Вы тут

Як знішчаюцца гістарычныя каштоўнасці?


Больш чым праз месяц пасля пажару, які без перабольшвання ўзрушыў увесь свет, Нацыянальны сход Францыі прыняў законапраект аб аднаўленні Нотр-Дама дэ Пары. Тэкст ратыфікуе адкрыццё нацыянальных ахвяраванняў і прадугледжвае, што ўсе яны будуць перададзеныя дзяржаве або дзяржаўнай установе. Спрэчкі па тэксце насамрэч гістарычнага закона працягваліся 13 гадзін, паведаміла BFMTV. Цяпер дакумент накіраваны ў сенат для галасавання, якое прызначана на 27 мая. Нотр-Дам як сімвал Францыі і знакавы аб'ект сусветнай культурнай спадчыны безумоўна заслугоўвае такой увагі. Многім яго «калегам» пашанцавала менш. Як знішчаюцца гістарычныя каштоўнасці?


Німруд, Пальміра,Тамбукту

Старажытны горад Німруд на поўначы Ірака быў разбураны баевікамі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» ў сакавіку 2015 года. Па звестках Бі-бі-сі, знішчана 95 працэнтаў старажытных артэфактаў, уключаючы вырабы са слановай косткі, статуі крылатых божастваў ламасу, рукапісы старажытных дагавораў. Німруд, згаданая ў Бібліі сталіца Асірыйскай імперыі, быў заснаваны ў ХІІІ стагоддзі да нашай эры. Горад з тысячагадовай гісторыяй, які апошнія 150 гадоў прыцягваў увагу археолагаў з усяго свету, быў знішчаны за адну ноч. Эксперты ЮНЕСКА назвалі разбурэнне Німруда ваенным злачынствам, і ўрад Ірака быў вымушаны звярнуцца па дапамогу да міжнароднай супольнасці.

Улетку 2015 года ў сірыйскім горадзе Пальміра тэрарысты пашкодзілі храм Баалшаміна, знішчылі храм Бела, калекцыю статуй і 15-тонную постаць льва Алата, якая ўпрыгожвала ўваход у гарадскі музей.У кастрычніку таго ж года баевікі ІД узарвалі Трыумфальную арку — самы вядомы помнік Пальміры. Спецыялісты ЮНЕСКА ў сакавіку 2016-га адправілі фрагменты статуі льва Алата ў Дамаск, дзе праз два месяцы карпатлівай працы рэстаўратары аднавілі фігуру. Улады Сірыі спадзяюцца зноў адкрыць Пальміру для турыстаў у найбліжэйшы час. Эксперты мяркуюць, што храм Баалшаміна, Трыумфальную арку і нават амаль цалкам знішчаны храм Бела магчыма аднавіць.

Грабніцы сямі суфійскіх святых у старажытным ісламскім цэнтры Тамбукту ў Малі разграмілі ў 2012 годзе тэрарысты з групоўкі «Ансар-ад-Дын». Акрамя таго, баевікі сарвалі вароты мячэці Сядзі Ях'я і знішчылі больш за чатыры тысячы старажытных рукапісаў, што захоўваліся ў Горадзе 333 святых. Праз тры гады арганізатар тэракта быў арыштаваны і перададзены Гаагскаму суду. Гэта першы ў гісторыі працэс па абвінавачванні ў разбурэнні помнікаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Па яго выніках суд прыгаварыў тэрарыста да дзевяці гадоў пазбаўлення волі і абавязаў выплаціць кампенсацыю ў памеры 2,7 мільёна еўра. Прадстаўнікі ЮНЕСКА абвясцілі, што разам з Еўрапейскім саюзам дапамогуць у аднаўленні страчаных каштоўнасцяў і культурнай спадчыны Малі.

У 2001 годзе велічэзныя статуі Буды ў Афганістане ўзарвалі экстрэмісты руху «Талібан». Фігуры былі высечаны ў скалах, што акружаюць Баміянскую даліну, прыблізна ў VІ стагоддзі. У 2002 годзе, пасля звяржэння рэжыму талібаў, тагачасны прэзідэнт Афганістана Хамід Карзай паабяцаў аднавіць статуі. Была праведзена кансервацыя фрагментаў, якія захаваліся. Работы па аднаўленні пакуль не пачыналіся, у тым ліку праз недахоп сродкаў, нестабільнасць у Афганістане і рознагалоссі аб тым, ці дапушчальна аднаўляць старажытныя статуі з сучасных матэрыялаў. Між тым шэраг спецыялістаў лічаць, што вярнуць страчанае наўрад ці ўдасца.

Геогліфы ці ралі?

