Вы тут

Галіна Станілевіч: Мне не ўсё роўна, у якім свеце будуць жыць мае ўнукі


Пра тое, як важна разумець свае эмоцыі і кіраваць імі

Людзі, якія здольны разумна ацэньваць свае магчымасці, могуць спакойна абмеркаваць далейшыя дзеянні, не пераходзячы на асобы, і валодаюць уменнем вырашаць канфлікты пры сутыкненні інтарэсаў, сустракаюцца не вельмі часта. А вы, напрыклад, можаце спыніцца і не працягваць бясплодную спрэчку, калі ўсе вакол на ўзводзе? Не ўзвальваць на сябе занадта шмат абавязкаў у стане эйфарыі? А ці здольныя прызнацца самім сабе ў непрывабных пачуццях? Усё гэта навыкі эмацыянальнага інтэлекту, які яшчэ могуць называць сацыяльным.


Аб эмацыянальным інтэлекце загаварылі пасля таго, як выявілася, што традыцыйныя тэсты на інтэлект не здольныя прадказаць паспяховасць чалавека ў кар'еры і ў жыцці ў цэлым. Аказалася, што тэсты на ментальны інтэлект не ацэньваюць здольнасць да эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі і да эфектыўнага кіравання сваімі ўласнымі эмоцыямі. Між тым менавіта гэтыя ўменні ўласцівыя ўсім паспяховым людзям — іншымі словамі, усіх іх аб'ядноўвае высокі эмацыянальны інтэлект.

Па не зусім класічным азначэнні С. Дж. Стэйна і Говарда Бука, якое дае Вікіпедыя, эмацыянальны інтэлект, у адрозненне ад звыклага ўсім паняцці інтэлекту, «з'яўляецца здольнасцю правільна інтэрпрэтаваць сітуацыю і аказваць на яе ўплыў, інтуітыўна ўлоўліваць тое, чаго хочуць і ў чым маюць патрэбу іншыя людзі, ведаць іх моцныя і слабыя бакі, не паддавацца стрэсу і быць абаяльным».

Ці можна гэтаму навучыцца? «Можна!» — упэўненая кіраўнік Школы развіцця эмацыянальнага інтэлекту Галіна Станілевіч.

Гэтая школа працуе ў Мінску ўжо год, яна існуе ў выглядзе гурткоў дадатковай адукацыі і актыўна супрацоўнічае са сталічнымі агульнаадукацыйнымі школамі. Кіраўнік школы кажа, што цікавасць да яе дзецішча рэзка вырасла ў гэтым годзе, асабліва пасля таго, што здарылася ў Стоўбцах, калі вучань забіў настаўніцу гісторыі і іншага школьніка і параніў яшчэ дваіх падлеткаў.

Галіна Станілевіч расказала нам аб навыках XXІ стагоддзя, аб выкарыстанні сваіх эмоцый і аб тым, як важна не станавіцца іх заложнікам.

Гэта не пра веды, а пра навыкі

— Зураб Кекелідзэ, галоўны псіхіятр Расіі, неяк у інтэрв'ю прывёў статыстыку, якую рэдка агучваюць, — кажа наша суразмоўніца. — Там палохаючыя лічбы. Адхіленні ў развіцці і дэзадаптацыя сёння назіраюцца больш чым у 60 % школьнікаў. Гэта значыць, такім дзецям будзе вельмі складана адаптавацца ў свеце. Ім будзе цяжка рэалізавацца ў прафесіі, зрабіць кар'еру, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, пабудаваць сям'ю...

На Захадзе на працягу апошніх дзесяцігоддзяў праводзяць даследаванні: што адбываецца ў нашым быццам бы паспяховым свеце, дзе якасць жыцця паляпшаецца, дастатак расце, але разам з гэтым у людзей расце і дэзадаптацыя, і дэпрэсія. Аказалася, што недастаткова развіваць у дзяцей толькі разумовы інтэлект.

Што прынята лічыць навыкамі XXІ стагоддзя? Гэта не толькі кампетэнтнасць і прафесіяналізм. Гэта яшчэ і асабістыя якасці — ад іх залежыць, дзе вы будзеце працаваць, куды вас возьмуць. Можна быць вельмі разумным, але не ўмець размаўляць з людзьмі. А сямейнае жыццё? Як можна яго пабудаваць, не ўмеючы слухаць і чуць іншага чалавека, вырашаць канфлікты і г. д.? Таму гэта вельмі важныя кампетэнцыі.

Прычым гэта не веды, а менавіта навыкі. Усе мы ведаем, што не трэба нервавацца па дробязях, але ў каго ёсць такі навык? Навык — гэта калі веданне ты можаш прымяніць на практыцы.

Дрэнных і няправільных эмоцый не бывае

— У побыце эмацыянальны інтэлект мы, дарэчы, часцей за ўсё называем рысамі характару. Напрыклад, калі гаворым пра чалавека, што ён ураўнаважаны, спакойны, прыязны, умее адстойваць сваю пазіцыю і пры гэтым паважаць чужую... Пра чалавека, які ўмее сябраваць, здольны пашкадаваць, папрасіць і прапанаваць дапамогу і яшчэ шмат чаго. Часцей за ўсё мы гэта называем якасцямі характару, і гэта ўсё з'яўляецца навыкамі эмацыянальнага інтэлекту.

