Вы тут

Самыя вядомыя памылкі пра індзейцаў


У дзяцінстве мы захапляліся кніжкамі Майна Рыда і Джэймса Фенімора Купера, а таксама праглядамі шматлікіх вестэрнаў. Асноўнымі героямі гэтых твораў (разам з каўбоямі) былі індзейцы — асноўнае насельніцтва тады нядаўна адкрытай Амерыкі. Але як большасць людзей сабе іх уяўляе? Звычайна — гэта маўклівы чырванаскуры дзікун з лукам і тамагаўкам у руках і звязкам скальпаў на поясе. У рэчаіснасці карэнныя жыхары Амерыкі былі зусім не такімі, якімі іх паказваюць у галівудскіх фільмах.


Не скура, а фарба

З падачы першых амерыканскіх каланістаў індзейцаў сталі называць «чырванаскурымі». Але гэта зусім не азначае, што колер скуры абарыгенаў быў чырвоны, хоць бы таму, што падобнага пігменту ў прыродзе проста не існуе.

Справа ў тым, што індзейцы любілі фарбаваць твар і грудзі ў чырвоны колер. Для гэтага яны выкарыстоўвалі адмысловую фарбу з охры і тлушчу. Асабліва любілі падобны бодзі-арт ваяўнічыя плямёны апачаў. Размалёўка целаў служыла нейкай магічнай абаронай для воіна і паказвала яго статус. На самай справе колер скуры індзейцаў у залежнасці ад рэгіёнаў вар'іраваўся ад жоўта-карычневага да бронзавага.

Скальпы не збіралі. Але прадавалі

Са скальпаваннем сярод паўночнаамерыканскіх індзейцаў звязана нямала памылак. Самай распаўсюджанай з'яўляецца тое, што індзейцы збіралі скальпы сваіх ворагаў.

Вядома, гэтыя выпадкі мелі месца, але ў цэлым гэта не было ўсеагульнай традыцыяй. Часта індзейцы здымалі скальпы толькі ў адказ на падобную абразу з боку ворага. Больш за тое, менавіта каланісты-еўрапейцы ўвялі звычай плаціць індзейцам за знятыя скальпы як грашыма, так і «вогненнай вадой». Яшчэ існуе памылковае меркаванне, што ўсе скальпаваныя людзі абавязкова гінулі. Вядома нямала выпадкаў, калі пасля гэтага жорсткага абраду людзі не толькі выжывалі, але і працягвалі весці нармальнае жыццё.

Апошні з магікан

У гістарычным рамане вышэй згаданага Джэймса Фенімора Купера расказваецца драматычная гісторыя жыцця і смерці індзейца Ункаса — апошняга з племя магікан. Дзеянне рамана адбываецца ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя.

Даследчыкі высветлілі, што Ункас — чалавек, які рэальна існаваў, толькі жыў ён на 150 гадоў раней за падзеі, якія апісваюцца ў кнізе. На самай жа справе племя магікан не вымерла да гэтага часу і ў 2003 годзе налічвала 1611 жыхароў. У кнізе Купера дэлавары выступаюць у ролі станоўчых персанажаў, а іракезы — антаганістаў. Прычына гэтага да смешнага банальная: першыя былі саюзнікамі ЗША, а другія — Вялікабрытаніі.

Тамагаўкі не кідалі

Тамагаўк — верная зброя індзейца. У фільмах і кнігах паказваюцца дзіўныя здольнасці абарыгенаў кідаць гэтыя сякеркі ў ворагаў з даволі немалой адлегласці.

У рэчаіснасці пра гэты «факт» не згадваецца ні ў адной пэўнай крыніцы, што, хутчэй за ўсё, сведчыць аб адсутнасці такой практыкі ў індзейцаў. Больш за тое, да дзяржання сякер звычайна прывязвалася пятля, якая надзявалася на руку. Гэта значыць, што воіны секлі тамагаўкамі і не жадалі, каб іх зброя кудысьці знікла. Ды і калі падумаць рацыянальна — які сэнс кідаць сваю асноўную зброю ў ворага і застацца пасля гэтага безабаронным? Хутчэй за ўсё, гэта не больш чым выдуманы кінаштамп, ад якога любая сцэна бітвы проста будзе выглядаць больш эфектнай.

Добрыя — кепскія

Вобраз карэннага паўночнаамерыканскага народа моцна рамантызавалі мастацкая літаратура і кінематограф. Практычна заўсёды індзеец з'яўляецца высакародным дзікуном, які абараняў свае землі.

Насамрэч «чырванаскурыя» былі жорсткімі. Існавалі як мірныя плямёны, так і ваяўнічыя, апошнія не шкадавалі нікога. Яны забівалі мужчын і бралі ў палон дзяцей і жанчын, выразалі ўсю скаціну і спальвалі вігвамы і іншае жыллё. Войны сярод індзейцаў былі звычайнай з'явай. На Дзікім Захадзе дзейнічаў толькі адзін закон — хто мацнейшы, той і мае рацыю.

Загаловак у газеце: Скальпы і тамагаўкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».