У маі 2013 года Нох-Мул, самую высокую піраміду ў Белізе, знішчылі будаўнікі. Збудаванне, узведзенае мая дзве тысячы гадоў назад, знеслі, каб здабыць друз для будаўніцтва дарогі. Кіраўнік мясцовага інстытута археалогіі Хайме Эйв пацвердзіў: рабочыя ведалі, што руйнуюць гістарычны помнік. 30-метровая піраміда Нох-Мул знаходзілася ў цэнтры прыватнай трысняговай плантацыі, аднак пабудовы дакалумбавай эпохі ахоўваюцца законам і не могуць быць знесены па рашэнні ўласніка зямлі, на якой размешчаны. Археолагі заявілі, што аднавіць піраміду немагчыма. Па словах навукоўцаў, бяскарнае знішчэнне старажытных збудаванняў дзеля здабычы друзу не рэдкасць у Белізе.

У 2013 годзе ў сталіцы Перу — Ліме — знеслі шасціметровую піраміду, каб расчысціць пляцоўку пад элітную забудову. Паліцыя паспела прадухіліць знішчэнне астатніх трох будынкаў. Ансамбль з чатырох пірамід, які служыў рэлігійным і адміністрацыйным цэнтрам інкаў, быў пабудаваны каля чатырох тысяч гадоў таму. Кіраўнік даследчага праекта Еl Раrаіsо заявіў, што будаўнічыя кампаніі, якія санкцыянавалі знос піраміды, «нанеслі непапраўную шкоду перуанскай гісторыі. Мы ніколі не даведаемся, як і з чаго гэтыя будынкі былі пабудаваны і як тут жылі людзі».

У 2007 годзе 10 старажытных магільняў у горадзе Нанкін у Кітаі разбурылі па распараджэнні прыватнай кампаніі. На пляцоўцы, дзе будавалася крама ІКЕА, былі выяўлены пахаванні з зялёнай цэглы, аздобленыя лотасам і старадаўнімі гравюрамі. Меркаваны некропаль адносіўся да 220—589 гадоў, эпохі Шасці дынастый. Нягледзячы на шматлікія просьбы вучоных даследаваць выяўленыя артэфакты, рабочыя проста разраўнялі знаходку разам з пляцоўкай пад будынак. Па кітайскіх законах штраф за знішчэнне культурных каштоўнасцяў складае ад 50 тыс. да 500 тыс. юаняў (ад 7,2 тыс. да 72 тыс. долараў), што не спыняе буйныя карпарацыі.

Гістарычныя помнікі Чылі штогод гінуць пад коламі пазадарожнікаў ралі «Парыж — Дакар». У 2009 годзе з прычыны тэрарыстычнай пагрозы гонку перанеслі з Еўропы ў Паўднёвую Амерыку. З тых часоў чылійскі ўрад спрачаецца з археолагамі і эколагамі пра тое, наколькі прыбытак ад турыстычнага бізнесу важнейшы за захаванне гістарычных каштоўнасцяў. Падчас ралі руйнуюцца геогліфы (нанесеныя на зямлі маштабныя малюнкі), пахаванні і сцежкі інкаў, гістарычныя артэфакты. Даследаванні камітэта па нацыянальных помніках сведчаць аб тым, што ў 2011 годзе была пашкоджана амаль палова з 283 аб'ектаў, якія ахоўваюцца. Абараніць сваё меркаванне легальным шляхам праціўнікі ралі не змаглі — канстытуцыйны суд не падтрымаў пазіцыю чылійскай асацыяцыі археолагаў. І сёлета ралі прайшло па ранейшым маршруце.

Базіліка супраць землятрусу

У 2016 годзе серыя моцных землятрусаў у Цэнтральнай Італіі сур'ёзна пашкодзіла будынкі ХІІІ стагоддзя. Стыхія цалкам знішчыла сярэднявечны горад Аматрычэ. У горадзе Норчэ аказаліся разбураныя званіца гарадской ратушы, будынак мэрыі і базіліка Святога Бенедыкта, ад якой застаўся толькі фасад. Паводле легенды, базіліка была ўзведзена над домам, дзе нарадзіўся святы. Адгалоскі землятрусу адчуваліся ў Рыме, дзе на сценах сабора Святога Паўла і царквы Сант-Эўстакіа з'явіліся расколіны. Урад Італіі, духавенства і мецэнаты заявілі, што загінулыя помнікі будуць адноўлены.

У красавіку 2015 года землятрус разбурыў дзевяціпавярховую вежу Дхарахара з вінтавой лесвіцай — галоўную славутасць Катманду. Вежа вышынёй 61,8 метра была пабудавана ў 1832 годзе па загадзе каралевы Трыпурасундары. На дзявятым паверсе вежы размяшчаўся храм Шывы, на восьмым — назіральная пляцоўка. Дхарахара ўваходзіла ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У цэнтры горада былі знішчаны храмы Нараяна і Маджа, а на ўскраіне часткова пашкоджаны Малпін храм (Сваямбунатх). Акрамя таго, ад землятрусу сур'ёзна пацярпелі шэсць манастыроў Каг'ю — адной з чатырох школ будызму. Над аднаўленнем загінулых помнікаў разам з дэпартаментам археалогіі і Нацыянальным музеем Непала працуе каманда спецыялістаў ЮНЕСКА.

