Вы тут

Пачалася адпраўка прызыўнікоў у войска


Двойчы на год – у маі і ў лістападзе – Узброеныя Сілы, іншыя віды войскаў і вайсковых фармаванняў папаўняюць навабранцы. У першы дзень адпраўкі на Мінскім гарадскім зборным пункце, што месціцца на вуліцы Ангарскай, сабралося каля ста маладых людзей. Усім ім давядзецца правесці ў армейскіх шэрагах розны тэрмін – камусьці 6 месяцаў, а камусьці і ўсе 18.


За плячыма Рамана Буліцкага – скончаны спартыўна-тэхнічны факультэт БНТУ. Але, як правіла, выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў атрымліваюць павесткі ўвосень – адразу пасля таго, як перастаюць быць студэнтамі.

- Насамрэч я праходзіў ужо другую медыцынскую камісію, - гаворыць хлопец. – Але зацягнуліся тэрміны, і да канца лістапада цалкам абследавацца я не паспеў. Вось так прызыў для мяне перанёсся на вясну. Паходы да ўрачоў занялі недзе каля месяца… Адзінае – на ваеннай кафедры ў БНТУ я не вучыўся. Таму давядзецца праслужыць год. Але я да гэтага маральна гатовы. Адзінае – на працы казалі, што мяне будзе не хапаць, але куды дзенешся? Я ж быў выкладчыкам у БНТУ. Куды менавіта адпраўлюся – пакуль невядома. Ведаю толькі, што вучэбка чакае мяне ў 72-м Аб’яднаным вучэбным цэнтры ў Печах.

Раман не клікаў на праводзіны нікога з родных. Кажа, што яму так прасцей. Развітаўся з усімі зранку, сабраў рэчы і паехаў сюды.

А вось праводзіць Віталя Дубоўскага прыйшлі дзед, баба і маці.

- Я скончыў Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж па спецыяльнасці “тэхнік-механік”. Паспеў папрацаваць паўгода на адным са сталічных заводаў. Мяне таксама прызывалі ўвосень, але я атрымаў адтэрміноўку на паўгода. Справа ў тым, што я вучыўся ад ваенкамата на правы кіроўцы катэгорыі С. Ужо сказалі, дзе буду служыць – непадалёк ад сталіцы ў часці Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Разам са мной туды паедуць і некалькі хлопцаў, з якімі я разам здаваў на правы.

Да арміі я асабліва не рыхтаваўся. Дома будуць чакаць мама, бацька, дзед, сябры. Дзед быў толькі за тое, каб я адслужыў. Ды і ў самога ёсць такое жаданне. Хачу атрымаць новыя эмоцыі і маральна пасталець.

Маці хлопца, Ала Дубоўская, прызнаецца, што не вельмі гатова да таго, што сына паўтара гады не будзе дома. Але, як яна кажа, такі лёс у жанчын – праводзіць сваіх сыноў у войска.

- У мяне дзве дачкі, таму кагосьці з родных даводзіцца праводзіць упершыню, - кажа дзядуля хлопца Мікалай Горбач. – Я сам служыў у 1970-1972 гадах у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў горадзе Мірны, што ў Архангельскай вобласці. Унуку казаў, што Мінская вобласць да сталіцы куды бліжэйшая, чым Крайняя Поўнач.

- Сёння мы традыцыйна адпраўляем маладых людзей, прызнаных прыдатнымі да службы, у воінскія часці Узброеных Сіл і іншых фарміраванняў, - кажа начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Мінска палкоўнік Дзмітрый Пятровіч. – Я пагутарыў з прызыўнікамі, настрой у іх баявы. Хачу адзначыць, што сёння мы адпраўляем папаўненне для войскаў сіл спецыяльных аперацый, Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Некалькіх хлопцаў накіруюцца ў 72-і Аб’яднаны вучэбны цэнтр.

Адным з іх стане васямнаццацігадовы Максім Савельеў.

- Я вучыўся ў каледжы, але вучобу не скончыў.  Прыйшла павестка, і вось я апынуўся пасля медкамісіі тут. Сярод сваякоў ёсць некалькі кадравых афіцэраў, таму можна сказаць, што я пэўнае ўяўленне аб будучай службе атрымаў.

Перад тым, як стаць у строй, хлопцы знаёміліся са стралковай зброяй і рыштункам, які дэманстравалі вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый.

- Сёння ў вас ўрачысты, памятны і трывожны дзень, - звярнуўся да прысутных падчас урачыстага мітынгу ваенны камісар Мінска Юрый Пілішчык. - У войску вы атрымаеце ваенна-ўлiковую спецыяльнасць, здабудзеце навыкі выкарыстання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, правядзеце з карысцю час. Бацькам жадаю цярпення, каб вашы дзеці былі здаровыя і радавалі сваімі лістамі. Прызыўнікам зычу здароўя, аптымізму і ўдачы.

А байцы 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння паказалі прызыўнікам майстар-клас па валоданні зброяй і элементамі рукапашнага бою. Пасля гэтага прызыўнікі прайшлі ўрачыстым маршам міма трыбуны. Праз месяц іх чакае прысяга…

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.