Вы тут

У Бруселі прайшла Канферэнцыя высокага ўзроўню


У Бруселі прайшла Канферэнцыя высокага ўзроўню, прымеркаваная да 10-годдзя Усходняга партнёрства. Беларускую дэлегацыю на сустрэчы ўзначальваў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Удзел у пасяджэнні ад краін Усходняга партнёрства прымалі таксама прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, прэм’ер-міністр Грузіі Мамука Бахтадзэ, яго малдаўскі калега Павел Філіп, Арменію і Азербайджан прадстаўлялі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў. Учора, у апошні дзень мерапрыемстваў, палітыкі працавалі ў дзвюх панэлях. Першая была прысвечана выклікам і дасягненням ініцыятывы для грамадзян, у другой абмяркоўвалі будучае Еўрапейскага партнёрства.


Уладзімір Макей выказаўся наконт першага пытання і заўважыў, што доўгі час Беларусь лічылі свайго роду буфернай зонай. «Мне не падабаецца фармуліроўка «буферная зона». Я б хацеў лепш пагаварыць аб зоне росквіту і працвітання, таму мы вырашылі браць удзел у гэтай ініцыятыве (Усходняе партнёрства — «Звязда») з самага пачатку, — сказаў міністр. — Мне здаецца, што з улікам удзельнікаў гэтай ініцыятывы мы ў Беларусі дасягнулі за апошнія тры-чатыры гады намнога больш, чым за мінулыя дзесяцігоддзі, калі былі абмежаванні і санкцыі».

У якасці прыкладу  прасоўвання наперад Уладзімір Макей прывёў эканамічнае супрацоўніцтва. За апошні год доля ЕС у нашым экспарце павялічылася з 26% да больш як 30%. Еўрасаюз стаў другім па велічыні гандлёвым партнёрам.

Але многае яшчэ наперадзе. «Мы спадзяемся, што нам удасца пазбавіцца ад гандлёвых бар’ераў, якія яшчэ засталіся», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Дасягнулі многага ў гуманітарных адносінах. Створана Каардынацыйная група Беларусь — ЕС, якая абмяркоўвае ўвесь спектр нашых адносін — правы чалавека, дэмакратыю і г. д.

«Я ведаю, што ёсць нейкія казытлівыя, чуллівыя пытанні для Еўрапейскага саюза, — падкрэсліў міністр. — Важна працягваць дыялог па гэтых пытаннях, абмяркоўваць адкрыта праблемы, якія застаюцца. Я маю на ўвазе смяротнае пакаранне, асцярогу з боку Еўрапейскага саюза адносна выканання правоў чалавека ў Беларусі». 

Макей расказаў, што для вырашэння апошняга пытання паспяхова рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па правах чалавека, згодна з рэкамендацыямі ААН. Разам з ЕС арганізаваны шматлікія мерапрыемствы па праблеме смяротнага пакарання. Адпаведная рабочая група ў парламенце займаецца гэтай тэмай.

Ёсць прагрэс і ва ўзаемадзеянні Беларусі з фінансавымі інстытутамі ЕС. «Важна супрацоўніцтва паміж гэтымі фінансавымі інстытутамі па такіх важных пытаннях як прыватызацыя. Мы ведаем негатыўныя прыклады некаторых суседніх краін, калі прыватызацыя праводзілася без падрыхтоўкі і з’яўляліся алігархі. Мы б хацелі пазбегнуць такіх негатыўных прыкладаў. Мы б хацелі выкарыстоўваць станоўчую практыку працэсу прыватызацыі», — канстатаваў міністр замежных спраў нашай краіны.

Нявырашаным пытаннем застаецца канфрантацыя паміж Расіяй і ЕС. Для Беларусі, якая знаходзіцца пасярод двух лагераў, — гэта праблема. «Мы пакутуем ад этай канфрантацыі і хацелі б яе пазбегнуць. Мы падтрымліваем так званую прапанову аб інтэграцыі інтэграцый, якая, на наш погляд, магла б пэўным чынам аб’яднаць два інтэграцыйныя працэсы ў нашым рэгіёне», — заявіў Уладзімір Макей.

Выказаўся міністр наконт падпісання Прыярытэтаў партнёрства: «Я не разумею, чаму з-за пазіцыі адной краіны мы не можам пераадолець нейкія невялікія перашкоды, якія не дазваляюць нам падпісаць гэтыя пагадненні па прыярытэтных кірунках партнёрства».

Як перашкоду Уладзімір Макей абазначыў і нізкую заўважнасць ініцыятывы ў Беларусі.

Пасля сустрэчы Уладзімір Макей адказаў на пытанні журналістаў

Яны папрасілі міністра падвесці вынікі мерапрыемстваў. 

«Многія падыходзілі і казалі, што беларускае выступленне (на сустрэчы міністраў — «Звязда») было адным з нямногіх канкрэтных, калі мы гаворым пра тое, чаго дасягнулі за 10 гадоў, якая карысць для краіны ад удзелу ў ініцыятыве Усходняга партнёрства, але самае галоўнае — чаго б мы хацелі атрымаць у будучым ад удзелу. Казаць, што гэта выдатная ідэя, давайце і далей сябраваць сем’ямі або дзяржавамі — гэта адно. Але важна, каб была скіраванасць на канкрэтныя справы, праекты, якія прынясуць аддачу для канкрэтнага чалавека ў нашай краіне. Простыя людзі павінны адчуць карысць ад нашага ўдзелу ў ініцыятыве», — сказаў кіраўнік МЗС.

Сярод такіх ідэй, прапанаваных беларускім бокам: паляпшэнне ўмоў перасячэння мяжы Беларусі і ЕС, дыверсіфікацыя гандлю, павелічэнне інвестыцый у нашу краіну. Паводле слоў міністра, еўрапейскія калегі сказалі, што выступленне Уладзіміра Макея можа быць узята за аснову праграмы дзеянняў на будучае дзесяцігоддзе.

Запыталі кіраўніка знешнепалітычнага ведамства і аб адкліканні пасла Расіі Міхаіла Бабіча. «Я не бачу сэнсу каментаваць. Гэта ўнутранае рашэнне нашых расійскіх сяброў. У нас няма прэтэнзій да працы расійскага пасла па змесце. Па форме магчыма трохі не заўсёды дыпламатычнымі былі пэўныя дзеянні. Нам камфортна працавалася з паслом Расіі», — адказаў міністр Макей.

Паводле яго слоў, мы гатовы да ўмацавання сяброўскіх адносін з Расійскай Федэрацыяй з любым паслом. «Больш за тое, чырвонай ніткай у ходзе ўсіх нашых выступленняў і размоў падчас прыбывання тут, у Бруселі, праходзіла тое, што нам трэба старацца развіваць сувязі паміж еўразійскім і еўрапейскімі эканамічнымі працэсамі. Па-мойму, ніхто больш не казаў пра гэта, акрамя Беларусі», — канстатаваў Уладзімір Макей.

Марыя ДАДАЛКА

Фотаздымкі прадастаўлены Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь

Брусель

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.