Вы тут

Якія планы задумана ажыццявіць на Віцебшчыне?


Якія планы задумана ажыццявіць на Віцебшчыне, што прываблівае сюды інвестараў і якой ініцыятывы не хапае аршанцам? Аб гэтым журналістам падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў.


Ініцыятыўным — зялёнае святло

Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, губернатар нямала ўвагі ўдзяліў Аршанскаму раёну, у прыватнасці, расказаў, што ўсё больш бізнес-структур з іншых абласцей выказваюць пажаданне стварыць там прадпрыемства. І гэта зразумела, бо гарантуюцца прывабныя прэферэнцыі, якія робяць бізнес вельмі прыбытковым. А ўмовы на тэрыторыі мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Орша» ў пасёлку Балбасава, нават лепшыя, чым у свабоднай эканамічнай зоне. Таму там выгадна працаваць як сярэдняму, так і вялікаму бізнесу. А на што можа разлічваць малы, дзе заняты адзін ці некалькі чалавек? Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады ўпэўнены, што ёсць вялікі патэнцыял і для дробных прыватнікаў. Але, на яго думку, самі жыхары раёна пакуль не ўсвядомілі, што з'явіўся ўнікальны шанц праявіць дзелавыя якасці і зарабіць. Можна распачаць бізнес самастойна, стварыць сваю справу з сябрамі, калегамі. Гарантаваны поспех і таму, што ў Аршанскім раёне параўнальна шмат жыхароў: больш за 156 тысяч чалавек, у Оршы каля 115 тысяч. І гэта — патэнцыйныя пакупнікі, спажыўцы паслуг. Проста трэба прыкласці намаганні, каб зарабіць. Губернатар нагадаў, што Указ Прэзідэнта № 506, накіраваны на развіццё Аршанскага раёна, і быў прыняты, каб спрыяць развіццю бізнес-ініцыятывы мясцовых жыхароў, рэалізаваць іх дзелавы, працоўны патэнцыял. Падаткі сімвалічныя, зялёнае святло пры пакупцы і арэндзе памяшканняў, табу на праверкі з боку кантрольных органаў... Аб такім у іншых рэгіёнах толькі мараць.

З боку ўлады зроблена і робіцца ўсё магчымае, каб ствараліся новыя вытворчасці, рабочыя месцы. А вось ініцыятывы з боку тутэйшых пакуль малавата. Мікалай Шарснёў упэўнены: з часам людзі ацэняць сітуацыю, і яна зменіцца.

Ад поля да прылаўка

Наконт стратэгіі развіцця вёсак Аршаншчыны і поўначы краіны ў цэлым — і аб гэтым таксама ішла гутарка. Старшыня аблвыканкама нагадаў аб канцэпцыі стварэння інтэграцыйных структур аграрнага вытворчага комплексу. Аршанская — адна з чатырох такіх у вобласці (яшчэ — Віцебская, Полацкая і Глыбоцкая). Мікалай Шарснёў упэўнены, што Віцебшчына — першапраходзец у стварэнні буйных комплексаў — у свой час правільна пачала ўзмацняць наймацнейшых. Некалькі гадоў таму тут пачалі ствараць кааперацыю па прынцыпе «ад поля да прылаўка». Ён апраўдаў сябе: гаспадаркі, якія ледзь зводзілі канцы з канцамі, атрымалі шанец другога нараджэння. Ды і перадавікі, сельскагаспадарчыя гіганты, перапрацоўшчыкі нічога не страцілі. Ім і сёння аказваецца падтрымка на ўзроўні кіраўніцтва аблвыканкама. Напрыклад, прапанавалі зямлю стратных раней гаспадарак, ёсць магчымасць без цяжкасцяў набыць новую тэхніку, угнаенні ды іншае. Змяншаюцца выдаткі, акумулююцца даходы — плюсоў больш, чым мінусаў.

Дырэктывай № 6 кіраўніка дзяржавы прадугледжвацца якраз фарміраванне інтэграцыйных сельскагаспадарчых структур. На сёння абароты ўражваюць. Напрыклад, з 800 тысяч гектараў раллі прыкладна 450 тысяч апрацоўваюць холдынгі.

Інвестараў усё больш

Сёлета ў Мёрскім раёне плануецца прэзентаваць новую ўнікальную вытворчасць — завод па перапрацоўцы металу. Там будуць вырабляць белую бляху. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што аб'ём інвестыцый вельмі сур'ёзны — каля 300 мільёнаў долараў. Па сутнасці, увесь раён стане больш актыўна развівацца: мясцовыя жыхары атрымаюць рабочыя месцы, якія адпавядаюць перадавым стандартам, дзе можна будзе годна зарабляць.

Паколькі паўночная частка Беларусі вельмі багатая лясамі, робіцца стаўка на прыцягненне інвестараў у галіну апрацоўкі. Мікалай Шарснёў расказаў пра літоўскую фірму, якая з'яўляецца буйным гульцом на рынку перапрацоўкі драўніны. Замежнікі на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск» будуць вырабляць запатрабаваную ў краінах Еўрапейскага саюза прадукцыю. Вытворчасць забяспечаць рабатызаваным абсталяваннем. А выручку з разліку на аднаго рабочага плануюць атрымаць у дзясяткі разоў вышэйшую, чым у іншых вытворцаў. Цяпер пры ўдзеле інвестараў можна больш актыўна зарабляць на паглыбленай перапрацоўцы. Дарэчы, калісьці ў кожным лясгасе развівалі вытворчасць, і гэта сябе апраўдвала.

А яшчэ поўнач краіны багата вадой, карыснай для здароўя, сапрапелем, торфам, тут дзясяткі гадоў здабываюць даламіт... Таму інвестарам ёсць што прапанаваць і з карысных выкапняў. Але пры гэтым акцэнт робіцца на выпуск канечнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.

Мясцовая ўлада павінна зацікавіць інвестараў, якія маглі б сур'ёзна паўплываць на аздараўленне эканомікі кожнага рэгіёна. І такіх прыкладаў усё больш і больш.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: У чым патэнцыял поўначы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.