Вы тут

Тры фан-зоны і 20 дадатковых інфармацыйных пунктаў адкрыюцца для турыстаў


Як паведаміла вядучы спецыяліст аддзела сэрвісаў для гледачоў фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Людміла ФАКЕЕВА, першыя інфапункты адкрыюцца за некалькі дзён да пачатку Гульняў, каб госці, якія прыбылі загадзя, змаглі тут атрымаць інфармацыйную падтрымку.


У гэтых пунктах валанцёры прапануюць усім ахвотным рэкламныя і інфармацыйныя матэрыялы, бясплатныя турыстычныя карты, дзе пазначаны культурныя і гістарычныя месцы і славутасці горада. Яны падкажуць, як дабрацца да гасцініцы або спартыўных аб'ектаў. Інфапункты каля спарткомплексаў будуць працаваць па раскладзе спаборніцтваў, у раёне аб'ектаў транспартнага абслугоўвання (на вакзалах, аэрапорце) яны адкрыюцца за некалькі дзён да пачатку Гульняў і закрыюцца праз некалькі дзён пасля іх завяршэння.

Начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Міхаіл ПРАКАПЕНКА адзначыў, што ўсе аб'екты Гульняў знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці, на іх праводзяцца тэставыя спаборніцтвы.

«На час Гульняў у Мінску з'явяцца тры фан-зоны: каля Палаца спорту, «Мінск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны», — заявіла начальнік аддзела грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Вольга ЕЗАПЕНКАВА. Тут можна будзе пакаштаваць прадукцыю хуткага прыгатавання, прапанаваную сталічнымі прадпрыемствамі. Так, у фан-зоне каля «Мінск-Арэны» будуць пяць фудтракаў і пяць палатак розных аб'ектаў грамадскага харчавання. На «Чыжоўка-Арэне» створаць больш за 500 пасадачных месцаў для балельшчыкаў. Дарэчы, ва ўсіх гандлёвых палатках прапануюць, акрамя таго, стравы беларускай нацыянальнай кухні. Усяго ж на 15 спартыўных аб'ектах арганізуюць гандлёвае абслугоўванне 96 стацыянарных і часовых пунктаў.

А вось у фан-зоне каля Палаца спорту размесцяцца 14 аб'ектаў харчавання на 1000 месцаў. Карміць тут будуць рэстараны 11 пасольстваў.

Што датычыцца спартсменаў, якія прыедуць у Мінск і размесцяцца ў Студэнцкай вёсцы, то яны змогуць харчавацца ў сталовай, якая часова пераабсталявана на дзве тысячы месцаў. Акрамя таго, гэтая сталовая ў дні спаборніцтваў прапануе стравы міжземнаморскай, італьянскай, рускай і беларускай кухняў, а таксама спартыўнае харчаванне. Таксама тут з'явіцца кафэ выключна з нашымі нацыянальнымі стравамі, разлічанае на 150 месцаў.

А вось намеснік дырэктара ДП «Сталічны транспарт і сувязь» Андрэй Іларыёнаў лічыць, што праца па арганізацыі транспартнага руху на час спаборніцтваў пачалася яшчэ ў мінулым годзе. Зараз ужо дакладна вызначана, якім чынам будуць працаваць метро і наземны транспарт падчас правядзення Гульняў.

Тры маршруты стануць абслугоўваць гледачоў «Мінск-Арэны», іх будуць падвозіць да станцый метро «Пушкінская», «Няміга» і «Акадэмія навук». Яшчэ два маршруты злучаць «Чыжоўка-Арэну» і станцыю метро «Аўтазаводская», стралковы комплекс і станцыю метро «Уручча». Графік руху сфарміраваны з улікам раскладу спаборніцтваў. Таксама зменіцца работа транспарту ў раёне фан-зон, зарэзерваваны дадатковы рухомы састаў па дзеючых маршрутах. Распрацавана схема руху ў перыяд правядзення велагонкі.

Гарадскія ўлады наколькі магчыма кампенсавалі тыя нязручнасці, якія ўзнікнуць у сувязі з закрыццём вуліц. Асаблівая ўвага аддаецца інфармаванню грамадзян. У сувязі з тым, што фан-зона каля Палаца спорту ў асобныя дні будзе працаваць да чатырох раніцы, станцыі метро зачыняцца для ўваходу ў 4 гадзіны 10 хвілін. Работа метрапалітэна падаўжаецца да 4.30, наземнага транспарту — да пяці раніцы.

Як вядома, удзельнікам Гульняў дадуць права бясплатнага праезду на гарадскім пасажырскім транспарце і метрапалітэне пры наяўнасці ў іх дзеючай акрэдытацыйнай карты. Плаціць за праезд балельшчыкі будуць па цяперашняй сістэме аплаты праезду ў Мінску, а таксама з выкарыстаннем карткі госця, а ў метрапалітэне — яшчэ і банкаўскай карткі. Для транспартнага абслугоўвання ўдзельнікаў гульняў у спартыўнай вёсцы абсталяваны часовы пасажырскі тэрмінал, які будзе ўключаць пасадачныя пляцоўкі, абсталяваныя павільёнамі і інфармацыйнымі табло.

У нашай сталіцы завяршаецца распрацоўка агульнагарадской схемы, дзе будуць пазначаныя ўсе месцы для паркоўкі транспарту пры правядзенні спаборніцтваў ІІ Еўрапейскіх гульняў, паведаміў галоўны інжынер дзяржаўнага аб'яднання «Гаражы, аўтастаянкі, паркоўкі» Пётр ПРУДНІКАЎ. Схема будзе размешчана ў сродках масавай інфармацыі і на аўтастаянках аб'яднання. Папярэдне для абслугоўвання гледачоў вызначана каля 7 тысяч месцаў у раёне правядзення спаборніцтваў і каля 10 тысяч месцаў па напрамках руху.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.