Вы тут

Лета — гэта...


Канец вучэбнага года набліжаецца імкліва, як электрычка ў метро. А вы ўжо ведаеце, чым заняць дзяцей летам?


Калі абмяркоўваем гэта пытанне з калегамі, людзі ранейшага пакалення наогул не разумеюць, у чым праблема: маўляў, адпраўляйце на ўсё лета ў вёску да бабулі, дзеці і адпачнуць, і самастойнасці навучацца. Выдатна, але што рабіць тым, у каго бабулі і на пенсіі працягваюць працаваць, альбо моцна хварэюць і самі патрабуюць догляду, альбо вядуць актыўнае жыццё і не гараць жаданнем «сядзець з унукамі» цэлае лета, альбо наўпрост, як і ў мяне, «бабулі на вёсцы» не існуе ў прыродзе?

У маім дзяцінстве, дарэчы, была тая самая сітуацыя. Найбліжэйшая і адзіная родная бабуля жыла за тысячы кіламетраў ад нас, на чарнаморскім узбярэжжы, і выправіцца да яе ўдавалася далёка не кожнае лета, зводзячы дэбет з крэдытам.

Таму галоўнай тэмай станавіўся летнік — тады яшчэ піянерлагер, якіх у адной толькі Мінскай вобласці было вялікае мноства. Паколькі лагер быў ад завода, дзе працаваў бацька, і дзеці, і супрацоўнікі адзін аднаго добра ведалі, сяброўскія стасункі не толькі хутка завязваліся, але і працягваліся доўгія гады — раз'язджаючыся, мы адзін аднаму так і гаварылі: «Сустрэнемся наступным летам у старшым атрадзе».

Але гэта дрымучая настальгія і справы даўно мінулых дзён, і сёння з добрага дзясятка летнікаў, напрыклад, на Вячы «жывымі» засталіся добра калі адзін-два. У дзясятках астатніх, закінутых, па пустых карпусах гуляе вецер, і ў лепшым выпадку нелегалы-страйкбалісты ладзяць тут свае баявыя гульні, а ў горшым — усё, што радавала дзіцячыя сэрцы, паступова разбураецца і расцягваецца. З нашага «Усходу», напрыклад, на пачатку 2000-х знік у невядомым напрамку... цэлы самалёт, мадэль якога ўпрыгожвала цэнтральную пляцоўку лагера! Ні праз роспыты былых завадчан, ні праз расследаванні колішніх піянераў яго лёс высветліць так і не ўдалося...

Сёння ж «прафсаюзныя» летнікі — рэч нятанная, даволі дэфіцытная і для многіх бацькоў сумнеўная. І рэч нават не ў бытавым камфорце, хоць для некаторых сучасных малых прыбіральня на вуліцы роўная канцу свету. Значна важнейшы калектыў педагогаў, які працуе з дзецьмі, — калі за справу бяруцца добрыя арганізатары і набіраюць прафесійную каманду, усе будуць задаволеныя, захопленыя і ўсе вушы праныюць: «а можна, мы сюды паедзем на наступны год?», а калі ў калектыве самі ўчарашнія дзеці альбо раўнадушныя ці проста няўмелыя дарослыя — летнік ператворыцца ў катаргу для дзіцяці і згрызоты сумлення для бацькоў.

Насамрэч варыянты, канешне, ёсць: палатачныя летнікі, ІT-, бізнес-, спартыўныя і іншыя тэматычныя лагеры з насычанай праграмай, выязныя моўныя практыкумы, у тым ліку ў іншыя краіны, для тых, хто з цікавасцю вывучае замежную мову, тры змены школьных летнікаў... Але ўся гэта разнастайнасць упіраецца ў грошы, і, як правіла, немалыя. Таму многія бацькі па-ранейшаму выбіраюць паміж бабулямі і квэстам «лета ў горадзе». І гэта таксама можа быць няблага, калі помніць, што для дзяцей лета — сапраўды асобнае маленькае жыццё, і якія ўспаміны ад яго застануцца, залежыць ад нас.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.