Калі ў нас ёсць такія якасці, мы лепш разумеем людзей, не маем у адносінах да іх неапраўданых чаканняў, не патрабуем ад сябе і іншых больш, чым у нашых сілах, не становімся заложнікамі эмоцый.

Наогул, мы вучым дзяцей таму, што дрэнных і няправільных эмоцый няма. Яны павінны быць проста адэкватна выкарыстаныя. І мы вучым, якія эмоцыі для чаго падыходзяць. Напрыклад, не варта ісці на перагаворы ў добрым эмацыянальным стане, з павышаным настроем. Тут трэба трошкі злосці. Таму што весці перагаворы без такой эмоцыі, як злосць унутры, — не вельмі прадукцыйна, гэта значыць, што вы, хутчэй за ўсё, здадзіце свае пазіцыі, адступіце. І значна менш верагоднасці, што вы абароніце свае пазіцыі. Гэта ўсё тонкія грані, але вельмі важныя.

Распазнаваць, разумець, пераключацца...

— У нашай праграме мы займаемся развіццём трох навыкаў. Першы — гэта распазнаванне сваіх эмоцый і станаў, калі чалавек можа назваць, што з ім зараз адбываецца. Калі ён у стане аддзяліць трывогу ад раздражнення, стомленасць — ад апатыі. Такі чалавек не прыме лёгкае захапленне за вялікае каханне, а цікавую перспектыву — за галоўную мэту жыцця.

Другі навык — калі чалавек разумее прычынна-выніковыя сувязі: чаму са мной гэта адбываецца? Што такога здарылася, што выклікала гэты мой стан? І да чаго гэта можа прывесці? То-бок эмацыянальны інтэлект — гэта калі я разумею, што са мной адбываецца, а не толькі нешта адчуваю і выказваю гэтыя пачуцці.

Трэці навык — уменне пераключаць свае эмоцыі. Для гэтага трэба ведаць пэўныя тэхнікі. Напрыклад, калі дзіця знаходзіцца ў радасным стане, а ў яго наперадзе кантрольная работа, то гэты яго стан будзе не вельмі адэкватны. Для таго каб паспяхова здаць кантрольную, трэба дадаць крышку смутку. Тады чалавек стане больш уважлівы і сабраны. Але трэба разумець, што гэта не павінен быць смутак, які наваліўся і ўсё сабой апанаваў, а толькі лёгкі яго налёт. Вось як увесці сябе ў гэты стан?

І калі, напрыклад, дзіця ідзе ў школу са страхам, то не варта чакаць ад яго высокіх ацэнак. У стане страху мозг зацікаўлены ў тым, каб затаіцца і выжыць, а не ў тым, каб атрымліваць новую інфармацыю і выдаваць яе па першым патрабаванні.

Размаўляць з людзьмі — вялікая навука

— Ёсць яшчэ і чацвёрты аспект — ён ужо больш для дарослых — гэта калі я ўмею кіраваць і сваім станам, і чужым таксама. Вельмі мала людзей умеюць кіраваць сабой. І жыццё такое, што нам неабходна ўмець кіраваць і эмоцыямі іншых. Гэта не значыць маніпуляваць імі або падпарадкоўваць іх. Гэта і ўменне супакоіць іншага чалавека, калі той вельмі раззлаваны, баіцца або засмучаны, і ўменне заразіць сваім пазітывам іншых людзей.

Мы лічым самым яркім сваім дасягненнем тое, што нашы дзеці пачынаюць дзяліцца з намі тым, што яны перажываюць. Ім цікава расказаць пра сябе і паслухаць пра іншых, цікава, а як гэта бывае ў дарослых...

Зараз многія бацькі скардзяцца, што на пытанне «як справы?» — дзеці адмоўчваюцца або гавораць «нармальна». І мы ў адказ кажам дарослым: а вы не спрабавалі расказаць пра сябе? Напрыклад, «я так стамілася, мне сумна, у мяне здарылася тое і тое, вось гэта атрымалася, а гэта — не...». Калі пачаць так гаварыць, то і дзіця ўключыцца і сапраўды гэтак жа пачне расказваць пра сябе.

Таму мы вельмі рады, што нашы дзеці разнявольваюцца, што яны заўважаюць свой настрой і стан і вучацца кіраваць імі, што ў іх павышаецца самаацэнка.

Гэта вялікая навука — умець размаўляць з іншымі людзьмі, і вялікая навука — слухаць іншых людзей і ўмець рэагаваць на іх перажыванні.

Наша школа прыватная. Гэта расійская франшыза, дзе мы навучаем дзяцей па гатовай праграме — навукова абгрунтаванай і сертыфікаванай, карані якой ляжаць у Ельскім універсітэце, але яна адаптаваная да нашых рэалій і менталітэту...

* * *

На маё пытанне ў канцы размовы, чаму яна гэтым занялася, Галіна Станілевіч адказала так: «Па-першае, я прадпрымальнік. Па-другое, я трэнер для дарослых, і гэта тая тэма, якой я займаюся. Але ёсць і трэцяя прычына: я бабуля траіх унукаў. Старэйшаму 17 гадоў, малодшай — 7 месяцаў. Калі мы кажам, што людзі не ўмеюць спраўляцца з сабой, сваімі эмоцыямі — гэта пра тое, што такі свет небяспечны. Ён больш агрэсіўны, непрадказальны. А мне не ўсё роўна, у якім свеце будуць жыць мае ўнукі».

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?