Вы тут

Чаму на Віцебшчыне зачыняюцца ФАПы?


Асаблівасць Віцебшчыны — у самай вялікай колькасці населеных пунктаў. Іх тут больш за 6,2 тысячы. Прыблізна ў двух тысячах — да 10 чалавек, а ў 2/3 — колькасць жыхароў не перавышае 50 чалавек! І жыхароў усіх вёсачак трэба забяспечыць медыцынскімі паслугамі. Калі ФАП закрываюць, як у народзе кажуць, бяда. Але ж з часам вяскоўцы ўпэўніваюцца, што не так ужо і важна, каб медыцынскі пункт быў у крокавай даступнасці. Тая ж «хуткая», калі трэба, значна больш аператыўная і аказвае высокапрафесійную медыцынскую дапамогу.


Начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзяркач, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры, нацыянальным развіцці, падкрэслівае, што, незалежна ад месца пражывання, меддапамога павінна быць аказана на добрым узроўні. Паводле яго слоў, асноўная задача галіны аховы здароўя — забяспечыць даступнасць медыцынскай дапамогі ў адпаведнасці з нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў...

Сенатар упэўнены, што ў глыбінцы пры правільным падыходзе непрынцыпова, якая меддапамога: стацыянарная ці «з колаў». Галоўнае, каб яна аказвалася своечасова.

Наогул, напэўна, мала хто ведае, што ФАП не абавязкова павінен быць у кожнай вёсцы. А звычайна з насельніцтвам каля 700—800 чалавек і з адлегласцю прыкладна пяць кіламетраў да найбліжэйшай медыцынскай установы. Калі ў свой час адкрывалі ФАПы пад лячэнне згаданай вышэй колькасці людзей, а нагрузка з часам паменшылася ў 2—4 разы, дык лагічна, што трэба такую ўстанову закрываць.

І там, дзе гэта рацыянальна, медыцынская дапамога аказваецца «з колаў». Дарэчы, на Віцебшчыне арганізавана аказанне хуткай медыцынскай дапамогі на сумежных тэрыторыях, а не па адміністрацыйным прынцыпе. І гэта забяспечвае прыбыццё брыгад да месца выкліку ў аптымальна кароткія тэрміны.

Між іншым, толькі ў мінулым годзе служба хуткай медыцынскай дапамогі вобласці атрымала 14 новых аўтамабіляў. Цікава, што абсталяванне «карэт» — ад віцебскай фірмы.

Наогул, закрыццё ФАПаў — з'ява даволі рэдкая. І ўсё часцей у правінцыі, наадварот, адкрываюць пасля рамонту новыя аб'екты. Напрыклад, у сакавіку адкрылася пасля мадэрнізацыі Курынская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі Віцебскага раёна. У населеным пункце жыве каля 900 чалавек. Плюс медустанова да паслуг жыхароў яшчэ каля 25 вёсак. Калі раней у Курыне да медыкаў прыходзілі ў дарэвалюцыйны будынак без выгод, цяпер атрымаць дапамогу можна ў новым месцы, якое знаходзіцца на першым паверсе жылога дома. І амбулаторыя адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Ёсць нават магчымасць дыстанцыйных кансультацый праз інтэрнэт.

Дарэчы, у рэгіёнах Прыдзвіння ёсць цікавы вопыт па фапаўскай тэме. Напрыклад, на Сенненшчыне ў рамках ініцыятывы Беларускага саюза жанчын і ЦРБ «Не губляючы часу» для фапаўскіх медыкаў купілі каля дваццаці электравеласіпедаў. Гэта дазволіла скараціць колькасць выклікаў «хуткай».

У Аршанскім раёне дзякуючы воблачным камп'ютарным тэхналогіям інфармацыя аб пацыенце ўжо вядомая медыкам «хуткай». І зразумела, ёсць магчымасць перадаваць даныя аб стане здароўя тых, каго вязуць у бальніцу.

У Віцебскай вобласці вельмі актыўна праводзіцца паэтапная арганізацыя работы ўчастковай службы па прынцыпе ўрача агульнай практыкі. Летась у вобласці працавалі 232 урачы агульнай практыкі — 58,7 % ад колькасці ўчастковых тэрапеўтаў. Як адзначылі ва ўпраўленні аховы здароўя, для іх створаны ўсе неабходныя ўмовы. Аказанне першаснай медыцынскай дапамогі ў аб'ёме 100 % імі ажыццяўляецца ў Пастаўскім і Верхнядзвінскім раёнах. І набліжаюцца да гэтага ўзроўню ў Браслаўскім і Лепельскім раёнах. Летась у Верхнядзвінску пачала прымаць пацыентаў новая паліклініка на 75 наведванняў у змену, спраектаваная для працы ўрачоў агульнай практыкі. І, як падкрэсліў сенатар Дзяркач, гэта першы вопыт у краіне.

Новыя падыходы да аказання меддапамогі ў глыбінцы дазваляюць значна павысіць якасць паслуг і эканоміць дзяржаўныя сродкі. Вопыт вывучалі расіяне з памежных тэрыторый. І многае ўзялі на заметку.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».