Вы тут

Лукашэнка: Выбары павінны быць сумленныя і справядлівыя


Працоўны тыдзень Прэзідэнта завяршыўся нарадай па арганізацыі і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.


Яна адбылася ў Палацы Незалежнасці. Выступаючы перад прысутнымі, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што будучыя выбары стануць экзаменам для ўсіх органаў улады. Як падрыхтавацца і правясці выпрабаванні, каб атрымаць азднаку «выдатна», абмеркавалі на сустрэчы з Прэзідэнтам кіраўнікі мясцовай улады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Дырыжор — мясцовая ўлада 

Асаблівая роля ў надыходзячай кампаніі належыць мясцовым органам улады. Іх гатоўнасць да правядзення выбараў — самае актуальнае пытанне нарады. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «без улады на месцах выбары будзе правесці не тое, што складана, а немагчыма» і прайсці яны павінны на высокім узроўні.

«Дырыжорамі ў гэтым шматгранным, шматгалосным аркестры будуць мясцовыя органы ўлады», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Менавіта яны будуць фарміраваць выбарчыя камісіі. Па патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі зрабіць гэта неабходна ў адпаведнасці з заканадаўствам: дэмакратычна, адкрыта і з шырокім удзелам канструктыўных грамадскіх арганізацый, якія складаюць аснову нашай грамадзянскай супольнасці.

«Выбары мы арганізоўваем для сваёй краіны, для Беларусі» 

Выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі запланаваны на лістапад гэтага года, аптымальная дата вызначыцца ў бліжэйшы час. Гэта азначае, што асноўныя перадвыбарчыя мерапрыемствы пачнуцца ўжо ў жніўні.

«Нам трэба папярэдне вырашыць усе арганізацыйныя пытанні, каб у перыяд актыўнай выбарчай кампаніі забяспечыць спакойную абстаноўку для свабоднага волевыяўлення беларускага народа. Патрабаванні да правядзення выбарчай кампаніі нязменныя. Гэта павінны быць сумленныя і справядлівыя выбары, без надуманых абмежаванняў, каб ні ў каго не ўзнікла сумнення ў іх легітымнасці», — сказаў Прэзідэнт. 

Існуючыя правілы вядомыя: Выбарчы кодэкс напярэдадні не мяняўся. Асноўнае патрабаванне да ўлады — зрабіць усё ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам і для свайго народа.

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць, выбары мы арганізоўваем для сваёй краіны, для Беларусі. Мы, вядома, не хацім папасці пад крытыку нашых суседзяў, прадстаўнікоў іншых краін. Але тым не менш, памятаць трэба галоўнае — гэтыя выбары беларускія», — падкрэсліў лідар дзяржавы.

Заклад поспеху кампаніі, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, — зладжаная камандная праца з асабістай адказнасцю за даручаную справу кожнага з удзельнікаў нарады і тых, хто будзе працаваць у камісіях. 

«Парламент павінен стаць дыскусійнай пляцоўкай для дыялогу дэпутатаў з рознымі палітычнымі поглядамі» 

Прэзідэнт растлумачыў, якім чынам кандыдаты павінны апраўдаць званне сапраўдных народных выбраннікаў: «Толькі тым парламентарыям, хто выканаў усе свае перадвыбарчыя абяцанні, змог наладзіць дзейсную сувязь з выбаршчыкамі, карыстаецца ў іх рэальнай падтрымкай і даверам, будзе месца ў новым складзе вышэйшага прадстаўнічага органа ўлады. Я намякаю на тое, што кандыдатам у дэпутаты трэба будзе сустракацца з народам, размаўляць, тлумачыць сваю пазіцыю і як яны будуць працаваць у парламенце».

Задача ўлады — дапамагчы з ажыццяўленнем гэтай справы.

У складзе дэпутацкага корпуса неабходныя эксперты ў розных галінах — прадстаўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, юрысты, навуковыя работнікі, вядомыя ў рэгіёнах бізнесмены, палітыкі і грамадскія дзеячы. У той жа час яны павінны быць адказнымі, адданымі краіне людзьмі, высокаадукаванымі прафесіяналамі з дзяржаўным мысленнем. 

«Важна, каб людзі, якія прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, ведалі, што ўжо зрабіў іх дэпутат і што неабходна зрабіць заўтра для дабрабыту рэгіёну і ўсёй нашай краіны, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Парламент павінен стаць дыскусійнай пляцоўкай для дыялогу дэпутатаў з рознымі палітычнымі поглядамі, якія пры гэтым падзяляюць галоўныя прынцыпы: незалежнасць краіны, стабільнае развіццё і рост дабрабыту беларускага народа. Гэта галоўнае». 