Знакаміты Пражскі заапарк сур'ёзна пацярпеў падчас паводкі. Стыхійнае бедства 2002-га эксперты прызналі самым моцным за апошнія 500 гадоў. У пражскай галерэі сучаснага мастацтва Кампа, размешчанай у гістарычным цэнтры горада, затапіла экспанаты на першым паверсе будынка, з-за чаго адкрыццё экспазіцыі было адкладзена на год. Горад-крэпасць Тэрэзін, затоплены падчас паводкі, удалося аднавіць за два гады. У горадзе Пісек стыхія сур'ёзна пашкодзіла парэнчы найстарэйшага ў Чэхіі гатычнага каменнага моста. Грошы на рэстаўрацыю збіралі па ўсёй краіне і за мяжой. Мост рэканструявалі і ўмацавалі так, каб ён вытрымаў новыя паводкі.

Сабор па тыпе «разумнага дома»

Вогненная стыхія бадай што застаецца адной з асноўных прычын знішчэння гістарычных рарытэтаў. Адзін з яскравых прыкладаў — «Залаты храм» у Кіёта. Гэта адзін з рэлігійных будынкаў комплексу Ракуон-дзі, ён быў пабудаваны ў 1397 годзе ў якасці рэзідэнцыі колішняга сёгуна Асікага Ёсіміцу. Пасля яго смерці ўвесь комплекс стаў будыйскім кляштарам, а ў Кінкаку-дзі, які вылучаўся аздабленнем залатымі лістамі, былі змешчаныя святыя рэліквіі. Храм згарэў дашчэнту ў 1950-м, адзін з манахаў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але выжыў пры пажары. Сам храм пачалі рэканструяваць у 1950-я, работы занялі 32 гады. У сярэдзіне дзевяностых «Залаты храм» (золата ў аздабленні таксама аднавілі) быў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а гісторыя яго падпалу стала асновай для рамана культавага японскага пісьменніка Юкіа Місімы «Залаты храм», апублікаванага ў 1956 годзе.

У канцы мінулага стагоддзя ў графстве Беркшыр, наваколлі Лондана, гарэў Віндзорскі замак — рэзідэнцыя брытанскіх манархаў. Аднаўленчыя работы, што пачаліся адразу пасля пажару, скончыліся ў лістападзе 1997-га. Большай частцы памяшканняў вярнулі ранейшы выгляд, іншыя набылі новае аблічча ў адпаведнасці з агульным стылем. Дванаццаць гадоў таму, у маі 2007-га, загарэўся «Кат Сарк» — адзіны чайны кліпер ХІХ стагоддзя, які захаваўся. У 1954 годзе кліпер быў пастаўлены на вечную стаянку ў сухі док Грынвіча. Яго ўдалося аднавіць за пяць гадоў і 50 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

2 верасня 2018 года ў палацы Сан-Крыстава ў Рыа-дэ-Жанэйра, дзе размяшчаўся Нацыянальны музей Бразіліі, здарыўся вялізны пажар. Тут захоўвалася больш за 20 мільёнаў прадметаў. Музей валодаў адной з найбуйнейшых калекцый у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, якая складалася з чучалаў жывёл, насякомых, мінералаў, індзейскага посуду, егіпецкіх і паўднёваамерыканскіх мумій і старажытнасцяў, археалагічных артэфактаў, метэарытаў, закамянеласцяў і многіх іншых экспанатаў. Людзі не пацярпелі, але агонь імкліва знішчыў практычна ўсю калекцыю.

Што датычыцца Нотр-Дама дэ Пары, то велічны будынак збіраюцца аднавіць за пяць гадоў. Мяркуецца, што на час рэканструкцыі сабор не зачыняць — туды змогуць патрапіць і турысты, і вернікі. Пасля пажару мноства архітэктараў перадаюць на разгляд свае планы аднаўлення Нотр-Дама. Паводле аднаго з такіх праектаў, прапануецца зрабіць з яго будынак па тыпе... «разумнага дома». Французскае архітэктурнае бюро Vіnсеnt Саllеbаut Аrсhіtесturеs прадэманстравала адпаведны праект. Сонечныя панэлі будуць выпрацоўваць электрычнасць і цяпло. Шпіль упрыгожаць медным пеўнем, які вянчаў сабор раней і ацалеў пасля пажару. На даху прапануецца разбіць сад і агарод і збіраць да 21 тоны агародніны ды садавіны за сезон, пасля чаго раздаваць іх людзям, якія жывуць у нястачы.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Рэха Нотр-Дама

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.