Вы тут

Рэзалюцыя па пераглядзе Міжнароднай сістэмы адзінак уступіць у сілу 20 мая


Рэзалюцыя, якая ўсталёўвае новыя вызначэнні для асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (SI), уступіць у сілу 20 мая. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА.


Міжнародная сістэма адзінак неабходная, каб адзінкі вымярэнняў, няхай гэта метр або секунда, заставаліся супастаўнымі і ўзгодненымі ва ўсім свеце. Новыя вызначэнні замацаваны ў дачыненні да чатырох з сямі базавых адзінак - кілаграма, ампера, кельвіна і моля.

Пераазначэнне аблегчыць практычнае выкарыстанне сістэмы SI. Усе адзінкі цяпер выяўленыя пры дапамозе фундаментальных канстант, назіраць якія можна ў навакольным свеце (напрыклад, гэта тычыцца хуткасці святла, пастаяннай Планка або пастаяннай Авагадра). Выкарыстанне гэтых нязменлівых натуральных эталонаў для вымярэнняў забяспечыць надзейнасць і сталасць азначэнняў адзінак вымярэння ў будучыні. Апошні артэфакт, міжнародны прататып кілаграма, афіцыйна замяняецца новай рэалізацыяй у выглядзе фізічнага эксперыменту, які абапіраецца на значэнне пастаяннай Планка.

Адабрэнне рэзалюцыі па пераглядзе Міжнароднай сістэмы адзінак стала вынікам шматгадовага плённага супрацоўніцтва нацыянальных метралагічных інстытутаў і Міжнароднага бюро мер і вагаў (BIPM). Пераазначаныя адзінкі вымярэнняў адкрыюць новыя магчымасці для развіцця і ўкаранення інавацыйных рашэнняў і тэхналогій у навуцы і на вытворчасці, у паўсядзённым жыцці.

Напрыклад, больш дакладнае вымярэнне тэмпературы дапаможа ўдасканаліць маніторынг і прагназаванне кліматычных зменаў. Вызначэнне секунды праз атамныя гадзіны дазволіць з высокай дакладнасцю вызначаць месцазнаходжанне аб'екта на мясцовасці. Без вымярэнняў новага ўзроўню дакладнасці будзе немагчымым развіццё тэхналогій для інтэрнэту і мабільнай сувязі, навігацыйных сістэм і прасоўвання разумных гарадоў.

"Пераход на абноўленую Міжнародную сістэму адзінак ва ўсім свеце будзе паступовым, і ў паўсядзённым жыцці з 20 мая нічога не зменіцца. Пакуль гэта пытанне знаходзіцца на стадыі пастаноўкі задач і абмеркавання ў рамках міжнародных і рэгіянальных арганізацый па метралогіі, - растлумачыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Валерый Гурэвіч. - Але ўжо можна гаварыць пра тое, што з'яўляюцца сродкі вымярэнняў, якія абапіраюцца на іншыя, больш сучасныя падыходы. Гэта ў перспектыве істотна паўплывае і на сусветнае прыборабудаванне, і на рынак метралагічных паслуг".

Гістарычная рэзалюцыя адобрана 16 лістапада 2018 года краінамі - удзельніцамі 26-й Генеральнай канферэнцыі мер і вагаў ў Францыі, ў Версальскім Палацы кангрэсаў. У мерапрыемстве тады прынялі ўдзел метролагі каля 100 краін свету, у тым ліку Беларусі. Значнасць рэзалюцыі для будучых інавацый падкрэслівае і дэвіз Сусветнага дня метралогіі (адзначаецца 20 мая) у гэтым годзе - "Міжнародная сістэма адзінак. Фундаментальна лепш".

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

Кіраўнік Мінскай вобласці — аб тым, чаго рэгіён дасягнуў за дваццаць пяць гадоў

 Міншчына — самы цэнтр краіны, яна нават сваімі абрысамі нагадвае сэрца. 

Грамадства

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Як пад Мінскам сартуюць смецце

Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў і рух за перапрацоўку адходаў «Мэта 99» далі людзям магчымасць на свае вочы пабачыць, як выглядаюць «смеццевыя могілкі».