Як праходзяць выбары, працуе дэпутацкі корпус і наколькі выконваюцца абяцанні, маніторынг гэтых пытанняў — задача сродкаў масавай інфармацыі. 

«У чарговы раз падкрэсліваю, што выбары — гэта экзамен для дзеючай улады, у першую чаргу на мясцовым узроўні. Менавіта на выканаўчай вертыкалі — асаблівая адказнасць за палітычныя і эканамічныя працэсы ў рэгіёнах у перыяд электаральнай кампаніі. Стаўце задачы, мабілізуйце людзей, не адкладваючы рашэнне пытанняў на потым, на восень. Трэба рабіць усё зараз. Добра, што гэтая праца пачалася і актывізавалася пасля «Вялікай размовы» ў Прэзідэнта», — канстатаваў лідар дзяржавы.


Арганізаванасць і актыўнасць

Такімі адметнымі рысамі, па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай, павінна валодаць будучая кампанія. Выбары — масавае мерапрыемтсва, таму сустрэча ў Прэзідэнта была прысвечана менавіта арганізацыйнаму складніку кампаніі. 

«Ніякай кампанейшчыны не павінна быць. Гэта кампанія павінна прайсці вельмі спакойна, актыўна, арганізавана. І, канечне, гэта задача мясцовых органаў улады арганізаваць усё так, каб выбары праходзілі на годным, высокім узроўне», — сказала Наталля Качанава, адзначыўшы, што такія задачы былі пастаўлены кіраўнікам абласцей.

Падчас нарады размова ішла і наконт патрабаванняў да асобы кандыдата ў дэпутаты.

«Вельмі важна, якім будзе склад парламента, бо гэта асаблівы орган. Гэта той орган, які займаецца заканадаўчай працай і прадстаўляе розныя рэгіёны нашай краіны. Канечне, павінны быць людзі прафесійна адукаваныя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яны павінны быць вядомыя ў сябе ў рэгіёне», — паведаміла кіраўнік Адміністрацыі.

Яна адзначыла, што дата выбараў не адмяркоўвалася. Гэта будзе зроблена пазней. 

Па словах Наталлі Качанавай, грамадскія арганізацыі, напрыклад Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, ужо разглядае магчымасць вылучэння сваіх прадстаўнікоў у кандыдаты.

«Мы маем зносіны, працуем з кіраўнікамі грамадскіх арганізацый і бачым, што ў моладзі сёння дастаткова высокая грамадзянская пазіцыя. Яны думаюць аб будучым сваёй краіны. І, калі маладыя людзі прыйдуць і будуць працаваць у парламенце (а гэта добрая школа для станаўлення маладога чалавека), я думаю, што гэта будзе выдатна», — выказала сваё меркаванне Наталля Качанава.

Свет не стаіць на месцы, таму, вядома, будучая кампаніі не будзе аналагічнай з мінулай. Але сур’ёзных змен не адбудзецца.

«Мы дакладна ведаем нашу палітыку. Мы дакладна ведаем тыя ўстаноўкі, якія ёсць у нашай дзяржаве. Гэта ўсё павінна рабіцца дзеля людзей. Галоўнае — гэта людзі, сумленныя адносіны да іх. Прымаемыя рашэнні павінны быць на карысць дзяржаве. Таму ўнутраная палітыка, якая была, такая і ёсць. Наша дзяржава сацыяльнаарыентаваная, усё накіравана на дабрабыт нашых грамадзян. Зразумела, сусветная палітыка, знешнія ўмовы змяняюцца», — расказала кіраўнік Адміністрацыі.

З уласнага вопыту працы ў рэгіёнах Наталля Качанава ведае, што людзі актыўна ўдзельнічаюць у выбарчых кампаніях.

«Важна, каб тыя кандыдаты ў дэпутаты, якія будуць балатавацца, працавалі з людзьмі. Трэба паказаць сябе, каб чалавек, які прыйшоў галасаваць за пэўнага кандыдата, выразна разумеў, што гэтага чалавека я бачыў, чуў яго выступленне, бачыў яго працу. І тады, канечне, не будзе пытаняў у людзей», — падкрэсліла яна і адзначыла, што чакае ад кандыдатаў актыўнасці.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.