Вы тут

Вада пачынае смяротны адлік. Як без рызыкі адпачыць каля рэк і азёр?


Сёлетняя вясна ўжо паспела адзначыцца магутным летнім акордам, калі тэмпература паветра некалькі дзён сягала за плюс 25 градусаў. Пацяпленне наступіла рэзка, і некаторыя адпачывальнікі ўжо накіраваліся тады да вадаёмаў. Але паколькі спякота грымнула раптоўна, то вада нармальна за такі кароткі час прагрэцца не здолела. І як вынік, падчас купання ўжо танулі людзі.


— Усе ахвяры знаходзіліся ў нецвярозым стане, — кажа вядучы спецыяліст рэспубліканскага савета Таварыства ратавання на водах Алег Баразна. — Напрыклад, 20 красавіка ў тэхнічным вадаёме ў Калодзішчах, што пад Мінскам, падчас купання патануў 47-гадовы мужчына. Дзве іншыя трагедыі разыгрываліся па падобным сцэнарыі.

Смяротны «градус»

Для таго каб чалавек мог знаходзіцца ў вадзе без рызыкі атрымаць пераахаладжэнне, яна павінна прагрэцца мінімум да 18 градусаў. Ды і тэмпература паветра мусіць быць не ніжэй за 22—23 цяпла. Калі ж разбежка паміж гэтымі двума паказчыкамі істотная, то такі кантраст можа прывесці да звужэння сасудаў галаўнога мозга і агульнага парушэння работы ўнутраных органаў. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да рызыкі лятальнага зыходу.

На вялікіх выхадных, калі май больш нагадваў канец сакавіка, тэмпература вады падала да адзнакі ў 8—10 градусаў. За апошні час яна крыху прагрэлася, але не нашмат — да 11—15 градусаў, і толькі па поўдні дзе-нідзе вада «набрала» ўжо 17 градусаў. Аднак гэтага ўсё роўна не хапае.

— Вельмі часта купальшчыкі адпраўляюцца да вадаёма не адны, а з кампаніяй, — працягвае Алег Баразна. — Здавалася б, дапамога на выпадак нейкага здарэння побач. Але... Адпачынак нярэдка суправаджаецца спажываннем алкагольных напояў. І вось у нейкі момант нехта разгарачыўся і вырашыў «панізіць градус» у вадзе. Увага і канцэнтрацыя прытуплены. Трагедыя адбываецца за лічаныя хвіліны. Тыя, хто на беразе, своечасова не заўважаюць, што нехта знік. Тое, што прысутных стала меней, высвятляецца толькі тады, калі наступае час сыходзіць. А ўжо позна...

Не пакідайце малых без увагі

Некалькі няшчасных выпадкаў сёлета адбылося ў копанках. Гэта штучнае паглыбленне ў зямлі, якое запоўнена вадой. Апошнім часам яны ўваходзяць у моду на прыватных падворках. І ўсё б нічога, але... Копанкі вельмі моцна цягнуць да сябе дзяцей.

14 красавіка драма разыгралася ў Віцебску. Пяцігадовы хлопчык гуляў каля свайго дому і ў нейкі момант знік з поля зроку. Бацька адправіўся шукаць сына. І знайшоў яго за домам у вадаёме. На жаль, дапамагчы малому было ўжо немагчыма.

Яшчэ адзін хлопчык загінуў на штучным вадаёме ў Бягомлі. Адбылося гэта ўвечары 23 красавіка. Дзед прыйшоў на дамбу разам са сваімі ўнукамі. Дзеці гулялі разам. І вось у нейкі момант прысутныя спахапіліся: а дзе 4-гадовы хлопчык? Нешта яго некалькі хвілін нідзе не відаць. На пошукі пайшла сястра. Малы ляжаў на паверхні вады без прыкмет жыцця.

— Малому хопіць літаральна аднаго-двух дзясяткаў секундаў, каб захлынуцца, — кажа Алег Баразна. — Таму як мінімум да 10 гадоў нельга пакідаць дзяцей без пастаяннага надгляду. Дзіцячая псіхалогія працуе так, што вада для іх — гэта не небяспека, а сродак спазнаць штосьці новае.

