Вы тут

Беларусь стала членам Еўразійскага альянсу дзіцячых анколагаў


Ранняе выяўленне хворых на рак, пошукі новых метадаў лячэння, шпітальнага і пазашпітальнага аказання дапамогі — гэтыя і іншыя пытанні разгледзелі спецыялісты з ЗША, Расіі, Беларусі і іншых краін падчас трэцяй сустрэчы экспертаў Еўразійскага альянсу дзіцячых анколагаў, якая праходзіць у Мінску. А Беларусь стала членам гэтай міжнароднай арганізацыі — адпаведнае пагадненне падпісана падчас сімпозіума.


У Мінск прыехала больш за 75 дэлегатаў з 11 краін Еўразійскага рэгіёна, прадстаўнікі 11 фондаў і 21 медыцынскай установы. Наша краіна абрана для такой сустрэчы невыпадкова: поспехі беларускіх дзіцячых анколагаў не засталіся незаўважанымі на міжнародным узроўні, і наш вопыт можа быць карысным для іншых краін.

— У сістэме ЕurАDО мы, як і Расія, з'яўляемся эталоннай краінай, — адзначыла Вольга Алейнікава, дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. — Узровень гэтай службы ў Кыргызстане, Таджыкістане, Узбекістане значна ніжэйшы, чым у Беларусі. Таму да нас і прыязджаюць пераймаць вопыт. З нашай дапамогай ужо наладжана работа службы дзіцячай анкалогіі ў Казахстане. Калісьці мы самі вучыліся ў Германіі, Францыі, Швейцарыі, цяпер прыйшоў той час, калі мы павінны перадаваць свой вопыт нашым калегам у СНД.

Штогод у Беларусі рак выяўляецца ў 300 дзяцей. Каля 75 % з іх паспяхова вылечваюцца, пры некаторых формах выжывальнасць дасягае 98 %. Але такая сітуацыя не ва ўсіх краінах.

— Каб уступіць у альянс, неабходны вопыт, добрыя вынікі і патэнцыял развіцця, і беларускія спецыялісты валодаюць гэтымі кампетэнцыямі, — падкрэслівае першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — Тое, што на нашай пляцоўцы сабраліся вядучыя эксперты з усяго свету на чале з прадстаўнікамі Дзіцячага даследчага шпіталя Сент Джуд з ЗША, гэта пацвярджае. Наша сістэма аховы здароўя кладзе ў аснову ранняе выяўленне хваробы і пастаноўку дыягназу на генетычным узроўні, а таксама таргетнае (кропкавае) лячэнне дзіцячай анкалогіі. У многіх краінах свету ранняя дыягностыка і лячэнне — вялікая праблема. Для нас такое міжнароднае супрацоўніцтва таксама будзе карысным у пошуках новых метадаў, тэхналогій і алгарытмаў лячэння.

Як адзначыла Вольга Алейнікава, прычына дзіцячага раку — у «паломках» на малекулярным узроўні. Супраць іх выкарыстоўваецца таргетная тэрапія — як прэпараты, якія прымяняюцца даўно, так і новыя, вельмі дарагія:

— Часам яны яшчэ незарэгістраваныя, праходзяць клінічныя выпрабаванні. Але менавіта яны часта вялікі шанц для дзіцяці. І нават такія прэпараты наша дзяржава закупляе індывідуальна.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Вучыцца самім і вучыць суседзяў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.