Вы тут

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры


Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася і я. Пра гэта мне паведамілі яшчэ зімой, аднак, па ўмовах арганізатараў, інфармацыю неабходна было трымаць у таямніцы. Пра месца дыстанцыі, якую трэба пераадолець, час усе факеланосцы даведваюцца толькі за месяц, і я не стала выключэннем.


Мой шлях з агнём Гульняў пралягаў па адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў у Еўропе па здабычы і перапрацоўцы шчыльных горных парод «Граніт».

Мы прыехалі ў Мікашэвічы на дзень раней, каб пазнаёміцца з горадам і пабываць на прадпрыемстве, бо з агнём мне трэба было спусціцца ў кар'ер «Граніта», глыбіня якога дасягае 150 метраў, а там правезці яго на велізарным БелАЗе. Убачыўшы маштабы кар'ера, мы з фатографам, мякка кажучы, былі здзіўлены і міжволі пацягнуліся па тэлефоны, каб захаваць карцінку, але нас хутка спыніў начальнік аховы: «Сёння здымка забаронена, фатаграфавацца будзеце заўтра!» Зразумела, бо, каб здабываць камень, пад зямлю закладаецца выбухоўка, мала што застанецца на нашых фота...

Азнаёміўшыся з дыстанцыяй, мы адпраўляемся ў санаторый «Світанак», дарэчы, як аказалася, адзінае месца, дзе можна спыніцца гасцям у Мікашэвічах. Гасцінная галоўурач не толькі пасяліла нас у камфортныя нумары, але і прызначыла працэдуры, бо заўтра адказны дзень.

Што і казаць, дажджлівая раніца чацвярга — дзень майго самага адказнага старту ў жыцці — выдалася хвалюючай, учора ўсё здавалася значна прасцейшым. І справа нават не ў кар'еры, куды спускацца па мокрай зямлі, магчыма, і небяспечна, але пасля салігорскіх шахтаў, дзе мы раней пабывалі з беларускімі алімпійцамі, ужо не страшна. Хвалюе сам працэс. Уступнае слова перад работнікамі «Граніту» — і пасля ганаровага круга па адной з аглядальных пляцовак прадпрыемства намеснік генеральнага дырэктара па рэжыме, ахоўнай дзейнасці і бяспекі Сяргей Літвіцкі перадае мне эстафету.

З факелам у руках адпраўляюся ў кар'еры, ад хвалявання не магу кантраляваць хуткасць, таму чую ад арганізатараў, што не варта спяшацца, бо за мной бягуць захавальнікі агню. Там, дзе бегчы ўжо нельга, мы садзімся ў картэж «Эстафеты міру», даязджаем да яшчэ адной аглядальнай пляцоўкі, перасаджваемся на велізарны БелАЗ, які працуе ў кар'ерах, і працягваем эстафету.

Каб спусціцца ніжэй, нам неабходна зрабіць яшчэ адну перасадку, ужо ў спецыяльныя машыны, якім можна ехаць далей. Даязджаем да натуральных вадаспадаў, пра існаванне якіх, дарэчы, у нас у краіне я і не падазравала, робім фота на памяць і перадаём эстафету далей. Мой этап на гэтым заканчваецца, таму адчуваю палёгку і стомленасць, пачуццё выкананага абавязку і гонар за тое, што факел пабываў і ў мяне ў руках. А агонь Еўрапейскіх гульняў адпраўляецца далей, на чарзе — Гродзенская вобласць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.