Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Жанчыны

Дакладней, беларускія спартсменкі. Менавіта пра іх працягвае расказваць Ганна Эйсмант ужо ў трэцім сезоне сваёй аўтарскай праграмы «Жанчыны і спорт». Для новых выпускаў праекта здымачная група Белтэлерадыёкампаніі пабывала на малой радзіме біятланісткі Надзеі Скардзіна — у расійскім Сестрарэцку, трапіла ў закуліссе нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» разам з фрыстайлісткай Ганнай Гуськовай (на фота), а таксама ў дэпартаменце развіцця футбольнага клуба БАТЭ разам з яго кіраўніком, вядомай баскетбалісткай Наталляй Марчанка. А чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку па фехтаванні Алену Бялову вядучая пераканала... выйсці на подыум у якасці мадэлі.

«Перадусім мы падкрэсліваем у кожнай з нашых гераінь-спартсменак жанчыну, у якой ёсць сям'я, сябры і блізкія людзі, якая спалучае сілу і прыгажосць і мае за плячыма не толькі багаты спартыўны вопыт, але і цікавую і непаўторную жыццёвую гісторыю», — удакладняе канцэпцыю праграмы яе аўтар і вядучая Ганна Эйсмант. Што новага з'явілася ў фармаце папулярнага тэлепраекта, а што засталося нязменным, глядзіце на «Беларусь 1» штотыднёва па панядзелках — увечары, адразу пасля «Панарамы».


Юбілей

25 мая споўніцца 70 гадоў Леаніду Барткевічу — заслужанаму артысту БССР, салісту знакамітага мулявінскага ВІА «Песняры» ў 1970—1980, 1999—2003 гг., а таксама заснавальніку ўласнага калектыву пад той жа брэндавай назвай «Песняры».

Гэта якраз голас Барткевіча мы чуем на старых пласцінках з песнямі «Александрына», «Бярозавы сок», «Вераніка» і «Молодость моя — Белоруссия». А яшчэ менавіта па ягоным — выпускніка архітэктурнага тэхнікума — дыпломным праекце быў спраектаваны сталічны кінатэатр «Кастрычнік». А яшчэ ён быў жанаты са знакамітай алімпійскай чэмпіёнкай па гімнастыцы Вольгай Корбут, разам з якой пераехаў жыць у ЗША... Пра амерыканскую эпапею і ролю ў расколе «Песняроў», напісанне мемуараў і здымкі ў кіно, узнагароды і любімых жанчын — словам, пра падрабязнасці і акалічнасці жыцця Леаніда Барткевіча, якіх прыхільнікі наогул не ведалі ці добра падзабылі, раскажа дакументальны фільм — у вячэрнім эфіры тэлеканала «Беларусь 3» акурат у дзень нараджэння музыканта.


Класіка

У наступную нядзелю, 26 мая, канал «Беларусь 3» прапануе гледачам усходнееўрапейскую прэм'еру — канцэрт-рэканструкцыю «Страсцей па Марку» Іагана Себасцьяна Баха для салістаў, хору і аркестра. Ён быў адноўлены нямецкім кампазітарам і клавесіністам Ёрнам Бойзенам і запісаны ў красавіку творчай групай медыяхолдынга ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

На тое, каб аднавіць згублены шэдэўр духоўнай музыкі (а для гэтага вывучыць філасофскія трактаты, кнігі па эстэтыцы і рыторыцы эпохі барока), Бойзену спатрэбіўся год карпатлівай працы. Кампазітар сам напісаў страчаныя рэчытатывы ў барочным стылі, палічыўшы недапушчальным рабіць штучныя ўключэнні з іншых твораў Баха, але пры гэтым захаваў большую частку музычнага тэксту «Страсцей».

У міжнародным культурна-аднаўленчым праекце таксама ўзялі ўдзел кіраўнік і пра-
дзюсар Яўген Бушкоў, нямецкія тэнар Бенджамін Глаубіц і бас-барытон Джуліян Рэдлін, салісткі Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі сапрана Таццяна Гаўрылава, мецца-сапрана Наталля Акініна, хор Беларускай акадэміі музыкі, Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі і ансамбль расійскіх музыкантаў, якія валодаюць тэхнікай ігры на інструментах эпохі барока.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.