Раз-пораз прыходзяць паведамленні аб тым, што на якімсьці вадаёме перавярнулася лодка з людзьмі, якія ў ёй знаходзіліся. Напрыклад, летась у канцы чэрвеня ў Дняпры патануў 14-гадовы школьнік. Адбылося гэта падчас трэніроўкі па веславанні.

— На любым маламерным судне трэба абавязкова знаходзіцца ў зашпіленай выратавальнай камізэльцы, — сцвярджае Алег Баразна. — За ўвесь час, калі была ўведзена гэтая норма, не загінуў ніводны чалавек, які трымаўся гэтага правіла. Бо камізэлька сканструявана так, што апынуцца тварам у вадзе практычна немагчыма.

І «Запарожац» на дне

У ноч на 21 красавіка на адным са знакамітых Краснасельскіх кар'ераў загінуў 18-гадовы юнак. Кампанія маладых людзей вырашыла адпачыць на прыродзе з палаткамі. І вось а палове чацвёртай ночы хлопец некуды выйшаў і не вярнуўся. Сябры паспрабавалі знайсці яго, але безвынікова. Цела ў выніку паднялі вадалазы Таварыства ратавання на водах з глыбіні ў пяць метраў.

— Кар'еры не прызначаны для таго, каб у іх купаліся, — падкрэслівае Алег Баразна. — Гэта проста выемка, якая засталася пасля вычарпання запасаў карысных выкапняў і запоўнена вадой. Глыбіня там можа дасягаць дзясяткаў метраў, а сцены, як правіла, няўстойлівыя. Зрабіць рэкультывацыю кар'ера — падсыпаць дно, умацаваць бераг тэарэтычна можна, практычна амаль немагчыма. Але ў нас толькі натуральных вадаёмаў па краіне больш за 20 тысяч. І на ўсё гэтае прыроднае багацце — 66 выратавальных станцый і 143 выратавальныя пасты, прычым 35 з апошніх сезонныя, якія адкрываюцца толькі на перыяд купальнага сезона. Доўжыцца ён з 1 мая да 30 верасня. Яны працуюць поўны светлавы дзень. Аднак адбываецца рознае — спякота, моцны наплыў адпачывальнікаў... У такім выпадку работа працягваецца да таго часу, пакуль з пляжа не сыдзе апошні чалавек.

Ратавальнікі, натуральна, дзяжураць на афіцыйных пляжах. Іх акваторыі чысцяцца перад пачаткам купальнага сезона, а ў цёплую пару года перыядычна праходзіць маніторынг дна, каб яно не ператваралася ў звалку.

— На кожнай станцыі ў нас дзяжураць медыцынскія супрацоўнікі, якія аказваюць экстранную дапамогу, — працягвае Алег Баразна. — Шмат адпачывальнікаў звяртаецца з парэзамі, ушыбамі, былі выпадкі пераахаладжэння, сонечнага ўдару. На некаторых станцыях да нас прыходзілі больш за 300 разоў. Што да смецця, то здаралася, што з вадаёма вывозілі па некалькі прычэпаў адходаў. Чаго толькі няма на дне нашых вадаёмаў — шыны, халадзільнікі, аконныя рамы, бутэлькі...

А ў мінскім кар'еры на вуліцы Гарэцкага на дне ляжыць даўно затоплены «Запарожац». Машыну знайшлі падчас спробы зрабіць кар'ер месцам афіцыйнага адпачынку — усё ж такі ў размешчаных побач густанаселеных раёнах з воднымі аб'ектамі цяжкавата. Але не атрымалася — аднекуль у кар'ер пастаянна б'юць крыніцы.

Даведка «Звязды»

Летась падчас купання загінула 118 чалавек, з іх 13 былі непаўналетнімі. Паказальна, што 77 дарослых незадоўга да смерці ўжывалі алкагольныя напоі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.