмцаў. Затое беларусы тут — проста казка, праўда, іх беспардоннае вылучэнне абясцэньвае ўсю высакароднасць, у святле якой яны праходзяць праз фільм.

Калі акадэмік просіць дапамагчы пахаваць дачку, адзываецца толькі беларус, хоць у кнізе Чорнага персанажы вядуць сябе больш спагадліва і ў цэлым уяўляюцца людзьмі, а не карыкатурамі. Дзіўна, што чорна-белае ўспрыманне вайны, уласцівае якраз пасляваенным дзесяцігоддзям, так дакладна ўваскрэсла ў 2019-м на матэрыяле куды больш складанага і філасофскага рамана 1944 года. Ці не значыць гэта замест развіцця культуры памяці яе рэгрэс?

Прынамсі, у канцы фільма аўтары навелы велікадушна і банальна «прыміраюць» сваіх герояў: пад Млечным шляхам яны разам сыходзяць у змярканне, паляк дапамаге знясіленаму немцу.

Нарэшце, дайшла чарга да таго самага наратыву, які не асэнсовае ўмоўную траўму, а стварае «міфалогію» падзеі. Тут і «Геракл» свой ёсць, і іграе яго адпаведны акцёр, што ўжо адзначыўся ў гераічных кінаперыпетыях (Дзмітрый Ратамскі). Навела «Будны дзень» Кацярыны Тарасавай у шэрагу іншых забаўляльных гісторый у антуражы Вялікай Айчыннай нагадвае пра тэрмін даўнасці, які дазваляе сучаснаму грамадству глядзець на 1940-я настолькі адлучана, каб бачыць у іх прыгодніцкія ці рамантычныя сюжэты.

«Будны дзень» — містычная карціна пра пераход у іншае жыццё. Трое мужчын, сярод якіх камандзір і два яго падапечныя, хаваюцца ад нямецкіх сабак і нарэшце трапляюць на міну. Наваколле мяняецца, і каманда апынаецца ў пераходным пункце паміж жыццём і смерцю — тут спакойна, сонечна, ёсць музыка і жанчына ў чырвонай сукенцы. Усё, што адбываецца ў гэтым месцы, вызначае будучыню, якая ёсць толькі ў аднаго з іх. Камандзір кажа яму: «Табе час ісці», — і мужчына прыходзіць у прытомнасць пад целам свайго героя, што прыкрыў яго ад выбуху.

Калі кінематограф праз адлучанасць ад падзей 75-гадовай даўніны здольны ствараць з іх кавалкаў забаўляльны аповед, то навела «Будны дзень» пайшла яшчэ далей і паставіла тэму вайны на служэнне сваёй таннай і даволі банальнай ідэі. Вялікая Айчынная тут можа быць лёгка замененая на Пунічныя войны альбо тэрарыстычны акт у Мумбаі: апроч немцаў з сабакамі, што прабягаюць міма, і трупаў на дарозе, яе тут няма. Гэта самая неабцяжараная і па сутнасці прыцягнутая за вушы навела альманаха, бо нават на фоне тых твораў, якія выводзяць ваенныя падзеі ў драматычныя, філасофскія, прыгодніцкія сюжэты, яна аказваецца ў 1940-х амаль змушана.

Аўтары захапіліся прыгожай містыкай пераходу  ў запаволенай здымцы паказалі мужнага героя: ён рызыкуе сабой, своечасова прыходзіць на дапамогу і закрывае сваім целам інфантыльнага калегу. Вайна становіцца рэквізітам, што таксама сімвалічна для свядомасці сучаснага грамадства, праўда, такая адчужанасць дзіўна выглядае ў альманаху, спецыяльна падрыхтаваным у памяць аб Вялікай Айчыннай.

Размова пра Вялікую Айчынную ідзе звычайна праз 1940-я ды праз лес-багну-вёску, а Ігар Васільеў выказаўся пра вайну праз сучаснасць. Нават, напэўна, не столькі пра вайну, колькі, нарэшце падкрэслена, пра памяць аб ёй.

У кароткаметражцы «Фота на памяць» адзін ветэран заязджае па другога, каб разам паехаць на святкаванне Дня перамогі. Калі ён заходзіць у адмысловы інтэрнат па трэцяга, даведваецца, што той пайшоў з жыцця, і трымае гэта ў сакрэце, каб не псаваць настрой свайму былому аднапалчаніну. Яны прыязджаюць на свята, дзе спецыяльна для іх і яшчэ двух сяброў-ветэранаў падрыхтавана адмысловая святочная праграма. Калі прыходзіць час рабіць традыцыйны фотаздымак на памяць і арганізатарка мерапрыемства шматзначна прыбірае пятае крэсла, смерць сябра становіцца зразумелай. Галоўныя героі меланхалічна вяртаюцца дадому і думаюць, ці ўспомняць пра іх заўтра.

Пытанне, хоць сапраўды актуальнае для рэчаіснасці, у кантэксце навелы гучыць супярэчліва і капрызна, паколькі фільм спрытна прыгладжвае свет і робіць яго якраз надзвычай памятлівым: ветэранаў тут песцяць і шануюць, госці свята ў гонар Дня Перамогі ўсміхаюцца на ўвесь рот, фатограф клапоціцца аб тым, каб зрабіць жывыя фота, і так далей. Адзінае што, дзеці не прыехалі наведаць аднаго з герояў, але гэты прыватны выпадак у параўнанні з агульным падсвядомым выглядае занадта драматызаваным.

Хоць у навеле і можна знайсці ўласцівыя сучаснасці рэчы кшталту арганізаваных у гонар ветэранаў свят ды факта, што сведкаў вайны застаецца ўсё менш, карціна аказваецца надзвычай далёкай ад рэчаіснасці. Гэта, канешне, не папрок, паўсюль мае права рассцілацца мастацкая ўмоўнасць, толькі фільм свеціць фальшывымі ўсмешкамі і ўстаўляе ў фінал хоць і эфектнае, але неарганічнае пытанне. Вуснамі ветэрана выказваецца заклапочанасць аб тым, ці будуць наступныя пакаленні помніць пра Вялікую Айчынную, а гэтае пытанне з-за сваёй недарэчнасці выглядае больш патрэбным кінастудыі, чым персанажу навелы.

Яно, вядома ж, патрэбна і нам, толькі задаваць яго мы маем права з праўдзівай рэпрэзентацыяй сучаснага стану культурнай памяці. Лепш спытаць: ці помнім мы пра 1940-я, ці не павярхоўная наша памяць і ці здолелі мы гэтыя часы асэнсаваць?

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Чатыры навелы як праявы культурнай памяці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.