Вы тут

Лукашэнка даручыў пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтр да 2021 года


Пра гэта ён заявіў сёння падчас нарады на адпаведную тэму.


«Такі выставачны цэнтр у краіне — у любой краіне — патрэбны. У сучасным свеце немагчыма без арганізацыі выстаў і падобных мерапрыемстваў весці перш за ўсё гандаль, а для экспартна арыентаванай краіны наогул немагчыма развіццё», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэтая тэма абмяркоўвалася даўно, была пастаўлена задача аб прапрацоўцы пытанняў развіцця выставачнай дзейнасці і будаўніцтва свайго Нацыянальнага комплексу, які б адпавядаў усім сучасным патрабаванням.

«Але пытанне неапраўдана зацягнулася, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму на такім высокім узроўні давайце вызначацца і давайце зробім так, каб ужо ў 2021 годзе мы мелі падобны цэнтр».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для актыўнай і абавязкова эфектыўнай працы па арганізацыі выставачнай дзейнасці ў краіне неабходна падумаць аб стварэнні адзінай сістэмы і адзінага цэнтра выставачнай дзейнасці.

«Прымаюцца ўсе прапановы, рашэнні трэба прымаць у гэтым паўгоддзі па другім пытанні, ды і па першым трэба вызначацца і пачынаць будаўніцтва гэтага цэнтра. Адзінае патрабаванне: цэнтр не павінен быць палацавым, гэта павінен быць функцыянальны цэнтр з усімі будынкамі і памяшканнямі для правядзення падобных мерапрыемстваў», — адзначыў беларускі лідар.

Што тычыцца кошту выставачнага комплексу, Прэзідэнт заклікаў не мудраваць ва ўгоду таннасці. Паводле яго слоў, цэнтр павінен быць прыгожым знешне, але гэта не значыць, што за сімпатычную «абгортку» і нефункцыянальную архітэктуру трэба плаціць шалёныя грошы. «Трэба зрабіць проста і прыгожа, дыхтоўна, якасна, — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў нас ёсць вопыт будаўніцтва якасных і недарагіх аб’ектаў. «Яшчэ раз папярэджваю: лішніх трат быць не павінна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын адзначыў, што пытанне будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтра абмяркоўваецца ўжо больш за 10 гадоў — упершыню гэта адбылося ў 2007 годзе, калі ўрад звярнуўся да Прэзідэнта з прапановай аб стварэнні інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве ў раёне сталічнага праспекта Пераможцаў буйнога шматфункцыянальнага выставачнага гандлёвага цэнтра. У далейшым былі прапановы і ад іншых органаў, прыватных кампаній, разглядаліся розныя варыянты размяшчэння — як у межах Мінска, так і за горадам.

Даведка

У краіне штогод праводзіцца больш за 100 выстаў, якія ахопліваюць практычна ўсе галіны эканомікі: прамысловасць, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, інфармацыйныя тэхналогіі, турызм і іншыя. Многія з іх арганізуюцца на пастаяннай аснове, маюць міжнародны статус і карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў дзелавых колах. Найбольш значнымі і маштабнымі з’яўляюцца выставы «Белагра», «Budexpo», «Прадэкспа», «Tibo», «Milex».

У 2018 годзе ў рэспубліцы, галоўным чынам у Мінску, праведзена 209 выстаў і кірмашоў, з іх 42 — з выставачнай плошчай звыш 1000 кв. метраў. У гэтых мерапрыемствах прыняло ўдзел 25 тысяч беларускіх прадпрыемстваў і больш за 1,5 тысяч замежных кампаній.

На рынку выставачных паслуг краіны дзейнічае 8 аператараў, якія маюць вопыт у арганізацыі міжнародных выстаў: РУП «БелЭкспа», ЗАТ «МінскЭкспа», ЗАТ «Тэхніка і камунікацыі», УП «Экспафорум» і ТАА «ЭкспаСістэмс» УП «Белінтэрэкспа», ПК «Макбел», ТАА «Экспаліст».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.