Вы тут

У Беларусь «вернута» пятнаццаць карцін Файбіша-Шрагі Царфіна


Новапрыбылая калекцыя вядомага прадстаўніка Парыжскай школы родам са Смілавічаў стала найбуйнейшай у краіне. Амаль год пасольства Беларусі ў Францыі вяло перагаворы з нашчадкамі Шрагі Царфіна і дасягнула поспеху. У той час як для музеяў і збораў вялікім гонарам з’яўляецца валоданне нават некалькімі работамі знакамітага мастака, прывезеныя ў Беларусь пятнаццаць гуашаў і палотнаў рыхтуюцца быць паказанымі ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне.


Праект па «вяртанні» спадчыны мастака ажыццявіла пасольства Беларусі ў Францыі сумесна з Групай кампаній «А-100» — транспарціроўка каштоўнага грузу на радзіму жывапісца завершана ў пачатку мая. У Беларусі мастак ужо прадстаўлены ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея, карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка», музеі «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах, але новы — яго ўласнікам з’яўляецца «А-100» — цяпер найбуйнейшы.

Шрага Царфін нарадзіўся ў мястэчку Смілавічы Мінскай губерні (як і Хаім Суцін, якога ведаў з дзяцінства). З 1914 года вучыўся ў Мастацкай акадэміі ў Іерусаліме, потым пераехаў у Берлін, нарэшце аказаўся ў Францыі, грамадзянінам якой памёр у 1975 годзе. Царфін вядомы не толькі карцінамі, але і жывапісам на тканіне, ілюстрацыямі да кніг. Творы прадстаўніка Парыжскай школы набываліся знакамітымі калекцыянерамі Эленай Рубінштэйн ды Аліксам дэ Ротшыльдам яшчэ пры жыцці мастака.

Вяртанне карцін у Беларусь, вядома ж, называецца так умоўна — дагэтуль іх, створаных у Францыі, тут ніколі не было, але спадчына знакамітага земляка ўваходзіць у лік культурных каштоўнасцяў краіны, работа па збіранні якіх актывізавалася ў апошнія гады.

Паводле слоў саветніка па пытаннях культуры пасольства Беларусі ў Францыі Віталя Корнева дасягнуць дамоўленасці аб набыцці пятнаццаці гуашаў і палотнаў Царфіна было цяжка: «Нашчадкі мастака не маюць патрэбы ў грашах, але яны вельмі зацікаўленыя ў захоўванні і распаўсюджванні памяці аб сваім бацьку і дзядулю. У першую чаргу яны клапаціліся аб тым, каб гэтыя работы не трапілі ў такую прыватную калекцыю, у якой іх ніхто не зможа пабачыць. Іх галоўным пытаннем было, ці будуць людзі мець магчымасць паглядзець карціны».

Як толькі ўсе патрэбныя працэдуры па падрыхтоўцы работ да экспазіцыі будуць завершаны, яны будуць выстаўлены ў музеі ў Маладзечне, бо Шрага Царфін паходзіць з Мінскай вобласці. Пасольства асабліва адзначае такія набытыя карціны, як «Вялікая ваза ў охравых танах» 1965 года, «Зялёны асабняк у г. Анфлёр» і «Начны марскі пейзаж» прыкладна 1950 года.

Пасольства Беларусі ў Францыі працягвае работу па вяртанні культурных каштоўнасцяў нашай краіны — на гэты момант вядуцца перагаворы аб набыцці твораў яшчэ некалькіх прадстаўнікоў Парыжскай школы родам з Беларусі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?