Вы тут

Дзяржава думае над тым, як удасканаліць дапамогу сем'ям


Міжнародны дзень сям'і быў зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН невыпадкова. У пачатку 90-х ва ўсім свеце рэзка вырасла колькасць разводаў, павялічыўся працэнт людзей, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту і так ні разу і не ўступілі ў шлюб. Да таго ж, сучасныя людзі часта хочуць пазбегнуць лішніх абавязацельстваў, таму жывуць без афіцыйнай рэгістрацыі адносін. А большасць сучасных сем'яў нараджаюць дзяцей досыць позна і абыходзяцца пры гэтым адным дзіцем, а то і зусім не хочуць іх мець наогул. Усё гэта — прыкметы крызісу сям'і, а значыць, і крызісу ўсяго грамадства.


Гэтыя сусветныя тэндэнцыі характэрныя і для нашай краіны. Таму асабліва актуальнай і важнай з'яўляецца правільная палітыка дзяржавы ў адносінах да «ячэйкі грамадства».

Што ж яно прапануе і над чым працуе, каб удасканаліць дапамогу сям'і?

Дадатковыя гарантыі шматдзетным

У першую чаргу спецыялісты адзначаюць 3-гадовы аплачваемы адпачынак па доглядзе дзіцяці — унікальную меру, якой няма ў большасці нават самых багатых краін. Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў на сёння прызначана больш чым на 300 тысяч дзяцей. Акрамя таго, дзяржава выплачвае сем'ям 11 відаў дапамог, якімі ахоплены 505 тысяч дзяцей.

З'яўленне дзіцяці ў сям'і — дадатковая фінансавая нагрузка на бацькоў, таму сем'ям пры яго нараджэнні выплачваецца аднаразовая дапамога. Пры нараджэнні першынца яна складае 10 бюджэтаў пражытковага мінімуму (1 БПМ роўны 224 руб.), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ.

З 2015 года дзейнічае праграма доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў — сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў, пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей. Згаданая праграма завяршаецца 31 снежня 2019 года, але ўжо прынята рашэнне аб яе падаўжэнні яшчэ на пяць гадоў.

Пакуль што права распараджэння сродкамі сямейнага капіталу з'яўляецца пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў. Выкарыстоўваць іх можна на паляпшэнне жыллёвых умоў, на паслугі ў сферы адукацыі, медыцыны, сацыяльнага абслугоўвання, а таксама на назапашвальную пенсію для маці. Датэрмінова сямейны капітал можна выкарыстоўваць на атрыманне некаторых платных медыцынскіх паслуг.

На сённяшні дзень ідзе работа над тым, каб пашырыць кірункі, па якіх сямейны капітал можа быць «размарожаны» датэрмінова. Адзін з найбольш верагодных такіх кірункаў — будаўніцтва жылля, заяўляе намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

А намеснік старшыні пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч анансавала, што ў найбліжэйшай будучыні дзяржава абяцае дадатковыя гарантыі шматдзетным маці ў галіне пенсійнага забеспячэння, а таксама адраснай падтрымкі. У прыватнасці, шматдзетным мамам, якія выхоўваюць чацвярых дзяцей, дэкрэтны адпачынак могуць пачаць уключаць у агульны працоўны стаж для налічэння пенсіі ў поўным аб'ёме.

Акрамя таго, сёння маці, якія нарадзілі і выхоўваюць 9 і больш дзяцей, маюць права на пенсію «За асаблівыя заслугі перад рэспублікай». Спецыялісты і дэпутаты прапануюць знізіць планку колькасці дзяцей у гэтым выпадку да сямі, а то і да пяці. Гэта прапануецца дзеля павышэння ўзроўню сацыяльнай абароны шматдзетных маці і павышэння прэстыжу мацярынства, растлумачыла Людміла Канановіч.

Бацькі — не толькі тыя, што нарадзілі

Да святкавання Дня сям'і могуць з поўным правам далучыцца і больш за 10 тысяч замяшчальных сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў.

Як адзначае галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, летась страцілі апеку родных 2,3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, пры гэтым біялагічнымі сіротамі сталі толькі 11 % дзяцей з гэтай колькасці. Тым не менш спецыяліст заяўляе, што колькасць дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у нашай краіне штогод зніжаецца — і гэта добрая тэндэнцыя.

Тры дадатковыя ўмовы

Прадстаўнік Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі Вольга Атрошчанка адзначае, што ў беларускіх сем'ях прасочваецца няроўнае размеркаванне хатніх абавязкаў паміж мужчынам і жанчынай. Таму вельмі важна ўцягненне беларускіх мужчын у адказнае бацькоўства ды пашырэнне і дадатковае заахвочванне такой ініцыятывы, калі ў адпачынак па доглядзе дзіцяці сыходзіць бацька.

Акрамя таго, Прадстаўнік Фонду ААН у галіне народанасельніцтва адзначае важнасць рэалізацыі мер, накіраваных на пашырэнне бясплатных або даступных па цане паслуг па доглядзе дзяцей. І трэцяя ўмова — гэта наяўнасць дружалюбных да бацькоў рабочых месцаў. Калі арганізацыі і прадпрыемствы будуць даваць гарантыі і льготы бацькам — гэта адкрые больш магчымасцяў для працаўладкавання і наступнай паспяховай работы, большага заробку для жанчын-маці. А мужчынам гэта дасць магчымасць часцей праводзіць з дзецьмі час і быць больш залучанымі ў жыццё сям'і. Таму дзяржава, на думку Вольгі Атрошчанкі, павінна заахвочваць стварэнне ў арганізацыях рабочых месцаў, дружалюбных да бацькоў.

Беларуская сям'я ў лічбах

  • У Беларусі сёння налічваецца больш за 2,7 млн сем'яў, з іх у 1,2 млн ёсць непаўналетнія дзеці.
  • У 2018 годзе ў нашай краіне было заключана 60 714 сямейных саюзаў.
  • Рашэнне аб уступленні ў шлюб беларусы з кожным годам прымаюць усё ў больш сталым узросце. Так, летась сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб у жанчын склаў 26 гадоў, у мужчын — 28,1 года.
  • У 2018 годзе сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні дзіцяці ў краіне склаў 29,4 года, у гарадской мясцовасці — 29,8 года, у сельскай мясцовасці — 28,2 года.
  • Ва ўзросце 60 і больш гадоў летась было заключана 739 шлюбаў (у 2010 годзе — 576 шлюбаў).
  • Па выніках мінулага года, на тысячу беларускіх шлюбаў прыпадае 546 разводаў.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Самая важная «ячэйка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».