Вы тут

Як пазбавіцца ад маркоўнай мухі без хіміі


Маркоўная муха — маленькі, але злосны шкоднік морквы, пастарнака, сельдэрэя і пятрушкі. За адзін дачны сезон нашы градкі з морквай атакуюць два пакаленні гэтага шкоднага насякомага. Яе даўжыня — усяго 4-5 міліметраў. У яе чорнае брушка, чырвоная галава і жоўтыя лапкі. Яна лётае з дапамогай шырокіх празрыстых зеленаватых крылаў.


Кукалкі маркоўнай мухі выдатна зімуюць як у склепе побач з морквай, так і ў верхнім пласце глебы на ўчастку. Яны выдатна пераносяць любыя маразы, практычна не вымярзаюць. У маі, калі пачынаюць цвісці яблыні і рабіны, а глеба праграваецца да 15 °С, можна чакаць першы вясновы лёт маркоўнай мухі. На працягу наступных 20-25 дзён яна будзе адкладаць яйкі ўнізе сцёблаў маленькіх раслін морквы. Праз 5-10 сутак з яек з'яўляюцца лічынкі і пачынаюць угрызацца ў караняплод.

На моркве, пашкоджанай маркоўнай мухай, застаюцца чорныя «хады» і чарвяточыны, якія цяжка не заўважыць. Бацвінне пашкоджанай морквы можа стаць цёмна-фіялетавым, жоўтым або пачаць сохнуць. Да ліпеня лічынкі «за абедзве шчакі» трэскаюць нашу моркву, а затым акукляюцца і ператвараюцца ў другое пакаленне мух, якія зноў пачынаюць размнажацца. Летні вылет маркоўнай мухі прыпадае на сярэдзіну ліпеня — сярэдзіну жніўня. Цяпер дзеткі другога пакалення будуць ласавацца саспелай морквай, а потым застануцца зімаваць на градках і ў сховішчах.

Як і ва ўсіх, у маркоўнай мухі ёсць свае слабасці. Варта згуляць на іх — і можна будзе забыцца пра гэтага шкодніка назаўжды. Па-першае, маркоўная муха не любіць паху цыбулі. Таму той, хто вырошчвае цыбулю з морквай у змешаных пасадках, звычайна ад маркоўнай мухі не пакутуе. Як, зрэшты, і ад цыбульнай. Па-другое, маркоўнай мусе не падабаюцца выдзяленні каранёў аксамітак і нагаткоў. Так што зусім не лішнім будзе ўпрыгожыць міжраддзі маркоўнай грады гэтымі выдатнымі кветкамі. І прыгожа, і муха не лётае! Нарэшце, маркоўная муха аддае перавагу вільготнасці і ценю. А значыць, чым радзейшыя пасадкі, тым лепш. Чым радзейшы паліў, тым лепш. Больш эфектыўна паліваць моркву раз на тыдзень, але багата, на вялікую глыбіню, чым кожны дзень размахваць палівачкай над градкамі.

Акрамя гэтага існуе шмат народных сродкаў супраць маркоўнай мухі.

1. Біяпрэпараты. Найменш працаёмкі (але даволі выдатковы) метад прадугледжвае выкарыстанне біяпрэпаратаў ад шкоднікаў. Падчас лёту мухі, гэта значыць у маі і ліпені, апырскваюць градкі з морквай адмысловым біяпрэпаратам. Для людзей і жывёл ён бясшкодны, а вось шкодніка да пасадак не падпусціць.

2. Нашатырны спірт. Вясной і ў пачатку лета маркоўныя градкі можна паліць растворам нашатырнага спірту: 1-2 сталовыя лыжкі на 10 літраў вады. Аміяк і маркоўную муху пахам напалохае, і ў якасці азотнай падкормкі спрацуе.

3. Соль. У пачатку чэрвеня два разы з інтэрвалам у 10 дзён маркоўныя градкі праліваюць растворам паваранай солі: 1 сталовая лыжка на 10 літраў вады.

4. Шалупіна цыбулі. Як толькі ўсходы морквы ўтвараюць 2-3 сапраўдныя лісточкі (або падчас першага прарэджвання), бяруць 400 грамаў цыбульнай шалупіны, заліваюць пяццю літрамі гарачай вады, настойваюць двое сутак, затым працэджваюць і апырскваюць пасевы. Шалупіну цыбулі не выкідваюць, а раскладваюць у міжраддзях. Акрамя цыбульнай шалупіны для настою можна выкарыстоўваць крываўнік, памідорнае бацвінне або палын.

5. Нафталін. У маленькіх пластыкавых бутэльках робяць некалькі вялікіх адтулін. У бутэльку змяшчаюць таблетку нафталіну і закрываюць корак. Затым бутэлькі раскладваюць па пасадках морквы. На сонейку нафталін награваецца і выдае непрыемны для маркоўнай мухі пах.

6. Апельсінавыя скарынкі. Для таго каб збіць муху з панталыку нязвыклым пахам, моркву пры прарэджванні апырскваюць настоем апельсінавых скарынак: 1 кілаграм сухіх скарынак трэба заліць 10 літрамі цёплай вады і настойваць трое сутак у цёмным месцы.

Многія на час лёту маркоўнай мухі абсыпаюць міжраддзі тытунёвым пылам, гарчычным парашком, чорным ці чырвоным молатым перцам. Камусьці гэта выдатна дапамагае, камусьці — не.

У заключэнне хацелася б яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што ні адно апырскванне або паліў не эфектыўна так, як захаванне севазвароту і змешаныя пасадкі. Гэтыя простыя і дзейсныя прыёмы ўжо даўно з поспехам ужываюць па ўсім свеце.

Загаловак у газеце: Пазбавіцца ад маркоўнай мухі без хіміі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.