Вы тут

У сталіцы завяршыўся фестываль-конкурс моды і фота «Млын моды»


Маштабны маладзёжны праект, які штогод ладзяць міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальный цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі для маладых дызайнераў, фатографаў, стылістаў і мадэляў, фінішаваў у Мінску.


«Ласкава запрашаем у Беларусь, краіну спорту і крэатыву!». Гэты слоган акрэсліў для ўдзельнікаў маштабнага маладзёжнага праекту асноўныя творчыя тэмы: ІІ Еўрапейскія гульні, якія сёлета прымае Мінск, і Год малой радзімы — нацыянальная самабытнасць, культурныя традыцыі ў сучасным увасабленні. У конкурсных паказах 66 калекцый-фіналістаў узялі ўдзел 150 пачынаючых мадэляў. А ў межах ужо традыцыйнага дабрачыннага праекту «Стыльны пачатак» на подыум ужо ў восьмы раз выйшлі выхаванцы Мінскай абласной школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху (пры гэтым, зноў жа па традыцыі, пасля дэфіле ўсе юныя мадэлі атрымалі прадэманстраванае стыльнае адзенне ў падарунак). Работы 10 фатографаў прайшлі ў фінал у намінацыі «Фота» і былі прадстаўленыя на адмысловай выставе.

Імёны пераможцаў конкурсу арганізатары абвясцілі падчас гала-канцэрту. Так, у намінацыі «Школа моды» для стваральнікаў калекцый жаночага адзення найлепшай стала Вера Комлік з інстытута сучасных ведаў імя А. Шырокава, а лепшым дызайнерам калекцыі адзення для мужчын быў названы Кірыл Урбан з Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі «Зорка», што ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Аўтарам найлепшай калекцыі адзення для падлеткаў прызналі студэнтку Інстытута сучасных ведаў Кацярыну Козак, а найлепшую калекцыю для дзяцей прадставіла Ірына Іскрыцкая з Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна. У намінацыі «Майстар моды» перамогу атрымала Наталля Касцова з Мінска. Прызы атрымалі і найлепшыя фатографы і мадэлі ў намінацыях «Фота», «Міс мадэль Беларусі», «Містэр мадэль Беларусі», «Мадэль-дэбют» і «Топ-мадэль фестывалю».

Таксама ў гала-канцэрце прадставілі свае калекцыі спецыяльныя госці «Млыну моды-2019» з Расіі, Украіны, Латвіі, Францыі, і ўпершыню — з Сербіі і Кітая. Прафесіяналы моды з гэтых краін выступілі ў якасці міжнародных экспертаў у журы, а ў дадатак уручылі свае асобныя прызы ўпадабаным канкурсантам.

Але галоўным падарункам для пераможцаў і прызёраў стала магчымасць замежнай стажыроўкі і ўдзелу ў Тыднях моды выстаўках і конкурсах маладых дызайнераў у Мілане, Маскве, Парыжы і іншых модных сталіцах. «І гэта не проста ўдзел дзеля ўдзелу, — падкрэслівае кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Мінадукацыі Ларыса Емельянчык, — гэта штуршок для творчага развіцця нашых дызайнераў, якія адчуваюць сябе часткай сусветнага працэсу, і павышэнне прэстыжу нашай краіны». Так, летась беларусы ўдзельнічалі ў міжнародных творчых майстэрнях у Мілане, прадставілі 4 модныя калекцыі ў Яраслаўлі на «Volga Fasion Fest», выступілі ў Маскве на міжнародным конкурсе дызайнераў «Рускі сілуэт» і ў Парыжу на Фестывалі славянскай моды «Fil Rouge», дзе наша дызайнер Таццяна Тур узяла Гран-пры, паказалі свае работы на конкурсах у Вільнюсе і Лодзі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».