Вы тут

Маладзёжны форум адбудзецца 15—16 ліпеня


VІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 17—18 ліпеня ў Санкт-Пецябургу, будзе папярэднічаць вялікі Маладзёжны форум. Ён адбудзецца 15—16 ліпеня, пасля чаго яго ўдзельнікі працягнуць работу на секцыях «дарослага» форуму, дзе разам з вядомымі палітыкамі і эканамістамі, прадстаўнікамі бізнесу абмяркуюць надзённыя праблемы беларуска-расійскага партнёрства.


Тэма сёлетняга форуму: «Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва як аснова фарміравання адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы». Пра гэта журналістам паведаміла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні VІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Мар'яна ШЧОТКІНА.

«Перш за ўсё плануецца правядзенне вялікага Маладзёжнага форуму, пасяджэнне Савета Маладзёжнага парламента пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі. У працяг — пасяджэнне шасці секцый, дзе моладзь будзе абмяркоўваць важныя пытанні разам з вядомымі людзьмі, прадстаўнікамі бізнесу. На гэтых секцыях будуць разгледжаны асноўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін: інфармацыйная прастора, сумесныя маладзёжныя праекты, культурна-гуманітарная дзейнасць, турызм, партнёрства рэгіёнаў», — расказала старшыня аргкамітэта.

Мар'яна Шчоткіна акцэнтавала, што маладым людзям у сёлетнім форуме адводзіцца асаблівая роля. «Ім сёння важна ўдзельнічаць у гэтай рабоце, у іх таксама ёсць ініцыятывы, і калі выпрацаваны прапановы пра тое, якія праекты патрэбныя, абавязкова падтрымаем!», — паабяцала яна.

«Палітыка, эканоміка — гэта добра, але ніколі яшчэ воля народа не заставалася ўбаку, — пракаментавала тэму форуму віцэ-спікер верхняй палаты беларускага парламента. — Калі мы фарміруем нашу Саюзную дзяржаву, працуем у яе рамках, мы не можам не ўлічваць тое, што нашы народы жадаюць працаваць разам. Так, мы захоўваем сваю суверэннасць, мы ўсе — незалежныя дзяржавы, мы абавязкова шануем сваё, нацыянальнае, але пры гэтым не павінны разбураць дружбу з тымі дзяржавамі, з якімі гістарычна завязаліся добрыя адносіны. Таму ўмацаванне гэтага складніка ўваходзіць у задачы Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі».

Акрамя таго, плануецца прааналізаваць выкананне і эфектыўнасць раней заключаных на падобных пляцоўках пагадненняў. «Эканамічны складнік па-ранейшаму будзе важны, — падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. — Гандлёва-эканамічныя адносіны будуць абмяркоўвацца як праз прызму рэгіянальнага супрацоўніцтва, так і на Дзелавым савеце. Бізнес-супольнасць дзвюх краін сустрэнецца за круглым сталом, каб абмеркаваць праблемы і знайсці спосабы іх вырашэння, выйсці з канкрэтнымі прапановамі да ўрадаў і парламентаў».

Як заўсёды, на палях форуму будуць заключацца новыя пагадненні, гэтым разам — не толькі паміж рэгіёнамі, але і паміж установамі культуры, прапрацоўваецца магчымасць з'яўлення сумеснага дакумента паміж кінастудыямі Беларусі і Расіі, паведаміла старшыня аргкамітэта.

«На пленарным пасяджэнні 18 ліпеня, мы вельмі спадзяёмся, што яно будзе праходзіць з удзелам прэзідэнтаў, будуць абмеркаваны ўжо вынікі гэтых мерапрыемстваў, прыняты адпаведны дакумент», — падсумавала парадак дня форуму Мар'яна Шчоткіна.

Учора ў Савеце Рэспублікі адбылося чарговае пасяджэнне аргкамітэта па ўдзеле беларускага боку ў Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У сярэдзіне чэрвеня плануецца правесці сумесны аргкамітэт з расійскім бокам, на ім будуць зацверджаны прозвішчы выступоўцаў і тэмы дакладаў.

Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што рэгіянальныя форумы — вельмі значная пляцоўка для дыялогу, на якой шчыра абмяркоўваюцца праблемныя пытанні. Нездарма ў рамках беларуска-расійскага форуму праходзіць пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі, сёлета яно пройдзе 17 ліпеня. Вядзецца вялікая падрыхтоўчая работа, якая ўключае правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі, круглых сталоў, каб вызначыць праблему і знайсці шляхі яе вырашэння. Пленарнае пасяджэнне ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў праводзіцца якраз для таго, каб вырашыць тыя пытанні, якія патрабуюць іх удзелу», — растлумачыла віцэ-спікер.

Кожны форум ставіць перад сабой задачы зрабіць супрацоўніцтва Беларусі і Расіі яшчэ больш эфектыўным, падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. «Гэта павінны быць ініцыятывы, прапановы, канструктыўнае партнёрства. Адно з пытанняў, якое мы абавязкова будзем абмяркоўваць сёлета, — эфектыўнфасць расходавання сродкаў Саюзнай дзяржавы, бо, на нашу думку, сёння праектаў недастаткова, пры гэтым існуе прафіцыт саюзнага бюджэту. Што, мы не можам прапрацаваць сумесныя праекты? Для гэтага мы павінны прааналізаваць праекты, якія існуюць, — рэалізаваныя альбо якія знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі, і прапаноўваць новыя», — лічыць сенатар.

На пытанні журналістаў, ці ёсць папярэднія лічбы па колькасці камерцыйных кантрактаў, якія плануецца заключыць на палях форуму, віцэ-спікер адказала: «Лічбы ёсць. Але агучваць мы іх будзем на аргкамітэце напярэдадні форуму, пасля таго, як давядзём унутрыдзяржаўныя працэдуры да лагічнага канца». Пры гэтым Мар'яна Шчоткіна заўважыла, што мэта пабіць рэкорд не ставіцца — «гэта не спаборніцтва, і не заўсёды колькасць пераходзіць у якасць». Задача заключаецца ў тым, каб супрацоўніцтва было не дэкларатыўным, каб напаўненне пагадненняў і кантрактаў вызначалася ў сумах і карысці для двух бакоў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Моладзі дадуць слова

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.